Лепшыя сельскія футбалісты – на Шчучыншчыне! На абноўленым гарадскім стадыёне “Алімп” прайшлі спаборніцтвы па футболе “Залаты колас”

 

Пасля рэканструкцыі шчучынскі прыгажун-стадыён “Алімп” ужо паспеў прыняць першыя сур’ёзныя спаборніцтвы. Апрабаваць новы штучны газон спарткомплекса змаглі ўдзельнікі фінальных спаборніцтваў па футболе ў праграме спартакіяды “Залаты колас” сярод сельскіх жыхароў, якія прайшлі ўчора і сёння у нашым райцэнтры.

 

За права лічыцца лепшымі футбалістамі Гродзеншчыны з сельскай прапіскай змагаліся каманды са Шчучынскага, Мастоўскага, Дзятлаўскага і Карэліцкага раёнаў. Спаборніцтвы расцягнуліся на два дні.

 

 

У дзвюх першых гульнях дружына са Шчучынскага раёна ўпэўнена перамагла каманды з суседніх рэгіёнаў. Спачатку была здабыта вікторыя над Мастоўскім раёнам (3:1), яшчэ больш галоў нашы змаглі забіць у вароты футбалістаў з Дзятлаўшчыны (4:1).

 

Да апошняга матчу абласнога першынства каманда са Шчучыншчыны падыходзіла з шасцю ачкамі, такую ж колькасць турнірных балаў меў калектыў з Карэліччыны. Таму лёс спаборніцтваў мусіў вырашацца ў асабістым супрацьстаянні сапернікаў. Аднак хутка высветлілася, што каманда з Карэліцкага раёна парушыла рэгламент турніру і заявіла ў свой склад трох гульцоў, якія не мелі права браць удзел у спаборніцтвах. У сувязі з гэтым вынікі матчаў былі перагледжаны, а карэліцкай камандзе прысуджаны тэхнічныя паражэнні.

 

 

Такім чынам, пераможцам і ўладальнікам кубка спаборніцтваў па футболе ў праграме абласной спартакіяды стаў калектыў з нашага раёна. Срэбра турніру атрымалі спартсмены з Мастоўшчыны, якія на апошніх секундах зраўнялі лік у матчы з дзятлаўскай зборнай і абышлі іх у турнірнай табліцы па розніцы галоў. Бронза спаборніцтваў дасталася камандзе з Дзятлаўшчыны.

 

 

Віншуем прызёраў і пераможцаў! А таксама жадаем поспеху зборнай Шчучынскага раёна, якая будзе абараняць гонар вобласці на рэспубліканскіх спаборніцтвах па футболе сярод сельскіх жыхароў.

 

 

Алег ШЫШЛОЎСКІ.

Фота аўтара.

 
Подписывайтесь на нас в Telegram и Viber!