Плача тоненькі, тоненькі ў сэрцы голас вайны

Сёння ў Беларусі жалобны дзень.  Роўна 76 год таму пачалася самая кровапралітная вайна 20 стагоддзя, якая забрала больш за 27 мільёнаў жыццяў, стала сапраўды вялікім выпрабаваннем для краіны і людзей, прынесла шмат гора і пакут. Чатыры доўгія гады цяжкім ботам таптаў фашыст нашу зямлю...

Дата 22 чэрвеня 1941 года не згубілася ў водбліску пераможнага мая. Бо да гэтага часу ў сэрцах многіх людзей плача тоненькі, тоненькі голас вайны... Штогод у гэты дзень мы нізка схіляем галовы перад подзвігам абаронцаў Айчыны,  успамінаем і смуткуем па тых, хто быў скошаны варожай куляй на фронце, закатаваны ў канцлагерах, загінуў у тыле, памёр ад голаду... Усе гэтыя людзі ахвяравалі сабой дзеля нашай мірнай будучыні, набліжалі Перамогу.

Падзеі таго страшнага дня "ажылі" на жалобным мітынгу "Сэрцы людскія памяццю моцныя", які адбыўся ў Шчучыне ў гарадскім скверы ля магілы воінаў і партызан. Сюды па традыцыі прыйшлі кіраўнікі раёна, ветэраны Узброеных Сіл і працы, моладзь, прадстаўнікі працоўных калектываў і грамадскіх арганізацый, жыхары і госці горада... Ля Вечнага агню мы ўсе тут, як радня...

Больше фото здесь

Ля мікрафона – намеснік старшыні Шчучынскага райвыканкама Ганна Станіславаўна Хвядзюк. Памяць – у сэрцы, журба – ў голасе:

– 76 год аддзяляюць нас ад самага сумнага дня ў нацыянальным календары і пераломнай даты ў гісторыі ўсяго чалавецтва. Раніцай 22 чэрвеня 1941 года без аб'яўлення вайны гітлераўскія войскі парушылі мяжу нашай Радзімы. Вораг абрынуў удар вялізнай сілы. Агрэсар задзейнічаў больш за 5 мільёнаў салдат і афіцэраў, каласальную колькасць танкаў, самалётаў і баявой зброі. Бамбёжкам і артабстрэлу падвергліся не толькі армейскія аб'екты, але і мірнае насельніцтва. Гэта была вайна на знішчэнне...

25 чэрвеня 1941 года вораг акупіраваў тэрыторыю Шчучыншчыны. Гітлераўцы ўстанавілі новы парадак, знішчалі мясцовых жыхароў. Наступствы акупацыйнага рэжыму былі катастрафічнымі для яўрэйскага насельніцтва. У маі 1942 года ў Шчучыне і Жалудку, а ў 1943-ім і ў Васілішках былі расстраляны больш за 6 тысяч ні ў чым не павінных людзей.

Больше фото здесь

Вайна скрала шчасце ў амаль сямі з паловай тысяч жыхароў Шчучыншчыны, якія дачасна палеглі ў зямельку за гады фашысцкай акупацыі, многія былі вывезены ў Германію. Некалькі вёсак былі спалены разам з жыхарамі.

Але планы гітлераўскіх генералаў на бліц-крыг не ажыццявіліся. Нямецка-фашысцкія войскі сустрэлі на тэрыторыі Беларусі гераічнае супраціўленне. На абарону сваёй краіны ўзняўся ўвесь народ. Многія аддалі жыцці ў барацьбе з заваёўнікамі...

Моцна і шчыра гучаў сёння з вуснаў Г.С. Хвядзюк заклік памятаць пра цяжкую і крывавую дарогу з чэрвеня 41-га ў светлы і горкі май 45-га:

– Аб гэтым мы забыць ніколі не зможам. Не маем на гэта права! Мы нізка схіляем галовы перад памяццю загінуўшых герояў, тых, хто цаной свайго жыцця захаваў нашу зямлю для будучых пакаленняў, выратаваў чалавецтва ад нацысцкага ада, хто сваім подзвігам набыў бяссмерце. Вечная ім слава!

Вядучыя мітынгу нагадалі: выжыць і выстаяць у ваеннае ліхалецце  дапамагалі агонь Надзеі, агонь Веры і агонь Любві. І сёння маленькімі язычкамі затрапяталі гэтыя тры святыя агні ў лампадках, якія паставілі ля падножжа помніка дзяўчаты.

Героі і ахвяры Вялікай Айчыннай заслугоўваюць асаблівай памяці – за гераізм, самаадданасць, патрыятызм. Удзельнікі мітынгу ўшанавалі яе мінутай маўчання. Удары метранома аддаваліся болем у сэрцах... Удзячныя нашчадкі салдат Перамогі ўсклалі кветкі і вянкі да помніка. Блакіт нябёс ўзарваўся салютам памяці...

Больше фото здесь

Час нарадзіў шмат цудоўных песень аб доблесці і неўміручасці герояў, каштоўнасці мірнага дня. Пранікліва і шчымліва прагучалі яны ў выкананні Дзмітрыя Панова, Галіны Будзько, Ілоны Тонкевіч і выхаванцаў гуртка эстрадных спеваў раённага ЦКіНТ.

Мы беларусы – мірныя людзі. На зямлі нашай светлай так добра жыць, любіць, спраўджваць мары. І ніколі не забудзем мы горкае ваеннае ліхалецце, яго герояў і ахвяр. Сённяшняму і будучым пакаленням наканавана наследаваць памяць пра вайну. Для таго, каб усвядоміць назаўжды: не патрэбна ніякаму часу вайна, не патрэбна і нашаму веку!

Таццяна ПАЛУБЯТКА.

Фота аўтара і Сяргея КАСПЕРЧУКА.

 
Подписывайтесь на нас в Telegram и Viber!