Калектыў ААТ “Дэмбрава” стаў пераможцам раённага спаборніцтва сярод працоўных калектываў сельгаспрадпрыемстваў Шчучыншчыны

Пяцігодка няспыннага развіцця. Менавіта столькі гадоў запар ААТ “Дэмбрава” пад кіраўніцтвам Аляксандра Тулі становіцца пераможцам раённага спаборніцтва сярод працоўных калектываў сельскагаспадарчых прадпрыемстваў Шчучыншчыны. А сам Аляксандр Віктаравіч у чарговы раз прызнаны лепшым кіраўніком раёна.

 

– У мінулым сезоне мы вырасцілі дастойны ўраджай, – зазначае Аляксандр Туля. – З кожнага гектара ў сярэднім намалацілі 70,1 цэнтнера зерня, а ў 2021 годзе гэты паказчык быў на ўзроўні 57 цэнтнераў. Валавы збор зерня склаў амаль 24 тысячы тон. Такім чынам, не толькі паспяхова выканалі дзяржзаказ, але і цалкам забяспечылі сябе зернефуражом, засыпалі насенны і страхавы фонды.

 

 

Значных поспехаў дабіліся і дэмбраўскія жывёлаводы. На сённяшні дзень у гаспадарцы налічваецца 13013 галоў буйной рагатай жывёлы, з якіх 2624 – гэта дойныя каровы. Каб забяспечыць увесь статак якаснымі кармамі, у сельгаспрадпрыемстве заклалі каля 60 тысяч тон сенажу і зернесенажу, а таксама больш за 62 тысячы тон сіласу і звыш 2 тысяч тон сена. Гэтага хопіць на паўтара года кармлення. На прадпрыемстве ёсць свой камбікормавы завод, які выпускае збалансаваны корм строга па распрацаванай рэцэптуры.

 

– Вялікае падспор’е для нас – свой цэх па перапрацоўцы рапсу, – працягвае Аляксандр Віктаравіч. – Мы адціскаем 300 тон рапсу ў месяц, атрымліваем 100 тон масла і 200 тон макухі. Апошняя дазваляе забяспечыць у кармах баланс бялку, які з’яўляецца важным складальнікам у рацыёне жывёлы і станоўча ўплывае на надоі. Летась ад кожнай рагулі надаілі 8887 кілаграмаў малака, што на 302 кілаграмы больш, чым у 2021 годзе. Штодзень доім 64 тоны малака, на перапрацоўку ідзе 61 тона, з якіх 99,7% здаем сортам “Экстра” на Шчучынскі філіял ААТ “Малочны Мір”. Пры базавай норме ўтрымання тлушчу 3,6% у нас гэты паказчык складае 3,85%.

 

На сённяшні дзень сярэднясутачны надой у сельгаспрадпрыемстве складае 24,4 кілаграма малака, а на перадавой малочнатаварнай ферме “Дэмбрава-777” гэты паказчык увогуле дасягнуў 27,2 кілаграма. На гэтым вытворчым аб’екце ад адной рагулі летась жывёлаводы атрымалі 10674 кілаграмы малака.

 

– Растуць вытворчыя паказчыкі і ў мясной галіне, а наш комплекс па адкорме БРЖ “Стараўшчына” заслужана лічыцца адным з перадавых аналагічных аб’ектаў Гродзеншчыны, – зазначае Аляксандр Туля. – Тут утрымліваецца 5500 быкоў галшцінскай пароды, а сярэднясутачная прывага складае 970 грамаў. На фермах “Ляцэвічы” і “Амбілеўцы” разводзім быкоў мясных парод – лімузінаў і герыфордаў. Гэты статак у нас налічвае 780 галоў, з якіх 270 – гэта коровы, 280 – быкі, а астатнія – маладняк. Мясны напрамак вельмі перспектыўны: лімузіны і герыфорды прыбаўляюць у вазе да 1200 грамаў у суткі, на месяц-паўтара хутчэй вырастаюць да нормы здачы, а рэнтабельнасць мармурнага мяса дасягае 15%, у той час калі на галшцінах гэты паказчык складае 9%. Таму штогод мы плануем павялічваць статак лімузінаў і герыфордаў на 60-70 галоў. Усяго ў мінулым годзе рэалізавалі 3082 тоны буйной рагатай жывёлы, а выручка склала 12,9 мільёна рублёў.

 

 

У ААТ “Дэмбрава” вялікую ўвагу надаюць умацаванню машынна-трактарнага парка. Штогод тут абнаўляюць 6-8% сельскагаспадарчай тэхнікі. Сёлета, да прыкладу, закупілі два энерганасычаныя трактары МТЗ-3022, самаходны змешвальнік кармоў і розныя агрэгаты. Хутка вясна пакліча аграрыяў у поле, і ўсе навінкі будуць як след абкатаныя.

 

У гаспадарцы працуюць 74 механізатары, у распараджэнні якіх для правядзення розных відаў сельскагаспадарчых работ ёсць 70 трактароў, 12 пагрузчыкаў, а таксама 3 кормаўборачныя і 12 зернеўборачных камбайнаў. Уся тэхніка абслужана і знаходзіцца ў баявой гатоўнасці.

 

У ААТ “Дэмбрава” актыўна вядзецца будоўля. Летась тут узвялі цялятнік на 200 галоў на малочна-таварнай ферме “Рыча” і навес на 180 галоў на комплексе па адкорме буйной рагатай жывёлы “Стараўшчына”. Сёлета ў сельгаспрадпрыемстве плануюць пабудаваць склад для захоўвання насеннага зерня змяшчальнасцю 1000 тон і цялятнік на 250 галоў на МТФ “Мураўёўка”.

 

 

– Галоўнае багацце – гэта людзі, – перакананы Аляксандр Віктаравіч. – Без кваліфікаваных спецыялістаў, сапраўдных прафесіяналаў немагчыма дабіцца высокіх вытворчых паказчыкаў. Наш дружны калектыў налічвае 390 работнікаў. Тут кожны знаходзіцца на сваім месцы і адказна ставіцца да выканання прафесійных абавязкаў. З такімі кадрамі можна вырашаць нават самыя складаныя задачы, таму яны на вагу золата. Гаспадарка, у сваю чаргу, гарантуе дайстойную заработную плату і важкі сацыяльны пакет. Вось такі ўзаемавыгадны сімбіёз.

 

Аляксандр КАСПЯРЧУК.
Фота аўтара.

 
Подписывайтесь на нас в Telegram и Viber!