Аграрыі Шчучыншчыны больш чым у сем разоў павялічылі пасевы сланечніку

Аграрыі Шчучыншчыны
больш чым у сем разоў павялічылі пасевы сланечніку, прычым пасеялі гэтую культуру разам з кукурузай палосамі – так званым кулісным спосабам.

 

 

Такая тэхналогія дазваляе атрымаць гатовую сумесь з заданым утрыманнем абодвух кампанентаў і тым самым павялічыць падчас нарыхтоўкі пратэінавую пажыўнасць сіласу.

 

– Кулісны спосаб выдатна зарэкамендаваў сябе, – зазначае начальнік аддзела раслінаводства і механізацыі ўпраўлення сельскай гаспадаркі і харчавання райвыканкама Андрэй Віктаравіч Клімовіч. – Падчас сяўбы выкарыстоўвалі сіласныя гібрыды кармавога сланечніку. Яго дабаўленне ў сілас значна паляпшае пажыўныя ўласцівасці корму і дазваляе павысіць тлустасць малака і сутачныя надоі.

 

Адной з прычын пашырэння пасеваў сланечніку ў гаспадарках Шчучыншчыны з’яўляецца яго засухаўстойлівасць, што ў апошнія гады вельмі актуальна. Да ўсяго атрыманыя ў працэсе парапрацоўкі алей і бялковы жмых дазваляюць адмовіцца ад набыцця дарагіх соевых аналагаў.

 

– Летась мы ў якасці эксперымента засеялі сланечнікам 30 гектараў і атрымалі з кожнага 40-50 цэнтнераў зерня, – гаворыць Андрэй Віктаравіч Клімовіч. – Рэнтабельнасць гэтай культуры аказалася меншай, чым у рапсу, таму сёлета вырашылі значна пашырыць плошчы і засеялі “кветкай сонца” 230 гектараў. Па гэтым паказчыку мы лідзіруем у вобласці.

 

Вырошчваннем сланечніку займаюцца ў ААТ “Дэмбрава” і “Васілішкі”. Мясцовыя аграрыі ўжо правялі неабходную хімпраполку пасеваў і хутка пачнуць падкормліваць усходы азотнымі ўгнаеннямі, каб стымуляваць рост раслін. У вышэйназваных гаспадарках ёсць свае лініі па перапрацоўцы алейных культур, дзякуючы чаму тут атрымліваюць алей і жмых. Яшчэ адна лінія хутка запрацуе ў СВУ “Пратасаўшчына”. У наступным годзе аналагічнае абсталяванне плануюць набыць у ААТ “АграГЖС”.

 

– У сельгаспрадпрыемствах раёна планамерна расце колькасць буйной рагатай жывёлы, таму у будучым мы працягнем павялічваць пасевы сланечніку, каб максімальна знізіць імпарт бялку, – заключае Андрэй Віктаравіч. – Зразумела, цалкам замяніць соевы шрот сланечным жмыхам нельга з-за розніцы ў складзе, аднак яго выкарыстанне дазволіць значна паменшыць выдаткі гаспадарак Шчучыншчыны на бялковую сыравіну.

Аляксандр КАСПЯРЧУК.

 
Подписывайтесь на нас в Telegram и Viber!