Дачнікі чакаюць карэнных змен
Удасканаленне заканадаўства аб садаводчых таварыствах выклікала павышаную цікавасць у Авальнай зале Дома ўрада, дзе дэпутаты, прадстаўнікі больш чым дзесяці міністэрстваў, камітэтаў, абласных і Мінскага гарадскога выканкамаў абмяркоўвалі новаўвядзенні для садаводчых таварыстваў на круглым стале. Гэта мерапрыемства закранула чатыры важныя пытанні: перавод садовых домікаў у жылыя памяшканні, стварэнне на базе таварыстваў населеных пунктаў, прадугледжанне магчымасці аднаасобнага садоўніцтва і справядлівае спагнанне членскіх узносаў.
Калі ўсе захочуць, то можна?
Галоўны спікер круглага стала першы намеснік міністра эканомікі Юрый Чабатар адзначыў, што пытанне актуальнае для многіх грамадзян.
«Вядома, што раней Міністэрства эканомікі выступіла з ініцыятывай праекта ўказа, які быў вынесены на грамадскае абмеркаванне. Праект указа выклікаў вялікую цікавасць у грамадзян да нашых ініцыятыў. У нас амаль пяць тысяч садаводчых таварыстваў і больш за 400 тысяч уладальнікаў зямлі ў іх. А калі ўлічваць сямейнае становішча ўласнікаў, то змены ў садаводчых таварыствах закрануць больш за мільён чалавек. Таму наша ініцыятыва, напрыклад, па пераводзе садовых дамоў у жылыя — вельмі зацікавіла. Асабліва ў прыгарадзе, калі з’явіцца магчымасць пастаянна пражываць і рэгістравацца ў садаводчых таварыствах. Гэта было ўспрынята насельніцтвам станоўча», — сказаў Юрый Чабатар.
Рэальна садовыя таварыствы былі створаны ў 70–80 гадах мінулага стагоддзя. Потым Савецкі Саюз разваліўся, а дачныя домікі будаваліся ўжо па зусім спрошчанай сістэме. Аднак каля буйных гарадоў дачныя паселішчы будаваліся ўжо досыць капітальна і якасна. Сёння ў некаторых аб’яднаннях садаводаў ад 60 да 90 % уласнікаў дач пражываюць у іх круглы год. Там створаны для гэтага ўсе ўмовы.
Але перавод садовых домікаў у жылыя памяшканні патрабуе ад уласнікаў не толькі афармлення дакументаў. Згодна з праектам указа, такі перавод будзе адбывацца на льготных умовах, якія павінен зацвердзіць Савет Міністраў. Аўтаматычна будзе зменена мэтавае прызначэнне зямельнага ўчастка, уладальнік якога застанецца ў таварыстве і будзе абавязаны кампенсаваць выдаткі на інфраструктуру.
Праўда, не ўсюды ўсё так прыгожа нават на паперы. Першы намеснік міністра архітэктуры і будаўніцтва Ігар Касцюкоў адзначыў, што ў большасці выпадкаў забудоўваліся дачныя паселішчы без дэталёвых і генеральных планаў. У масавым парадку парушаліся ўсе магчымыя і немагчымыя нормы: санітарныя, па забеспячэнні праездаў, супрацьпажарных разрываў... Акрамя таго, будынкі павінны адпавядаць прынятым патрабаванням па вышыні, габарытах і планіроўцы пакояў.
На думку эксперта па будаўніцтве, перавод дачнага дома ў жылы можа каштаваць уласнікам грошай, бо дзе-нідзе спатрэбіцца знос платоў, хлявоў і лазняў, якія размешчаны з грубым парушэннем правілаў, якія прад’яўляюцца да жылых дамоў.
Старшыня Пастаяннай камісіі Палаты прадстаўнікоў па эканамічнай палітыцы Леанід Брыч лічыць, што гэта пераадольныя перашкоды. «Так, крыху бянтэжаць некаторыя мінусы і парушэнні будаўнічых і супрацьпажарных норм. Але ў канчатковым выніку не трэба ад гэтага сыходзіць. Можна пад садаводчыя таварыствы ўвесці дадатковыя стандарты або адміністрацыйныя працэдуры. Мы глядзім на вопыт Расіі і Казахстана. Там гэта ёсць», — адзначыў парламентарый. Пры рэалізацыі праекта пэўную выгаду атрымае і дзяржава, і насельніцтва.
Тут не трэба забываць, што жыхары садаводчых таварыстваў плацяць за цеплаэнергарэсурсы як юрыдычная асоба — па сабекошце, а не як простыя жыхары ў гарадах — з выкарыстаннем субсідый. Пры пераводзе домікаў у жылыя памяшканні іх уласнікі будуць плаціць за камунальныя і іншыя паслугі значна менш.
Дзяржава таксама не акажацца ўбаку. Калі легалізуецца сёння пражыванне ў гэтай мясцовасці і садовы домік перавядзецца ў жылы, то кошт яго павялічыцца — і зямлі, і нерухомасці. Гэта дасць інвестыцыйны штуршок. Штуршок развіцця рэгіёнаў. Пачнецца другая масіўная хваля індывідуальнага будаўніцтва.
«Ужо цяпер у нас ёсць садовыя таварыствы, якія ў тры разы большыя найбліжэйшых населеных пунктаў, ды яшчэ з практычна скончанай інфраструктурай. Такія жылыя кварталы атрымаюць сваё імя і ўласны статус», — бачыць перспектыву Леанід Брыч.
Нараджэнне новай «вёскі»
Па словах Юрыя Чабатара, не менш важнае пытанне — магчымасць трансфармацыі садаводчых таварыстваў у населеныя пункты. «Многія пра гэта сёння кажуць. Ёсць зацікаўленасць асобных таварыстваў, каб перайсці або далучыцца да дзеючых населеных пунктаў».
Але грамадскае абмеркаванне відавочна паказала, што гэтая ідэя ўспрымаецца неадназначна. Такія вынікі Юрый Чабатар ацаніў пазітыўна. Ён лічыць, што норма гэтая выключна добраахвотная, з ільготным перыядам дзесяць гадоў, за якія з удзелам мясцовай улады павінны быць створаны неабходная сацыяльная інфраструктура і стандарты. Дзяржаўны камітэт па маёмасці распрацаваў алгарытм стварэння такога населенага пункта. Зараз гэты камітэт паспрабуе рэалізаваць некалькі пілотных праектаў. З шасці стартавых садовых таварыстваў пагадзіліся паўдзельнічаць два.
Астатнія, мяркуючы па ўсім, рэальна ацэньваюць сітуацыю. У садаводаў існуюць рэальныя недахопы з пастаянным электразабеспячэннем. Намеснік міністра энергетыкі Сяргей Раянтовіч заўважыў, што толькі кожнае пятае садаводчае таварыства можа перадаць свае ўнутраныя электрычныя сеткі на абслугоўванне энергазабеспячальным арганізацыям без істотных выдаткаў. Што датычыцца ўнутранай праводкі ў дамах, то яе тэхнічны стан невядомы. Акрамя таго, высокая шчыльнасць забудовы абцяжарыць абслугоўванне сетак.
Ёсць пытанні, на якія адказаў пакуль няма
Першай такой праблемай аказалася пытанне выхаду грамадзян з садаводчага таварыства. Гэта можа стаць яшчэ адной падставай для зваротаў у суды, лічаць эксперты. А калі тых, хто жадае гаспадарыць аднаасобна, будзе больш чым 50 % ад агульнай колькасці, то ўзнікне пагроза існаванню самога таварыства агародніцтва.
І яшчэ. Зараз у таварыства ёсць норма, паводле якой адзін удзельнік плаціць пэўную суму ўзносаў, не зважаючы на плошчу ўчастка альбо на колькасць зямельных участкаў. Дык вось, прапануецца даць магчымасць браць узносы з членаў садаводчага таварыства ў залежнасці ад колькасці ўчасткаў альбо іх плошчы. Зацвердзіць такое рашэнне дачнікі змогуць дзвюма трацінамі галасоў тых, хто ўдзельнічаў у галасаванні. Справядліва.
Каб не сядзець потым каля разбітых начовак
Намеснік старшыні Палаты прадстаўнікоў Валерый Міцкевіч адзначыў, што аналіз паведамленняў, якія былі пакінутыя падчас грамадскага абмеркавання праекта ўказа «Аб садаводчых таварыствах», што прайшло на прававым форуме pravo.by, сведчыць аб падтрымцы гэтай ініцыятывы. У шэрагу СМІ яе ўжо паспелі назваць рэвалюцыйнай. Няма сумневаў, што і праца па яе практычнай рэалізацыі будзе мець адпаведны маштаб. Запуск гэтых механізмаў неабходны. Ён дазволіць даць імпульс якаснаму развіццю садаводчых таварыстваў, будзе спрыяць абароне і рэалізацыі законных правоў і інтарэсаў грамадзян, мадэрнізацыі існуючага парадку карыстання і распараджэння імі сваёй уласнасцю, а таксама развіццю сельскіх тэрыторый.
Як дадаў Леанід Брыч, круглы стол — магчымасць пачуць меркаванні ўсіх зацікаўленых бакоў.
«Запрошаны былі, у тым ліку, старшыні больш буйных садаводчых таварыстваў, каб у канчатковым выніку можна было паставіць нейкую кропку і вызначыцца, наколькі сёння важныя гэтыя моманты. Сёння мы хочам гэтымі навацыямі даць імпульс змене ў заканадаўстве аб дзейнасці садаводчых таварыстваў. Гэтыя змены не вырашаць карэнныя пытанні: досыць вялікі пласт іх у правядзенні сходаў, выплаце членскіх узносаў, ва ўпраўленні садаводчым таварыствам. Усе гэтыя моманты будзем старацца адрэгуляваць у наступных нарматыўных дакументах», — адзначыў парламентарый.