Спаборніцтвы аб’ядналі моцных духам. У Шчучыне прайшоў адкрыты раённы турнір па дартсе для людзей з інваліднасцю

 

Спартыўны азарт, радасць перамогі і шчырая сяброўская падтрымка – усё гэта неад’емныя складнікі турніру па дартсе, які нядаўна прайшоў на базе аддзялення сацыяльнай рэабілітацыі, абілітацыі інвалідаў тэрытарыяльнага цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва Шчучынскага раёна.

 

Гэтае мерапрыемства стала добрай традыцыяй і штогод збірае неабыякавых да спорту людзей з інваліднасцю. Спаборніцтвы даказваюць, што ніякія бар’еры не могуць перашкодзіць людзям атрымліваць асалоду ад жыцця і радавацца поспехам іншых.

 

 

Удзельнікамі турніру сталі людзі розных узростаў. Акрамя наведвальнікаў аддзялення ў спаборніцтвах таксама ўзялі ўдзел каманды Шчучынскага псіханеўралагічнага дома-інтэрната для састарэлых і інвалідаў, а таксама Васілішкаўскага дома-інтэрната для дзяцей-інвалідаў з асаблівасцямі псіхафізічнага развіцця.

 

 

Арганізатары пастараліся стварыць максімальна камфортныя ўмовы для спартсменаў. Перад пачаткам турніру для яго ўдзельнікаў правялі падрабязны інструктаж. Ім растлумачылі асноўныя правілы гульні і далі карысныя парады па тэхніцы кідання дроцікаў. За ходам спаборніцтваў сачылі прадстаўнікі раённага фізкультурна-спартыўнага клуба, якія дапамаглі арганізаваць турнір і выступілі ў ролі суддзяў.

 

 

Было бачна, што некаторыя з удзельнікаў ужо не першы год займаюцца гэтым спортам, маюць пастаўлены кідок і стараюцца выбіць як мага больш ачкоў. Былі таксама і навічкі, якія не мелі вялікага досведу, аднак шчыра радаваліся кожнаму дроціку, які трапіў у мішэнь. Душэўная атмасфера панавала падчас гульні. Усе падтрымлівалі адзін аднаго, разам радаваліся поспехам і дапамагалі падчас промахаў. Менавіта ў салідарнасці, а не канкурэнцыі заключаецца асноўны сэнс спорту, што на прыкладзе і даказалі ўдзельнікі турніру па дартсе.

 

 

Лепшых спартсменаў адзначылі медалямі. Сярод жанчын трэцяе месца заняла Елізавета Коўжуць. На другой турнірнай прыступцы размясцілася Анастасія Мядовых, а найлепшы вынік у Марыны Маслак. У мужчын трэцім быў Андрэй Нядвецкі, другім – Мікалай Хоха, а пераможцам стаў Іван Міхалевіч.

 

 

Таксама былі падведзены вынікі агульнакаманднага заліку. Так, бронзу турніру мелі наведвальнікі аддзялення сацыяльнай рэабілітацыі, абілітацыі інвалідаў, другое месца заняла каманда Васілішкаўскага дома-інтэрната, а перамаглі ў спаборніцтве прадстаўнікі Шчучынскага дома-інтэрната. Прызёры і пераможцы былі адзначаны кубкамі і салодкімі падарункамі.

 

 

Алег ШЫШЛОЎСКІ.
Фота аўтара.

 
Подписывайтесь на нас в Telegram и Viber!