Косяць хутка, нарыхтоўваюць якасна

У ААТ “Дэмбрава” першы ўкос паступова набліжаецца да завяршэння. Па даных на 13 чэрвеня, у гаспадарцы ўжо абкошана 2245 га траў, што складае 69% да плана.

З сямі гадзін раніцы і да позняга вечара працуе ў полі механізатар В.С. Богдан: на айчынным камбайне “Палессе” падбірае падвяленую траву – да 400 тон у дзень. 
– Няўстойлівае надвор’е ўносіць свае карэктывы ў ход касавіцы, аднак мы выкарыстоўваем кожную пагодлівую хвіліну, каб скасіць травы ў аптымальныя тэрміны, – гаворыць Вацлаў Станіслававіч. – Тэхніка не падводзіць. Безумоўна, дробныя паломкі здараюцца, але ўсе яны аператыўна выпраўляюцца прама ў полі. На камбайне “Палессе” падбіраць падвяленую траву камфортна: ён просты ў кіраванні, да таго ж у кабіне ўсталяваны кандыцыянер. 


Побач з Вацлавам Станіслававічам у полі працуе трактарыст Юрый Іванавіч Чашчэвік, які адвозіць зялёную масу да сянажных траншэй.

– Сёлета мне даверылі новы трактар “Беларус-1221” з 15-тонным прычэпам, – зазначае Ю. І. Чашчэвік. – На ім за працоўную змену “накручваю” прыкладна 200 кіламетраў, перавожу каля 100 тон падвяленай зялёнай масы.
Усяго ж на касавіцы ў ААТ “Дэмбрава” задзейнічаны 4 касілкі, столькі ж камбайнаў-здрабняльнікаў, 4 МАЗы і 10 трактараў з прычэпамі. Штодзень дэмбраўскія аграрыі скошваюць каля 150 га траў, закладваюць у траншэі да 1200 тон сенажу. Дарэчы, трамбоўка кармоў у гаспадарцы ідзе кругласутачна.
– У звязцы з механізатарам Аляксандрам Пятровічам Ліцінскім мы трамбуем сянаж амаль увесь светлавы дзень, а ноччу нас падмяняе механізатар Уладзіслаў Іосіфавіч Семянчук, – зазначае вадзіцель “Амкадора” Уладзімір Аркадзьевіч Астапенка. – Харчуемся тут жа, ля сваіх “жалезных волатаў”. За абед і падвячорак плацім усяго 30% ад іх рэальнага кошту, астатнія выдаткі бярэ на сябе гаспадарка. 
Галоўнага агранома ААТ “Дэмбрава” Д.С. Скарба ў гэтыя гарачыя для аграрыяў дні не ўбачыш у кабінеце: ён то замярае ў полі ўтрыманне вільгаці ў свежаскошанай траве, то кантралюе якасць закладкі кармоў.


– Пасля далучэння да нашага сельгаспрадпрыемства зямель Шчучынскай птушкафабрыкі рабо­ты значна прыбавілася, – дзеліцца Дзмітрый Станіслававіч. – Сёлета неабходна абкасіць 3236 га траў. Першым укосам плануем залажыць 60-65% ад неабходных гаспадарцы кармоў. 2,3 тысячы тон сенажу запакуем у плёнку: пры такой тэхналогіі корм захоўвае ўсе карысныя рэчывы і застаецца свежым нават зімой. Калі надвор’е не ўнясе свае карэктывы, завершым першы ўкос траў да 20 чэрвеня.
Аляксандр КАСПЯРЧУК. Фота аўтара.

 
Подписывайтесь на нас в Telegram и Viber!