Пачынаецца практычная рэалізацыя праекта трансгранічнага супрацоўніцтва. Дэлегацыя з польскага Шчучына наведвае наш раённы цэнтр

Шчучынскі раён з афіцыйным візітам наведвае дэлегацыя з польскага горада-пабраціма Шчучына на чале з бурмістрам гміны Артурам Кучыньским.

Сфера інтарэсаў польскага боку - рэалізацыя праекта трансгранічнага супрацоўніцтва, перспектыў развіцця ў галіне сацыяльнай і культурнай сфер, адукацыі, спорту і турызму. Менавіта гэтыя напрамкі прапісаны ў двухбаковым пагадненні аб супрацоўніцтве паміж Шчучынскім райвыканкамам і гмінай Шчучын Падляшскага ваяводства. З 27 па 29 сакавіка прадстаўнікі краіны-суседкі будуць знаходзіцца ў нашым рэгіёне.

Сёння ў першай палове дня адбылася сустрэча польскіх прадстаўнікоў з кіраўніцтвам Шчучынскага раёна з удзелам намесніка старшыні райвыканкама Алены Пасюты, начальнікаў службаў і аддзелаў райвыканкама.

Падчас сустрэчы прадстаўнікі гарадоў-партнёраў абмеркавалі пытанні далейшай рэалізацыі сумеснага праекта “Трансгранічныя цэнтры дыялога культур Польшчы, Беларусі і Украіны”. Нагадаем, што выдаткаваныя Еўрасаюзам сродкі ў памеры 2,5 мільёна еўра будуць накіраваны на рэканструкцыю стадыёнаў у нашым раённым цэнтры, польскім Шчучыне і ўкраінскім Ковелі. Шчучынскі раён атрымае амаль 500 тысяч  еўра.

У цэнтры ўвагі былі пытанні стратэгіі будаўніцтва, тэрмінаў правядзення будаўнічых работ і іх заканчэння, фінансавання, арганізацыі супрацоўніцтва на працягу ўсяго перыяду рэалізацыі праекта. Ажыццяўляць праект з кожнага боку будуць каардынатар, бухгалтар і аўдзытар. Было адзначана, што практычная рэалізацыя праекта пачнецца 1 красавіка і завершыцца роўна праз два гады.

У цяперашні час аддзелам адукацыі, спорту і турызма Шчучынскага райвыканкама ажыццяўляюцца тэндарныя таргі па выбарах арганізацыі, якая будзе весці будаўнічыя работы. Дарэчы, у польскім Шчучыне такая работа ўжо праведзена. У выніку ажыццяўлення праекта спартыўныя збудаванні ў партнёрскіх гарадах поўнасцю пераўтворацца і пасля праведзенай рэканструкцыі стануць сучаснымі стадыёнамі.

-- Згодна з распрацаванай праектна-каштарыснай дакументацыяй наш гарадскі стадыён “Алімп” поўнасцю зменіцца, -- расказвае загадчык сектара спорту і турызма аддзела адукацыі, спорту і турызма райвыканкама І.В. Гваздоўскі. -- Будзе абуладкавана прылягаючая тэрыторыя, усталяваны 3200 новых месцаў для гледачоў і спецыяльны навес над трыбунамі, па-новаму будзе выглядаць і ўнутраная частка будынка стадыёна.

Дарэчы, гарадскі стадыён "Алімп" пасля рэканструкцыі стане не толькі спартыўным, але і культурна значным аб'ектам: разам з міжнароднымі спаборніцтвамі тут будуць праходзіць канцэрты творчых калектываў Беларусі, Польшчы і Украіны. Спецыяльна для гэтых мэтаў плануецца набыць вялікую разборную сцэну і магутнае гукавое ўзмацненне агульным коштам 60 тысяч рублёў.

На думку абодвух бакоў, галоўнае ў рэалізацыі трансгранічнага праекта – гэта супрацоўніцтва і сяброўства, якія наладзіліся паміж гарадамі-пабрацімамі. Увогуле рэалізацыя праекта прадугледжвае не толькі правядзенне будаўнічых работ, але абмен дэлегацыямі, правядзенне сумесных спартыўных і культурных мерапрыемстваў.

Бурмістр гміны Шчучын Артур Кучыньскі падкрэсліў, што ў далейшым сяброўскія дзелавыя сувязі паміж нашымі гарадамі працягнуцца. А такое цеснае ўзаемадзеянне будзе спрыяць рэалізацыі ў далейшым новых праектаў, якія накіраваны для людзей і іх камфортнага пражывання.

У рамках візіту шчучынцы арганізавалі для гасцей аглядную экскурсію па горадзе. Прадстаўнікі польскай дэлегацыі пабывалі на стадыёне «Алімп», у Палацы творчасці дзяцей і моладзі, гарадской гімназіі. У планах – азнакамленне з работай новых прадпрыемстваў горада - ТАА “Праймілк” і комплексам па вырошчванні шампіньёнаў.

Сяргей КАСПЯРЧУК.
Фот
а аўтара.

 
Подписывайтесь на нас в Telegram и Viber!