Навучэнцы Ражанкаўскай сярэдняй школы і гарадской гімназіі Ангеліна Матавая і Мікіта Хваль сталі лаўрэатамі стыпендыі Гродзенскага абласнога аддзялення грамадскага аб’яднання “Беларускі фонд міру”

 

Лаўрэатамі стыпендыі Гродзенскага абласнога аддзялення грамадскага аб’яднання “Беларускі фонд міру” сталі больш за 50 таленавітых школьнікаў, навучэнцаў і студэнтаў устаноў адукацыі рэгіёна. Адораную моладзь ушаноўвалі ў сераду ў Маладзёжным цэнтры “Гродна”.

 

Сярод удастоеных імянных стыпендый былі і два прадстаўнікі Шчучынскага раёна. Гэта навучэнцы Ражанкаўскай сярэдняй школы і гарадской гімназіі Ангеліна Матавая і Мікіта Хваль.

 

Стыпендыя Гродзенскага абласнога аддзялення Беларускага фонду міру ўручаецца з 2003 года. Яе ўладальнікамі сталі ўжо больш за 2200 школьнікаў, навучэнцаў і студэнтаў навучальных устаноў рэгіёна. Як падкрэсліў старшыня абласной арганізацыі Іван Калбаска, лаўрэаты прэміі таленавітыя ва ўсім.

 

 

– Дзень, калі мы ўручаем стыпендыі адораным рабятам Гродзеншчыны, – заўсёды ўрачысты і разам з тым кранальны і хвалюючы. Узнагароджанне моладзі праходзіць двойчы на год – у студзені і маі. Штогод узнагароджваем 110 рабят. Гэта і пераможцы алімпіяд, творчых конкурсаў, і экскурсаводы школьных музеяў, і валанцёры. Адным словам, сваёй працай маладыя людзі паказваюць, наколькі любяць сваю краіну, сям’ю, школу. Яны – сапраўдныя міратворцы, – адзначыў Іван Калбаска.

 

Аб актыўнасці шчучынцаў сведчаць іх дасягненні. Так, у дзённіку васьмікласніцы Ангеліны Матавой – адны дзявяткі і дзясяткі. Вучаніца ў мінулым годзе заняла першае месца ў абласным этапе ІІІ Рэспубліканскага фестывалю-конкурсу даследчых работ “Нашчадкi традыцый”, 3 месца ў абласным этапе конкурсу відэарэпартажаў “Хвіліна для будучыні”, 1 месца ў раённым этапе алімпіяды па АБЖ. Ангеліна з’яўляецца ўдзельнікам валанцёрскага руху, актывістам пярвічнай арганізацыі ГА “БРПА”. Актыўна займаецца спортам, у складзе каманды школы бярэ ўдзел у раённых спаборніцтвах.

 

Не саступае ў паспяховасці і Мікіта Хваль – у яго сярэдні бал за II чвэрць 2023/2024 навучальнага года склаў 9,57. Хлопец з›яўляецца пастаянным удзельнікам рэспубліканскай алімпіяды па вучэбным прадмеце “Матэматыка”. У 2023 годзе быў залічаны для навучання ў Нацыянальны дзіцячы тэхнапарк. Дзякуючы атрыманым ведам распрацаваў праект “Аэрадынамічная мадэль беспілотнага лятальнага апарата для сельскагаспадарчых патрэб”. Дадзены праект быў удастоены дыплома I ступені абласной навукова-практычнай канферэнцыі “Крыштальная Альфа”. Нікіта стаў пераможцам занальнага этапу рэспубліканскага праекта “100 ідэй для Беларусі” ў г. Ліда. У студзені 2024 года паўторна залічаны ў тэхнапарк па накіраванні “Робататэхніка”, дзе навучаецца цяпер. Таму імянная стыпендыя БФМ яму будзе ўручана пазней.

 

Як адзначыў Іван Калбаска, штогод грамадскім аб›яднаннем арганізоўваецца мноства мерапрыемстваў, накіраваных на падтрымку таленавітай моладзі: “Першы артыкул выдаткаў у Беларускім фондзе міру - падтрымка адораных і таленавітых дзяцей. Стыпендыя нашай грамадскай арганізацыі – добры стымул для далейшай інтэлектуальнай, творчай і грамадскай актыўнасці рабят, іх новых поспехаў і перамог”.

 

Сяргей КАСПЯРЧУК.

 
Подписывайтесь на нас в Telegram и Viber!