Першая гульня сезона. «Шчучын» і «Нёман-2» згулялі ўнічыю ў першым туры чэмпіянату вобласці па футболе

 

Гэтымі выхаднымі на радасць шчучынскіх аматараў спорту распачаўся сезон вялікага футболу. Сёлета ў чэмпіянаце Гродзенскай вобласці па футболе бяруць удзел 18 каманд, якія падзелены на дзве групы.

 

У групе «Захад» разам з футбольным клубам «Шчучын» згуляюць «Нёман-2» з Гродна, ФСК «Гродзенскі» са Скідзеля, «Бераставіца», «Чайка» з Зэльвы, «Слонім-Сіці», «Свіслач» і ваўкавыская «Змена». У групу «Усход» увайшлі каманды «Факел» з Навагрудка, «Ліда-2», «Астравец», «Воранава», «Іўе», карэліцкі «Буравеснік», «Ашмяны», «Смаргонь-2» і «Дзятлава».

 

У першым туры чэмпіянату наша каманда ФК «Шчучын» праводзіла выязны матч супраць «Нёмана-2», гульня прайшла ў Гродне.

 

У першым тайме каманды абменьваліся атакамі, але доўга не маглі забіць. Першае ўзяцце варот адбылося толькі на 38 хвіліне, калі гульцы гродзенскай каманды змаглі правесці выніковую атаку і павялі 1:0. Шчучынцы без адказу дзеянні свайго саперніка не пакінулі і зраўнялі лік на табло ўжо на 45-й хвіліне сустрэчы. Голам за нашу каманду адзначыўся легіянер Ісаак Першы тайм скончыўся з лікам 1:1.

 

У другой палове сустрэчы каманды таксама актывізаваліся толькі пад канец тайма. Першымі зноў забілі гаспадары, яны адзначыліся ўзяццем варот шчычынцаў на 76 хвіліне і павялі з лікам 2:1. І зноў нашай камандзе прыйшлося паказваць характар і адыгрывацца. За пяць хвілін да канца асноўнага часу гульні эфектную атаку правёў гулец «Шчучына» Арцём Будзеніс. Яму ўдалося праскочыць паміж трыма абаронцамі саперніка, пасля чаго трапным стрэлам быў перайграны варатар «Нёмана-2». Лік на табло зраўняўся 2:2, да канца гульні гэтыя лічбы не змяніліся, сустрэча завяршылася нічыёй.

 

Нагадаем, што сёлета чэмпіянат Гродзенскай вобласці па футболе з'яўляецца рэгіянальным этапам чэмпіянату Рэспублікі Беларусь па футболе сярод мужчынскіх каманд Другой лігі, якая праводзіцца пад эгідай Міністэрства спорту і турызму Рэспублікі Беларусь.

 

Алег ШЫШЛОЎСКІ.

Фота Яна МЫСЛІЎЦА.

 

 
Подписывайтесь на нас в Telegram и Viber!