Мы не маем права забыць. У Шчучынскім раёне ўшанавалі памяць воінаў-афганцаў

У Шчучыне адбыліся мітынг, прысвечаны 31-й гадавіне вываду савецкіх войскаў з Афганістана, і цырымонія ўскладання кветак у памяць аб загінуўшых пры выкананні інтэрнацыянальнага вайсковага абавязку.

 

Ушанаваць памяць загінуўшых воінаў і яшчэ раз падзякаваць удзельнікам афганскай вайны за мужнасць і гераізм, праяўленыя пры выкананні воінскага абавязку, ля памятнага знака "Салдатам неаб'яўленай вайны" сабраліся воіны-інтэрнацыяналісты, прадстаўнікі раённай улады, ваеннага камісарыята, прадпрыемстваў, арганізацый і ўстаноў, грамадскіх аб'яднанняў і сілавых структур, ветэраны Узброеных Сіл, моладзь.

 

 

 

Словы падзякі за мужнасць і вытрымку, праяўленыя ў гады ваенных выпрабаванняў, за сумленнае выкананне інтэрнацыянальнага абавязку адрасавала воінам-афганцам намеснік старшыні Шчучынскага райвыканкама Алена Пасюта.

 

    

 

-- У неймаверна цяжкіх умовах, на чужой зямлі, удалечыні ад дома, штогадзіны падвяргаючыся смяротнай небяспецы, нашы воіны захавалі вернасць ваеннай прысязе, воінскаму і чалавечаму абавязку. Воіны-інтэрнацыяналісты назаўжды сталі сімвалам адвагі і сілы чалавечага духу. Менавіта яны прымножылі слаўныя традыцыі нашай арміі, умацавалі воінскае баявое братэрства. Мы схіляем голавы перад усімі салдатамі, хто з гонарам прайшоў цяжкімі дарогамі афганскай вайны. Нягледзячы ні на што, вы выжылі, і сёння памятаеце і захоўваеце памяць аб загінуўшых сябрах, падтрымліваеце адзін аднаго як калісьці ў баі. Вашы абпаленыя вайной сэрцы і сёння не ведаюць адпачынку і стомленасці, -- падкрэсліла Алена Васільеўна.

 

 

15 лютага 1989 года апошняя калона савецкіх войскаў перасекла афгана-савецкую мяжу. Менавіта гэты дзень стаў Днём памяці не толькі для тых, хто ваяваў у Афганістане, але і для ўсіх воінаў-інтэрнацыяналістаў, якія ўдзельнічалі ва ўрэгуляванні ваенных канфліктаў на тэрыторыях блізкага і далёкага замежжа.

Вайна ў Афганістане доўжылася 9 гадоў, адзін месяц і 18 дзён. Гераічныя і трагічныя падзеі працягваліся ў два разы больш, чым Вялікая Айчынная, і назаўсёды застануцца ў людской памяці. У першую чаргу таму, што ў час правядзення вайсковых аперацый, дыверсій і абстрэлаў, выканання іншых задач савецкімі часцямі і падраздзяленнямі ў далёкай паўднёвай краіне загінула больш за 15 тысяч чалавек. У ліку загінулых амаль 800 ваеннаслужачых былі ўраджэнцамі Беларусі.

Ёсць у гэтым журботным спісе і шэсць жыхароў нашага раёна: Юрый Астаповіч, Сяргей Мацюк, Дзмітрый Удот, Генрых Хрыптовіч, Юрый Пятроў, Канстанцін Фальковіч… Гэтыя імёны моладзь паўтарае штогод на традыцыйным мітынгу, а ў гэты час з партрэтаў на нас глядзяць сумныя вочы вечна маладых воінаў, якіх у, здавалася б, мірны час забрала вайна. Іх памяць, а таксама памяць усіх, хто аддаў жыццё на афганскай зямлі і сышоў у неўміручасць, ушанавалі хвілінай маўчання. Пакуль жыве наша памяць, жывуць і яны…

 

 

Але, як вядома, салдаты вайну не выбіраюць, з доблесцю і гонарам выконваючы свой абавязак перад Айчынай. Звяртаючыся да ветэранаў баявых дзеянняў у Афганістане, старшыня раённай арганізацыі Беларускага саюза ветэранаў вайны ў Афганістане Артур Місюк падкрэсліў, што 15 лютага - гэта не толькі дзень памяці загінуўшых, але і выказванне глыбокай удзячнасці ўсім, хто вярнуўся дамоў. Гэта дзень, калі ветэраны-афганцы збіраюцца разам, каб успомніць сваю нялёгкую службу, таварышаў па службе, аднапалчан, якія не вярнуліся з поля бою. Гэты дзень святы і для тых, хто ваяваў у Афганістане, і для членаў іх сем'яў. Артур Пятровіч падзякаваў кіраўніцтва Гродзенскай вобласці і Шчучынскага раёна за пастаянную ўвагу і падтрымку воінаў-інтэрнацыяналістаў

 

Шчырыя словы ўдзячнасці воінам-інтэрнацыяналістам прагучалі ад прадстаўнікі працоўнай моладзі – намесніка начальніка РАНС Андрэя Умецкага. Стала добрай традыцыяй, што ў гэты дзень на гэтым памятным месцы маладым людзям, якія ўступілі ў рады Беларускага рэспубліканскага саюза моладзі, уручылі членскія білеты.

 

  

Да памятнага знаку, што стаў бачным сімвалам увасаблення мужнасці, подзвігу, стойкасці, у знак павагі, падзякі і ўдзячнасці ляглі жывыя кветкі.

 

 

Па традыцыі ў гэты дзень кіраўніцтва раёна, прадстаўнікі ваенкамата і воіны-інтэрнацыяналісты наведаюць магілы загінуўшых “афганцаў” і ўскладуць кветкі. Памяць пра воінаў-інтэрнацыяналістаў сапраўды жыве ў сэрцах беларусаў. А значэнне подзвігу, здзейсненага героямі афганскай вайны, з гадамі мы ўсведамляем ўсё глыбей.

 

 

Сяргей КАСПЯРЧУК.

Фота Аляксандра КАСПЕРЧУКА.

 
Подписывайтесь на нас в Telegram и Viber!