Какими были будни партизанских отрядов в годы Великой Отечественной войны

 

Гераічнае мінулае беларусаў немагчыма ўявіць без упартай, самаадданай і мужнай барацьбы, якая разгарнулася пад носам у акупантаў. Лясная армія дзейнічала паўсюль — ад Брэста да Віцебска, ад Гродна да Гомеля. Пра подзвігі народных мсціўцаў кожны школьнік ведае з урокаў гісторыі. А вось пра тое, у якіх умовах даводзілася жыць партызанам — што яны елі, як апраналіся і дзе жылі, у падручніках не пішуць. Гэтыя ды іншыя падрабязнасці карэспандэнт «НГ» высвятляла ў мемарыяльным комплексе партызанскай славы «Хаваншчына». 

 

Без сувязі, святла і вады

 

Сёння маладыя людзі з нагоды і без падкрэсліваюць: мы нашчадкі партызан. Аднак хто такія партызаны? Уяўленне малюе стэрэатыпны вобраз брутальных барадатых мужчын у кажухах і адважных падлеткаў у па-заліхвацку ссунутай набок шапцы-аблавушцы з вінтоўкамі. Эфектна, але партызанскае жыццё з большага было зусім не такім кінематаграфічным. 

Штогод у апошнія выхадныя мая ва ўрочышчы Хаваншчына ў Івацэвіцкім раёне калектыў мясцовага гісторыка-краязнаўчага музея ладзіць рэканструкцыю побыту партызанскага жыцця. Дзясяткі аматараў ваеннай гісторыі з розных куткоў Беларусі з’язджаюцца на востраў сярод топкіх непраходных балот, каб хоць крыху зразумець, як жылося народным мсціўцам у лясной глушы. 

— Хаваншчына — месца знакавае. Менавіта тут базіраваўся штаб Брэсцкага партызанскага злучэння, абкам камсамола, санчасць і нават лясная школа. Карацей кажучы, гэта быў паўнавартасны партызанскі гарадок на востраве, трапіць на які можна было толькі па доўгай тоненькай кладцы. Ды і тая знахо­дзілася пад вадой: не ведаеш — не пройдзеш і проста патонеш у цягучай багне, — расказвае дырэктар музея Раіса Горбач.

У наш час на востраў вя­дзе высокі масток (бадай, гэта адзі­ная прыкмета цывілізацыі). У астатнім Хаваншчына захавала партызанскі дух. Тут і там выглядваюць зямлянкі, ёсць некалькі невысокіх заімшэлых будынкаў, збітых з чэсанага бруса. Ні святла, ні вады, ні сувязі з «вялікай зямлёй». У такіх умовах людзі жылі гадамі. 

А мяне сюды закінуў лёс на некалькі дзён. Прычым поўнасцю акунулася ў атмасферу партызанскага побыту: спаць давялося на дошках з ватнікам пад галавой, а лёгкія красоўкі і ўтульную кофту змяніла на цяжкія кірзавыя боты і старэнькую дзіравую гімнасцёрку з чужога пляча. Рамантычны позірк на ізумрудны лясны гушчар у першыя ж хвіліны замяніла жорсткая рэальнасць: камары на балоце гатовы з’есці цябе цалкам. Але дзякуй, што не давялося сутыкнуцца з іншай жыўнасцю: сапраўдных партызан на балоце заядалі яшчэ і вошы, пазбавіцца ад якіх ва ўмовах без чыстай вады было амаль немагчыма. 

 

Асобная тэма — кухня партызан. Рэканструктары, што прыязджаюць сюды на «маёўку» не першы год, з лёгкасцю могуць напячы аладак з крапівы ці заварыць гарбаты з мясцовых траў. Напрыклад, брэсцкі стаматолаг Юрый Абрамовіч у Хаваншчыне становіцца старшынёй, які спрытна ўпраўляецца з патэльняй, што шкварчыць салам на вогнішчы. 

Увогуле, у кожнага тут ёсць свая легенда: інжынер становіцца кулямётчыкам, архітэктар — падрыўніком, універсітэцкі выкладчык — радыстам. Ды не ўмоўна, а з веданнем сваёй справы. Рэканструктары — народ дасціпны: яны табе ў дробязях раска­жуць пра падрыў варожых эшалонаў, пакажуць, як управіцца з «мосінкай» ці навучаць правільна ставіць расцяжкі для мін. 

Удзельнікі бярозаўскага клуба «Заходні рубеж» ужо не першы год прыязджа­юць у Хаваншчыну цэлымі сем’ямі. Партызанскі лагер сапраўды быў месцам, куды сыходзілі не толькі адважныя мужчыны, але і іх жонкі з дзеткамі. Дакладна вядома, што ў Хаваншчыне была лясная школа. Вайна вайной, а літаратура ды геаграфія былі па раскладзе!

Мне амплуа мяняць не прыйшлося, паколькі жанчыны-карэс­пандэнты ў партызанскіх атрадах на Беларусі былі даволі частай з’явай. Хаця здабываць навіны ў лесе няпроста. Трэба прызнацца, за некалькі сутак да мяне не дайшло аніводнага паведамлення, не дазваніўся аніводны чалавек, не абнавілася аніводная лента ў сацсетках — смартфон так і не змог злавіць сігнал і аказаўся абсалютна дарэмнай рэччу. 

 

 

Калі гісторыя ажывае

 

Вядома, што рэканструкцыя ладзіцца не толькі для саміх удзельнікаў, але і для гасцей Хаваншчыны, якіх традыцыйна збіраецца не менш за некалькі соцен. І калі ў лесе партызаны, то паблізу абавязкова павінны быць немцы. У пазначаны час атрад народных мсціўцаў прабіраецца з ляснога гушчару бліжэй да ворага, каб нечакана ўдарыць па ім на вачах у вялікай публікі. 

Гучныя стрэлы, кулямётная чарга і нават імітацыя выбухаў гранат — усё, як у кіно, толькі гучней і на адлегласці ў некалькі дзясяткаў метраў ад цябе. Вушы закладвае, дым засцілае вочы, а на твар ляціць пясок. Галавой разумееш, што ўсё гэта тэатралізаванае відовішча, але баішся па-сапраўднаму. Баішся, каб такі жах, як вайна, больш ніколі не паўтарыўся на нашай зямлі. 

 

— Дзеля чаго праводзім рэканструкцыі? Гэта не гульня «ў вайнушку» дарослых мужчын. Хочацца хоць на тысячную долю адчуць сябе на месцы нашых продкаў. І, канешне, аддаць даніну павагі тым, хто вось тут, у Хаваншчыне, аддаў сваё жыццё за тое, каб мы жылі мірна, — падкрэслівае адзін з арганізатараў мерапрыемства Алег Грабеннікаў. — Кожны раз для паказу гледачам выбіраецца сюжэт з рэальнай гісторыі партызанскай барацьбы. Сёлета гэта была так званая Здзітаўская абарона — 3—11 красавіка 1944 года каля вёскі Здзітава Бярозаўскага раёна прайшлі жорсткія сутыкненні партызанскіх брыгад імя Дзяржынскага і «Советская Белоруссия» пры ўдзеле 345-га партызанскага атрада супраць нямецка-фашысцкіх захопнікаў. Такім чынам, рэканструкцыя — гэта не проста забаўляльнае відовішча. Гэта наша гісторыя, якую варта ведаць кожнаму. Гэта наша Перамога, якой варта ганарыцца. 

У ТЭМУ

Мемарыяльны комплекс партызанскай славы «Хаваншчына» быў адкрыты 30 мая 1971 года па ініцыятыве Брэсцкага абласнога Савета ветэранаў. 

Дата невыпадковая: у 1945 годзе былыя падпольшчыкі і партызаны з гэтых мясцін далі абяцанне збірацца на востраве сярод балот, каб успамінаць пра сваё баявое мінулае і аддаваць даніну павагі таварышам, якія тут загінулі. За 76 гадоў традыцыя не перарывалася ні разу, толькі цяпер у Хаваншчыну прыходзяць не партызаны, а іх нашчадкі — дзеці, унукі, праўнукі і нават прапраўнукі.

 

СБ

 
Подписывайтесь на нас в Telegram и Viber!