Лекавыя травы – крыніца эканамічнай стабільнасці

Саўгас “Вялікае Мажэйкава” – адзіная гаспадарка ў рэспуб­ліцы, якая спецыялізуецца на вырошчванні лекавых траў. Прыбытак ад рэалізацыі лекпрадукцыі тут складае 30 % ад усёй валавой вытворчасці сельгаспрадпрыемства.

– Пад лекавыя расліны разам з рассаднікамі сёлета мы адвялі 460 гектараў, – гаворыць галоўны аграном саўгаса “Вялікае Мажэйкава” Г.М. Каляда. – Пасеялі 300 га рамонку, 40 га сардэчніку, 25 га растаропшы, 18 га валяр’яну і 15 га календулы. Вырашчаны ўраджай парадаваў: пасля дапрацоўкі на сушыльным комплексе атрымалі 219 тон лексыравіны ў сухім выглядзе.
Такіх высокіх паказчыкаў немагчыма было б дабіцца без строгага выканання техналогій. І мажэйкаўскія аграрыі дастойна вытрымалі экзамен на прафмайстэрства і прадэманстравалі высокі ўзровень культуры земляробства. 
– Перад сяўбой мы дэталёва прапрацавалі ўсю схему севазвароту і падабралі аптымальныя плошчы для кожнай культуры, – падкрэслівае Генадзій Міхайлавіч. – Своечасова правялі хімпраполку раслін, каб знішчыць пустазелле. Дарэчы, апрацоўка аднаго гектара гербіцыдамі каштуе прыкладна 30 долараў. Затраты немалыя, але яно таго каштуе: толькі так можна вырасціць дастойны ўраджай.
Большасць лекавых траў у саўгасе “Вялікае Мажэйкава” ўбіраюць механі­заваным спосабам пры дапамозе спецыяльных агрэгатаў. А вось для ручнога збору кветак наготак гаспадарка наймае сезонных работнікаў. 
– Найбольш працаёмкай культурай для вырошчвання быў і застаецца валяр’ян, – зазначае Г.М. Каляда. – Звычайна людзі бяруць у нас у карыстанне 10-15 сотак. Яны ўручную садзяць валяр’ян, полюць яго чатыры разы, а калі прыходзіць час – убіраюць: абразаюць бацвінне, абтрасаюць карэнні ад зямлі і прамываюць іх. Сабраны ўраджай перадаюць нам на прасушку. Такая цяжкая праца не кожнаму па плячы. Таму, каб стымуляваць ініцыятыву, акрамя аплаты мы выдаём работнікам за кожную зданую тону лексыравіны па 15 кілаграмаў мукі, столькі ж цукру, а таксама 140 кілаграмаў фуражнага зерня. 
Генадзій Міхайлавіч прызнаўся, што апошнія дзесяць гадоў пасевы валяр’яну ў саўгасе “Вялікае Мажэйкава” істотна паменшыліся і цяпер не перавышаюць 18 гектараў. Але кіраўніцтва гаспадаркі зацікаўлена ў нарошчванні вытворчых аб’ёмаў і гатова падтрымаць ініцыятыўных людзей, зацікаўленых у вырошчванні гэтай перспектыўнай лекавай культуры. 
Аляксандр КАСПЯРЧУК.
Фота аўтара. 

 
Подписывайтесь на нас в Telegram и Viber!