Шчучынка Соф’я Антонаўна Машкала – уладальніца ордэна “Маці-гераіня” і двух ордэнаў “Мацярынскай слава” I і II ступеней падзялілася сакрэтамі выхавання

 

Шчучынка Соф’я Антонаўна Машкала – уладальніца ордэна “Маці-гераіня” і двух ордэнаў “Мацярынскай слава” I і II ступеней, якая выхавала ажно 10 дзяцей! Наўрад ці вы здагадаецеся, колькі гэтай мілавіднай жанчыне гадоў. Сёння яна адзначае сваё 90-годдзе! Сціплая і ўраўнаважаная, яна расказвала нам гісторыю свайго жыцця, як на шчырай споведзі…

 

У Шчучыне Соф’я Антонаўна Машкала жыве 18 гадоў, аднак сама не тутэйшая, родам с Алешкаўцаў. Разам з мужам яна выхавала сем сыноў і тры дачкі. На жаль, каханага два гады як не стала, аднак яго прадаўжэнне – у дзецях…

 

Маці-гераіня сама з даволі вялікай сям’і: дома было ажно 16 душ! Зося была старэйшай, таму рана пачала працаваць і дапамагаць бацькам па гаспадарцы. Засталося ў памяці не толькі мірнае вясковае жыццё, але і вайна. Не раз расказвала Соф’я Антонаўна сваім дзецям, як да іх у хату прыйшлі немцы і загадалі ўсё вынесці на вуліцу. Збіраліся паліць вёску, але Бог мілаваў. Помніць жанчына і як па шашы гналі яўрэяў, і людзі хто што мог з ежы стараўся перадаць тым бедным вязням…

 

Цяжка было пасля вайны стаць на ногі, але людзі не здаліся. Шмат працавалі, дапамагалі адно аднаму. У 15 гадоў Зося рабіла ўсё па гаспадарцы, сама магла запрэгчы каня, вярхом дабрацца да суседняй вёскі. Спрытнай была дзяўчына і да жаночай працы. Скончыла два класы польскай школы, затым абучалася кравецкай справе ў мясцовай катахеткі. Бацька заплаціў за тую навуку ажно шэсць вазоў дроў. У дзяўчыны ўсё атрымлівалася ды ў руках гарэла, можа таму пасля вучобы да маладой краўчыхі неслі тканіну і замаўлялі сукенкі з усіх суседніх вёсак. Ды і сваю сям’ю наша гераіня сама абшывала.

 

 

 

Прыгажуню Зосю цяжка было не заўважыць, яна была ў вёсцы, як кажуць, першай дзяўчынай. Сваталіся хлопцы, але перавагу аддала Стасю, які жыў па суседстве і толькі вярнуўся з арміі. Ён таксама быў хлопцам відным ды працавітым. Шчыра прызнаецца наша гераіня, што не было ў іх адразу вялікага кахання, але былі сімпатыя і павага. Каханне прыйшло пасля, калі пачалі жыць, працаваць рука аб руку. І каханне прыйшло вялікае, сапраўднае, якога на ўсё жыццё хапіла!

 

 – Гэта цяпер сукенкі дарагія купляюць, я сваю шлюбную пазычыла ў суседняй вёсцы ў знаёмых, а па вэлюм хадзіла да цёткі ажно ў Нявішу, – успамінае вяселле мая суразмоўца. – Пасля яшчэ зайшла ў Хадэлі, Кронькі, Мякішы, Васілішкі дзяўчат за дружак папрасіла… Мы з сям’ёй хадзілі ў Старыя Васілішкі да касцёла, таму там са Стасем і шлюб узялі, і дзетак хрысцілі, залатое вяселле сыгралі і брыльянтавае. Да таго ж наш сын Казімір быў адным са спонсараў рамонту касцельнага аргану, гісторыя якога цесна звязана з гісторыяй жыцця нашага славутага земляка Чэслава Немэна. Бацька музыкі іграў на гэтым самым аргане. А мне нават пашчасціла пабачыць Чэсіка і пачуць яго голас. Худзенькі такі быў хлопец, чарнявы, хто тады думаў, што ён стане славутым?

 

Пакуль размаўляем, Соф’я Антонаўна раз за разам глядзіць на сцяну з фотаздымкамі, на якіх усміхаюцца яе дзеці, унукі, праўнукі, любімы муж…

 

 – Не брыдкі мой Стась быў? – пытаецца мая суразмоўца, ківаючы галавой на здымак, на якім мужчына абдымае і з замілаваннем глядзіць на сваю жонку.

 

 – Прыгожы! – сцвярджаю я. – Мусіць, Вы не проста замужам, а за мужам усё жыццё былі?

 

– Так. Бо добры быў мой Стась, сам хату пабудаваў, хлеў, вокны парабіў, студню выкапаў, печ злажыў. Быў ён і здатным кавалём, і сталяром. Шкадаваў усіх, дбаў пра сям’ю.

 

Дзеці – гонар шматдзетнай маці. Нараджаліся малыя адно за другім. У 1955 годзе нарадзілася Соф’я (выхавацель), у 1956 – Станіслаў (юрыст), у 1957 – Іван (механік), у 1958 – двайняты Ганна (сакратар) і Галіна (кандытар). А праз шэсць гадоў зноў у хаце загучаў дзіцячы плач – у 1964 годзе нарадзіўся Іосіф (выкладчык гісторыі), у 1966 – Антон (інжынер-механік), у 1967 – Юрый (механік), у 1969 – Казімір (перакладчык) і ў 1972 – Андрэй (інжынер-механік). Апошняга сына Соф’я Антонаўна нарадзіла ў 42 гады!
Праз увесь час з усімі хатнімі турботамі спраўлялася наша гераіня сама.

 

 

 – Ах, мае дзеткі, полачак (пялёнак) набяру і на раку іду мыць, – успамінае маці-гераіня. – Цяпер як дзіця народзяць – у дапамогу каго бяруць, а мне ніхто не дапамагаў. Сама 10 дзяцей выхавала, голас на іх не павышала. І ніколі не паскардзілася мужу ці так каму, што мне цяжка, і ніколі не сказала, што мала грошай дахаты прыносіць. Можа таму і жылі добра, што шкадавалі адно аднаго.

 

Шмат даводзілася Машкалам працаваць. Вялікая была гаспадарка: 3 каровы, 2 цялушкі, 12 авечак, 2 свінаматкі, кабыла, куры ды індыкі... Гаспадыня прачыналася, як на вуліцы цёмна было і клалася таксама.

 

 – З вечара бліны расчыню, на ранку ў печы выпалю, пару бульбін да бліноў уватру. Бліны тыя ў хлябовай печы “падыхотныя” выходзілі, смачныя, толькі ўспявай пераварочваць. І мачанку да іх рабіла. Хто першы ўстане, паесць седзячы, а як наш Яначак паспаць любіў, дык ён блін у руку і бягом да школы. Потым рабіла на дзень есці. Добра, што мяса сваё заўжды было.

 

Соф’я Антонаўна і кросны ткала, і шыла, і вязала. Нягледзячы на тое, што скончыла толькі два класы, вельмі любіць чытаць. “Война и мир”, “Тихий Дон”, “Преступление и наказание” – адны з любімых яе твораў. Чытала, як ужо святло ў дом правялі, а было гэта, калі яна нарадзіла 8-ае дзіця…

 

Жылі Машкалы дружна і добра. Станіслаў нават ад гаворак злых каханую абараняў. У іх першых у вёсцы з’явіўся тэлевізар і аўтамабіль “Масквіч”...

 

 – Працавалі шмат, усё сваім мазалём зарабілі, а людзі ўсё шапталіся, маўляў, гэта нам за дзяцей далі. Не плацілі мне грошы за дзяцей, мы з мужам самыя іх на ногі паставілі, адукацыю дапамаглі атрымаць. Адно толькі некалькі разоў з’ездзіла ад калгаса мясцовага ў Расію ды ў Германію. Там не жыццё было, а маліна! Кожны дзень у рэстараны хадзілі. Я так адпачыла, што кажу сяброўцы: “Лёдзя, у мяне цяпер такія рукі белыя, што нігды нічога ў хаце рабіць не буду!” За тры дні да Вялікадня вярнулася ў сваю родную вёску, а на вуліцы пасля дажджу платы чорныя, усё бруднае… Стаю, гляджу на сваю хату, Стась мой выйшаў да гаспадаркі, гукнула, абрадаваўся, прыйшоў сустракаць. Усё стала на свае месцы. Я закасала рукавы і пачала да Вялікадня рыхтавацца – пірагі ды хлеб у печы пячы.

 

Пытаю, ці змянілі б што ў сваім жыцці, ці шкадуеце аб чым?

 

Некалькі хвілін паразважаўшы, нібы пракруціўшы ў галаве ўсё жыццё, Антонаўна ківае галавой.

 

 – Не! Я нічога не змяняла бы, і ні каюся не аб чым! Мне ўсё харашо. Сусед аднойчы сказаў, што па ўсёй Беларусі няма такіх шчаслівых жанчын, як я, бо пад вокнамі дома заўжды стаяць машыны дзяцей ды ўнукаў. Што пасееш, тое і пажнеш – добрымі людзьмі мы з бацькам іх выхавалі. А я і сапраўды шчаслівая! Шчасце маё і багацце – у дзецях! У мяне 16 унукаў, 20 праўнукаў і адна прапраўнучка! За кожнага перажываю і малюся. Дзеці дзеляцца сакрэтамі, а што не скажуць, то я сама ведаю, па іх бачу…

 

Сёння збяруцца ўсе Машкалы за святочным сталом з нагоды добрага юбілею. Будуць успамінаць, як жылі, расказваць, як жывуць. І будзе з замілаваннем глядзець на сваіх дарослых дзяцей маці… Для яе яны ўсё тыя самыя маленькія хлопчыкі і дзяўчынкі, якіх яна любіць усім сваім вялікім мацярынскім сэрцам! Дай Бог Вам моцнага здароўя і даўгалецця!

 

 

Ганна КАСПЕР.
Фота аўтара і з асабістага архіва МАШКАЛАЎ.

 
Подписывайтесь на нас в Telegram и Viber!