Рабіць так, каб было прыгожа. Пабывалі на шыкоўным надворку гаспадыні з Вялікага Мажэйкава

 

Рабіць так, каб было прыгожа – жыццёвы дэвіз Ларысы Груца, што жыве ў Вялікім Мажэйкаве. У свой 71 год яна не губляе запалу ў вачах, захоўвае аптымізм і пазітыў і імкнецца перадаць іх іншым.

 

Ларыса Аляксандраўна паходзіць з суседніх Скрыбаўцаў. Яна заўсёды любіла вёску. Хоць у маладосці і была магчымасць перабрацца ў горад, але прамяняць сваё захапленне кветкамі і агарод каля хаты на цесныя сцены жанчына не магла ды і не хацела.

 

– Маю любоў да вёскі раздзяляў і муж Генадзій Вікенцьевіч, – адзначае Ларыса Аляксандраўна. – Можна сказаць, што нашы інтарэсы супадалі. Пражылі мы разам у радасці і шчасці 40 гадоў. На вялікі жаль, 7 гадоў таму яго не стала. Для нашай сям’і гэта было вялікае гора, я доўга прыходзіла ў сябе. У рэшце рэшт вырашыла працягваць займацца любімымі справамі, каб адгарадзіцца ад кепскіх думак. Дапамагаюць і шкадуюць мяне мае дзеці. Маю двух сыноў, адзін жыве пад Мінскам, другі ў Мар’інай Горцы. Яны добрымі выраслі, унукі мае таксама добрыя.
 

 

Муж Ларысы Аляксандраўны вельмі любіў садочак каля хаты, які рупліва даглядаў. Таму жанчына вырашыла, што, пакуль мае сілы, будзе працягваць гэтую справу Генадзія Вікенцьевіча.

 

– Кашу траву сама, для гэтых мэтаў маю ажно тры касілкі: электрычную, механічную і бензінавую. За адзін падыход абысці вялікі кавалак зямлі цяжкавата, таму я раблю перапынкі. Штосьці абкашу, сяду перадыхнуць, пераключуся на якую менш цяжкую працу, а потым з новымі сіламі зноў да касілкі іду. Кожны свой дзень я планую зараней, каб паспець усё зрабіць. Трэба ж, каб былі парадак і чысціня, каб воку было прыгожа.

 

Дрэваў у садзе шмат: вішні, чарэшні, яблыні, ёсць грэцкія арэхі і грушы, разнастайныя ягады таксама маюцца. Не менш важнымі за сад з’яўляюцца агарод і цяпліцы. Там у гаспадыні расце бульба, бурачкі, агуркі, памідоры, перцы, морква і фасоля. Усё сваё, натуральнае, ніякай хіміі!

 

У Вялікім Мажэйкаве Ларыса Груца вядомая як добрая рукадзельніца:

 

– Зімой я звычайна займаюся разнастайнымі падзелкамі для душы. Напрыклад, сяброўкам сваім раблю зімовыя кампазіцыі. Самая папулярная – домік пад елку, адзін раз за зіму адолела дзевяць такіх. Таксама раблю карзіны, кветкі, Дзедаў Марозаў, аленяў. Мама расказвала, што ў мяне бабуля была вельмі здольная.

 

 

У тыя далёкія часы яна займалася ўсялякімі занавескамі, рабіла кветкі ў покуць да іконы. Казалі, што я падобная на яе была, напэўна, таленты мне і перадаліся.

 

Асобнае месца сярод захапленняў Ларысы Аляксандраўны займаюць кветкі, якія робяць жыццё каляровым і насычаюць яго фарбамі. Гаспадыня любіць усе кветкі, але выдзяляе для сябе ружы, ліліі і петуніі. На надворку таксама растуць касачы, хрызантэмы, геаргіны, гартэнзіі, аксаміткі. Каб усё паліць, перасадзіць, абшчыпаць, трэба патраціць шмат часу, але такая праца для гаспадыні сядзібы ў радасць.

 

Акрамя кветак, надворак Ларысы Аляксандраўны ўпрыгожваюць розныя фігуры. Гасцей тут сустракаюць лебедзі, паўліны, фламінга і нават зебра. Каля маленькага вадаёма сядзіць рыбак, а за яго спінай вельмі цікавая кампазіцыя – конь з возам, які вязе дзеда і бабу.

 

– Раней на гэтым месцы была груша, якую спілавалі, і там нічога не расло. Таму я ўзяла тачку і зрабіла з яе воз. Потым дадала фігуры дзеда і бабы. Некаторыя знаёмыя часам пыталіся, ці не патрэбна маёй бабе адзенне для абнаўлення гардэроба. Адзін раз знаёмыя так аддалі старое футра. З яго і пустых каністраў я зрабіла каня.

 

Такія незвычайныя дызайнерскія здольнасці спадарыні Ларысы былі заўважаны і адзначаны дыпломам на штогадовым фестывалі кветак у Жалудку.

 

Алег ШЫШЛОЎСКІ.
Фота аўтара.

 
Подписывайтесь на нас в Telegram и Viber!