Рука дапамогі, працягнутая дзецям

Са снежня мінулага года раённае аддзяленне грамадскага аб’яднання “Беларускі дзіцячы фонд” узначальвае Дзіна Яўгеньеўна Войцюль, дырэктар сацыяльна-педагагічнага цэнтра Шчучынскага раёна. Мы папрасілі кіраўніка расказаць пра дзейнасць гэтай аўтарытэтнай арганізацыі. 

– Найперш некалькі слоў пра гісторыю. У 1988 годзе было заснавана Беларускае аддзяленне Савецкага дзіцячага фонду імя У.І. Леніна, правапераемнікам якога з 1991 года і з’яўляецца РГА “Беларускі дзіцячы фонд”. Дарэчы, у наступным годзе будзе адзначацца 30-гадовы юбілей гэтай грамадскай арганізацыі, галоўная задача якой – абараняць правы дзяцей, аказваць ім матэрыяльную, гуманітарную, медыцынскую, юрыдычную і іншую дапамогу. 
У гэтым рэчышчы працуе і наша раённая структура. Мы дапамагаем дзецям-сіротам і дзецям, якія знаходзяцца пад апекай, рабятам з мнагадзетных сем’яў, выхаванцам дамоў сямейнага тыпу, хворым дзеткам, а таксама адораным хлопчыкам і дзяўчынкам. Сёння жыхарам нашага раёна добра знаёмы такія праграмы падтрымкі, як “Дзіцячае сэрца”, “Цёплы дом”, “Падорым дзецям свята” і іншыя. Традыцыйнымі сталі на Шчучыншчыне сацыяльна значныя акцыі. У прыватнасці, “Ёлка жаданняў”, калі спагадлівыя гараджане і вяскоўцы набываюць падарункі дзецям, якія не змогуць сустрэць Новы год з роднымі і блізкімі. Падчас перадкаляднай акцыі “Нашы сэрцы – хворым дзецям” валанцёры наведваюць малых пацыентаў бальніцы. На слыху і дабрачынная акцыя “Анёл у тваім сэрцы”, прымеркаваная да Сусветнага дня інвалідаў. Падчас жа акцыі “Збяром дзіця ў школу” аказваецца матэрыяльная дапамога ў набыцці школьна-пісьмовых прылад, ранцаў, адзення, абутку першакласнікам з мнагадзетных, малазабяспечаных і “сопаўскіх” сем’яў. Для гэтай катэгорыі дзяцей набыць пуцёўкі ў аздараўленчыя лагеры дапамагае акцыя “Планета дзяцінства”. Так, летась сродкі на дзве пуцёўкі для маленькіх выхаванцаў сацыяльнага прытулку выдзеліла раённая арганізацыя РГА “Белая Русь”.
Актывісты БДФ – частыя госці ў дзіцячым сацыяльным прытулку, цэнтры карэкцыйна-развіваючага абучэння, Васілішкаўскім доме-інтэрнаце.
Нагадаю: крыніца фінансавых сродкаў фонду – добраахвотныя ахвяраванні. У 2016 годзе раённым аддзяленнем Беларускага дзіцячага фонду тры акцыі – “Нашы дзеці”, “Анёл у тваім сэрцы” і “Збяром школьны партфель” – папоўнілі дабрачынную скарбонку на 20 мільёнаў недэнамінаваных рублёў. З іх больш за 7 мільёнаў пайшлі на навагоднія падарункі для 85 дзетак – сірот і інвалідаў. Спонсарская дапамога паступіла і сёлета: 2500 рублёў сабралі ўстановы адукацыі раёна. Хачу падзякаваць усім нераўнадушным людзям, якія падтрымліваюць наш фонд і тым самым аказваюць пасільную дапамогу дзецям, якія аказаліся ў складаных жыццёвых сітуацыях. Спадзяюся на працяг супрацоўніцтва ў гэтай добрай справе з арганізацыямі і прадпрыемствамі раёна, якія ўжо не раз праяўлялі сваю шчодрасць, – установамі культуры і аховы здароўя, філіялам “Жалудоцкі агракомплекс”, ААТ “Дэмбрава”, раёнам газазабеспячэння і банкаўскімі ўстановамі.
Раённае аддзяленне “Беларускага дзіцячага фонду” працягне актыўнае супрацоўніцтва з органамі ўлады і кіравання, грамадскімі структурамі ў рашэнні сацыяльных пытанняў, якія датычацца правоў дзяцей і аховы іх здароўя. Усіх нас аб’ядноўвае зацікаўленасць ў дабрабыце нашых дзяцей і іх шчаслівай будучыні.
Запісала Таццяна ПАЛУБЯТКА.

 
Подписывайтесь на нас в Telegram и Viber!