Гукі аргана льюцца праз стагоддзі

Усе набажэнствы ў касцёле Святой Тэрэзы ў г. Шчучыне праходзяць пад чароўныя гукі аргана. Прыгожыя і таямнічыя пералівы нікога не пакідаюць раўнадушным. Здаецца, гэты велічны духавы інструмент стаяў тут з самага пачатку ўзвядзення храма. Аднак гэта не так: у яго былі яшчэ два старэйшыя браты.

– Першы арган фірмы “Blomberg” касцёлу падарыў яго фундатар – князь Францішак Ксаверый Друцкі-Любецкі, – гаворыць арганістка касцёла Людміла Аляксандраўна Казлова. – Ён быў механічны і налічваў 11 галасоў. Каб прывесці інструмент у дзеянне, неабходны быў не толькі музыкант, але і калькант – чалавек, які ўручную накачваў спецыяльны мех, падобны да тых, што ставяць у кузнях. Такім чынам паветра паступала ў медныя трубы рознай вышыні, дзе і фарміраваўся гук. 

 
Як сведчыць “Хроніка парафіяльная”, гэты арган прастаяў у касцёле Святой Тэрэзы ў Шчучыне да 1903 года, а потым яго перавезлі ў Лядск. У той жа час жонка генерала Быхаўцова, якая жыла ў Шчучыне, набыла ў Варшаве за 3 тысячы рублёў (велізарная на той час сума) новы механічны арган на 15 галасоў. Менавіта пад яго акампанемент і праводзіліся набажэнствы ў шчучынскім касцёле да 1969 года, пакуль храм не быў зачынены. На жаль, часы атэістычнай прапаганды арган не перажыў і быў разабраны на запчасткі.
– У пачатку 90-х падчас “перабудовы” наш касцёл ізноў пачаў дзейнічаць, і амаль адразу сюды былі запрошаны з Вільнюса літоўскі музычны майстар Пётр Тэрмён з сынам, – расказвае Л.А. Казлова. – Менавіта яны і сабралі “з нуля” новы арган на 15 галасоў, гук якога вы сёння можаце пачуць падчас набажэнстваў. У 2015 годзе гэты інструмент прайшоў генеральную рэстаўрацыю і быў пераведзены на электрычную “цягу”: цяпер мех, які забяспечвае трубы паветрам, аўтаматычна накачваецца спецыяльным рухавіком з вентылятарам, некаторыя іншыя асабліва энергаёмістыя працэсы таксама “электрыфікаваны”. Аднак у аснове гэта ўсё той жа арган ручной работы са сваім непаўторным гукам.


Скарыстаўшыся магчымасцю, мы пап­ра­сі­лі Людмілу Аляксандраўну  сыграць нам. Як толькі яна села за мануал і націснула на кла­вішы – арган ажыў і па храме “палілася” чаруючая мелодыя. Палітра гукаў была настолькі багатай, што здавалася, быццам перад намі іг­рае цэлы сімфанічны аркестр.
– Сапраўды, арган здольны імітаваць розныя музычныя інструменты: флейту, кларнет, габой і іншыя, – зазначае Л.А. Казлова. – Каб атрымаць той ці іншы гук, выкарыстоўваю дзве ручныя і адну нажную клавіятуры. Па адукацыі я піяністка, таму лёгка прыстасавалася да такой “здвоенай” манеры выканання. І па сённяшні дзень я не перастаю ўдасканальваць сваё майстэрства, адкрываць для сябе штосьці новае. Так, будучы ў Гродзенскім кафедральным саборы Святога Францыска Ксаверыя, з задавальненнем памузыцыравала на аўтэнтычным аргане, які там стаіць. Гэта было незабыўна: старадаўні інструмент гучаў шыкоўна!
Нягледзячы на паўсюднае рас­паў­сюдж­ванне лічбавых тэхналогій, у многіх каталіцкіх храмах Шчучыншчыны таксама захаваліся арганы з векавой гісторыяй. Аб іх мы абавязкова раскажам нашым чытачам на старонках “Дзянніцы”.
Аляксандр КАСПЯРЧУК.
Фота аўтара.

 
Подписывайтесь на нас в Telegram и Viber!