Новы твар раённай стаматалогіі. Даведаліся, як адчувае сябе на адказнай пасадзе малады спецыяліст Наталля Сідарэнкава

 

Сёлета ў Шчучынскі раён па размеркаванні прыйшлі 22 сярэднія медыцынскія работнікі, 4 урачы і адзін урач-інтэрн. Сярод іх Наталля Сідарэнкава, якая, нягледзячы на статус маладога спецыяліста, адразу ўзначаліла стаматалагічнае аддзяленне раённай бальніцы.

 

Шлях Наталлі на Шчучыншчыну нельга назваць звычайным. Дзяўчына нарадзілася і вырасла ў Расіі ў невялікім горадзе Нікольск, што знаходзіцца ў Валагодскай вобласці. Калі Наталлі споўнілася 14 гадоў, яе сям’я вырашыла пераехаць жыць у Гродна. У абласным цэнтры будучы стаматолаг з залатым медалём скончыла гімназію № 1 імя Яўхіма Карскага і паспяхова паступіла на стаматалагічны факультэт Беларускага дзяржаўнага медыцынскага ўніверсітэта ў Мінску.

 

– Доктарам я хацела быць яшчэ з дзяцінства, – узгадвае Наталля Сідарэнкава. – У школе мяне сур’ёзна цікавілі такія прадметы, як біялогія і хімія. Таму я толькі вагалася паміж лячэбным і стаматалагічным факультэтамі, у выніку зрабіла выбар на карысць апошняга.

 

Інтэрнатуру малады спецыяліст праходзіла на базе Гродзенскай абласной бальніцы ў стаматалагічнай паліклініцы ў аддзяленні сківічна-тварнай хірургіі, дзе набралася шмат каштоўнага досведу, які быў вельмі патрэбны ў нашым раёне. Справа ў тым, што зараз Наталля з’яўляецца адным з нямногіх у Шчучынскім раёне стаматолагам-хірургам. Каля 80% яе дзейнасці – гэта выдаленне зубоў. Аднак за перыяд працы ў Шчучыне доктар ужо паспела правесці некалькі складаных аперацый.

 

Навыкі і спецыялізацыю Наталлі Сідарэнкавай высока ацаніла кіраўніцтва Шчучынскай ЦРБ, маладой дзяўчыне адразу прапанавалі заняць пасаду загадчыка стаматалагічнага аддзялення. Як прызнаецца малады спецыяліст, спачатку крыху хвалявалася:

 

– Калі мне прапанавалі гэтую пасаду, падрабязна растлумачылі, якія ў мяне будуць абавязкі, і я вырашыла, што трэба паспрабаваць. Да мяне загадчыцай была таксама маладая дзяўчына, калі ў яе атрымалася, то і ў мяне ўсё будзе добра. Вядома, што ў мяне як у маладога спецыяліста пастаянна ўзнікаюць пытанні. Таму часта кансультуюся са старэйшымі калегамі. Напрыклад, падчас інтэрнатуры я пераважна працавала з дарослымі, а ў Шчучыне больш шчыльна прыйшлося заняцца дзіцячай стаматалогіяй. З маленькімі пацыентамі, канечне, больш складана, з імі яшчэ трэба ўмець наладзіць кантакт, угаварыць, супакоіць ці развесяліць. Але за некалькі тыдняў працы я ўжо прызвычаілася.

 

Як адзначае Наталля, умовы працы ў нашым раёне добрыя. Ёсць усё неабходнае для стаматолага абсталяванне, а галоўнае – яна трапіла ў выдатны калектыў. Адміністрацыя ЦРБ заўсёды дапамагае вырашыць пытанні, якія ўзнікаюць на працы і за яе межамі. Зараз дзяўчына толькі пачынае абжывацца ў райцэнтры пасля пераезду з Гродна.

 

– Шчучын маленькі, спакойны і прыемны гарадок, пакуль знаёмлюся з ім. У гэтым мне будзе дапамагаць мой муж. Ён працуе ў Гродне, аднак яго дзейнасць збольшага дыстанцыйная, таму мы вырашылі, што будзем жыць разам тут. Мае бацькі з малодшым братам зараз пераехалі назад у Расію, жывуць у Санкт-Пецярбургу. А я вырашыла застацца ў Беларусі, мне тут вельмі падабаецца. З Беларуссю ў мяне звязаны найважнейшыя моманты жыцця. Тут я скончыла школу і ўніверсітэт, знайшла каханне. Мне тут утульна і спакойна, – падсумоўвае Наталля.

 

Алег ШЫШЛОЎСКІ.
Фота аўтара.

 
Подписывайтесь на нас в Telegram и Viber!