Агонь горшы за злодзея... Ён не пакідае нават кутоў

Тэма недапушчэння пажараў, бадай, была дамінуючай на сельскім сходзе жыхароў Першамайскага сельсавета, які ў мінулы чацвер адбыўся ў вёсцы Хадзілоні. Узнятая праблема надзвычай актуальная ў апошні час у маштабах усёй рэспублікі. Вось і вялікія выхадныя, звязаныя са святкаваннем Радаўніцы, прынеслі далёка не радасныя весткі. З 22 па 25 красавіка ў Беларусі было зарэгістравана адразу 77 пажараў. Агонь забраў жыцці 16 чалавек! Жудасная трагедыя адбылася ў Крычаве, дзе ў ахопленым полымем доме загінулі адразу шасцёра: гаспадыня-пенсіянерка, яе двое дарослых сыноў і іх госці. Вось чым можа закончыцца п’янае застолле…

izobrazh_047.jpg

Статыстыка сведчыць: большасць тых, хто загінуў пры пажарах, былі нецвярозымі, як правіла, курылі. Намеснік начальніка абласнога ўпраўлення МНС А.Я. Ясеў, які таксама прыехаў на сход да першамайцаў, прааналізаваў сітуацыю з пажарамі, колькасць якіх, на жаль, павялічылася ў параўнанні з мінулым годам. Так, у рэспубліцы з пачатку 2017-га адбылося 1827 вогненных здарэнняў, загінула 205 чалавек, з іх двое дзяцей. Аляксандр Яўгеньевіч заклікаў вяскоўцаў не ігнараваць прыборамі АПА, якія ўратавалі не адно жыццё, быць уважлівымі ў адносінах да дзяцей, вучыць іх бяспецы жыццядзейнасці.
Дарэчы, агітбрыгада першамайскіх школьнікаў у сваім выступленні перад вяскоўцамі мовай танца, мелодыяй песні, пераканаўчым словам даказвала: там, дзе строга захоўваюцца правілы пажарнай бяспекі, будзе лад і спакой.
Старшыня Першамайскага сельвыканкама Н.М. Сідлярэвіч расказала, як на тэрыторыі сельсавета пабудавана прафілактычная работа, пастаянныя рэйды праводзіць аглядавая камісія. Пад асаблівай увагай і апекай тут мнагадзетныя сем’і, людзі пажылыя і адзінокія.


– Вы, першамайцы, малайцы: строга сочыце за выкананнем нашых патрабаванняў, аператыўна ўстараняеце выяўленыя недахопы, – звярнуўся да прысутных у зале начальнік РАНС А.Д. Малюгін. – Як вынік, на тэрыторыі сельсавета летась адбыўся толькі адзін пажар. Яго прычына – парушэнні ў эксплуатацыі печы. Надзвычай важна ўлічваць чужыя памылкі і не дапускаць сваіх. Сёння ў 70% дамоў Першамайскага сельсавета ўстаноўлены АПА, аднак важна, каб гэтыя прыборы ахоўвалі літаральна кожную сям’ю. 
На сходзе гаварылася аб небяспецы палаў сухой травы і ўвогуле тых выкліках, што тоіць у сабе пажаранебяспечны перыяд, тым больш, што на гэтай тэрыторыі нямала тарфянікаў.


Дыялог з вяскоўцамі працягвалі прадстаўнікі Энерганагляду і службы газазабеспячэння С.А. Куроўскі і Г.Г. Шырокая: у іх таксама нямала рэкамендацый і перасцярог. Шматлікія парады далі прысутным, а таксама прааналізавалі крымінагенную сітуацыю ўчастковы інспектар міліцыі Ю.А. Юдакоў і старшы дзяржінспектар ДАІ А.Г. Шэршань.
Вынікі размовы падвёў старшыня Шчучынскага раённага Савета дэпутатаў І.Ю. Сакалоўскі. Івана Юльянавіча трывожыць, што на фоне зніжэння агульнай злачыннасці па раёне ў Першамайскім сельсавеце працэнт злачыннасці «падскочыў». Не сакрэт, што асноўная прычына звязана з … алкагалізацыяй насельніцтва. А з такім сацыяльным бедствам трэба змагацца грамадою, не быць раўнадушнымі, непрымірыма тэлефанаваць на «гарачую лінію», калі па суседстве гандлююць сурагатам або гоняць самагонку.
Жыхары сельсавета, карыстаючыся выпадкам, актыўна задавалі пытанні прадстаўнікам раённых службаў, агучвалі тое, што хвалюе, прасілі заасфальтаваць участак дарогі да бальніцы. Размова на сельскім сходзе атрымалася шчырай, адкрытай і канструктыўнай.
Таццяна СТУПАКЕВІЧ.
Фота аўтара. 

 
Подписывайтесь на нас в Telegram и Viber!