Бронзавае завяршэнне сезона. Шчучынскія футбалісты перамаглі “ФСК Гродзенскі” са Скідзеля і сталі бронзавымі прызёрамі чэмпіянату Гродзенскай вобласці па міні-футболе сезона 2022/23

На гэтых выхадных прайшлі заключныя матчы чэмпіянату Гродзенскай вобласці па міні-футболе. Нагадаем, што за золата турніру ў гэтым годзе змагаліся каманды “Фарсаж” са Слоніма і “Іўе”. У матчах за трэцяе месца мацнейшага выяўлялі футбалісты з МФК “ФСК Шчучын” і “ФСК Гродзенскі” са Скідзеля. Падрабязней спынімся на гульнях апошняй пары.

 

Да матчаў за трэцяе месца шчучынцы і скідзельцы два разы сустракаліся на полі ў рамках групавога этапу. Тады па выніках двух матчаў мацнейшым быў менавіта шчучынскі клуб, які ў гасцях перамог саперніка, а на хатняй пляцоўцы згуляў унічыю. Таму, безумоўна, фаварытам гэтай пары для ўсіх нейтральных заўзятараў лічыўся “Шчучын”.

 

 

Першы матч бронзавага супрацьстаяння прайшоў у Скідзелі. Гаспадары пляцоўкі пачалі гульню даволі вынікова і да 17-й хвіліны першага тайма вялі 2:0. На 22-й хвіліне сустрэчы адставанне “Шчучына” скараціў Аляксей Піліпчык (2:1), аднак хутка скідзельцы забілі яшчэ адзін мяч (3:1). Такі непрыемны лік на старце гульні не выключыў шчучынскую каманду з барацьбы, і да перапынку госці змаглі зраўняць лічбы на табло, дзякуючы дублю Віталя Новіка. Першы тайм скончыўся даволі выніковай перастрэлкай з лікам 3:3. У другой палове сустрэчы каманды галоў не забілі, таму матч так і скончыўся баявой нічыёй. Такім чынам, лёс супрацьстаяння мусіў вырашацца ў другім матчы ўжо на шчучынскай пляцоўцы.

 

 

У суботу на трыбунах спартыўнага комплексу па вуліцы Авіятараў было шматлюдна. Шчучынцы прыйшлі падтрымаць каманду ў галоўным матчы сезона. Скідзельскі фансектар таксама прысутнічаў на гульні і не пакінуў гасцей без падтрымкі.

 

Матч за трэцяе месца пачаўся з упэўненай гульні гаспадароў. “Шчучын” з першых хвілін захапіў ініцыятыву і прымусіў гуляць скідзельцаў другім нумарам. Пры такой сітуацыі было зразумела, што доўга чакаць галоў не прыйдзецца. На 11-й хвіліне шчучынцы выйшлі наперад, мяч у вароты “ФСК Гродзенскі” забіў Аляксандар Кірылаў. Праз некалькі хвілін перавага гаспадароў падвоілася, гэтым разам мячом адзначыўся Аляксей Піліпчык (2:0). Пасля другога гола гульня пачала выроўнівацца і госці ўсё часцей сталі атакаваць вароты шчучынцаў. Такія актыўныя дзеянні далі вынік: і на 28-й хвіліне госці змаглі забіць. Такім чынам, пасля першага тайма лік у гульні быў 2:1 на карысць “Шчучына”.

 

 

У другой палове сустрэчы шчучынцы працягнулі імклівыя атакі на вароты саперніка. Аднак, трэба адзначыць, што футбалісты “ФСК Гродзенскі” хоць атакавалі менш, але мелі некалькі перспектыўных момантаў каля варот гаспадароў. Між тым, шчучынская абарона гуляла надзейна, а гульцы атакі павялічвалі галявы адрыў. На 46-й хвіліне, прыгожым ударам галавой з вострага вугла, мяч забіў Аляксей Канавалаў, а крыху менш чым праз дзесяць хвілін поспех аднаклубніка паўтарыў Арцём Байгот. Лік на табло стаў 4:1, з такім запасам “Шчучын” камфортна адчуваў сябе ў канцоўцы гульні, чаго не скажаш пра гасцей. Разумеючы цяжкасць свайго становішча, скідзельская каманда накіравала ўсе свае рэсурсы на атаку. Апошнія 15 хвілін сустрэчы варатар “ФСК Гродзенскі” падрымліваў атакі сваёй каманды і некалькі разоў спрабаваў перайграць свайго шчучынскага калегу. За тры хвіліны да канца сустрэчы госці змаглі забіць, але гэтага было недастаткова для таго, каб перамагчы ў матчы.

 

 

Такім чынам, з лікам 4:2 “ФСК Шчучын” перамог “ФСК Гродзенскі” і стаў бронзавым прызёрам чэмпіянату Гродзенскай вобласці па міні-футболе сезона 2022/23. Віншуем шчучынскую каманду з медалямі і дзякуем за гульню суседзям са Скідзеля.

 

 

Што тычыцца супрацьстаяння за залатыя медалі турніру, то пераможцам з яго выйшаў слонімскі “Фарсаж”, які і стаў чэмпіёнам гэтага года. Другое месца заняла дружына з Іўя.

 

Падсумаваў вынікі матча і сезона галоўны трэнер МФК “ФСК Шчучын” Дзмітрый Кірылаў:

 

– Эмоцыі ад сённяшняга матча станоўчыя, згулялі добра. Гэты сезон таксама ацэньваю добра, хацелася  б, канечне, пазмагацца за вышэйшае месца, але як ёсць. Думаю, што гэта каманда здольная на выхад у фінал.  Хачу падзякаваць нашым заўзятарам за падтрымку і камандзе за гульню.

 

 

Алег ШЫШЛОЎСКІ.

Фота аўтара.

 
Подписывайтесь на нас в Telegram и Viber!