Сведка “халоднай вайны” – сакрэтны бункер пад тоўшчай зямлі

Недалёка ад вёскі Руткевічы знаходзіцца сакрэтны бункер, аналагаў якому ў Савецкім Саюзе было пабудавана ўсяго пяць.
Аб існаванні ўнікальнага сакрэтнага каманднага пункта авіяцыйнай дывізіі, які размяшчаецца побач з райцэнтрам, ведаюць далёка не ўсе жыхары Шчучына. А ўнутры гэтага ваеннага аб’екта бывалі і ўвогуле адзінкі. Нядаўна “міфічны” падземны бункер адкрыў свае таўшчэзныя металічныя дзверы перад журналістамі “Дзянніцы”, і ў пошуках таямніц мы накіраваліся ўнутр. Між іншым, раней за такую “авантуру” ў лепшым выпадку можна было трапіць за краты. 

Адразу з парога стала зразумела, што тут “свая атмасфера”: тэмпература паветра ў будынку адчувальна ніжэй, чым на вуліцы, а цемра настолькі непраглядная, што не бачна сваіх далоняў. Неўзабаве ручныя ліхтары, якімі мы “ўзброіліся” загаддзя, выхапілі са змроку ў канцы вузкага калідора яшчэ адныя масіўныя металічныя дзверы, вельмі падобныя да тых, што ставяць на падводных лодках. 

  

– Непасрэдна за імі і пачынаецца “жылая” частка бункера, – гаворыць начальнік аддзела эканомікі райвыканкама Юрый Мечыслававіч Вількевіч. –На двух паверхах налічваецца каля 50 кабінетаў, а дакладней кажучы баявых пастоў. У мірны час баявое дзяжурства тут неслі 10 чалавек. У выпадку вайны у падземныя памяшканні перамяшчаўся штаб. 
Падземны камандны пункт быў пабудаваны ў 1977 годзе і спраектаваны такім чынам, што мог вытрымаць ядзерны ўдар: гэта гарантуюць пяціметровы слой бетону і спецыяльны ўмацаваны контур. Акрамя таго, бункер быў цалкам аўтаномны. Тут пабудаваны вентыляцыйныя корабы і камеры, усталяваны спецыяльныя фільтры, якія ачышчалі паветра ад радыёактыўнага пылу і іншых шкодных прымесяў. У суседніх памяшканнях размяшчаліся склады са зброяй, запасамі прадуктаў і пітной вады. Ваенныя маглі на працягу месяца адсюль кіраваць баявымі дзеяннямі.


– Уся інфармацыя сцякалася ў самае вялікае памяшканне каманднага пункта – цэнтр баявога ўпраўлення, дзе знаходзіліся камандуючы і яго намеснік, – расказвае Ю.М. Вількевіч. – Сувязісты забяспечвалі тэлефонную сувязь паміж падраздзяленнямі ўнутры бункера, а таксама са знешнім мірам. На сталах і сёння ляжаць карты, схемы, журналы камутацый і курсіровак, быццам ваенныя пакінулі свае баявыя пасты ў спешцы і не надоўга. 


З 1992 года гэты сакрэтны аб’ект дзесяць гадоў ахоўвалі беларускія ваеннаслужачыя. Пасля камандны пункт закансервавалі і перадалі на баланс райвыканкама. Каб не дапусціць у бункер марадзёраў, тут быў выстаўлены вартавы пост. Таму будынак і па-сённяшні дзень знаходзіцца ў выдатным стане, нават абсталяванне захавалася. Часткова камунікацыі парушаны, бо падчас свайго ад’езду ваенныя дэманціравалі частку апаратуры. Аднак ацяпленне і энергазабеспячэнне – ў норме. Неабходна толькі ўсё падключыць – і камандны пункт ажыве!
Спадзяёмся, хутка так яно і будзе: адна з турыстычных фірм регіёна плануе стварыць тут музей гісторыі “халоднай вайны” і арганізаваць цікавыя экскурсіі. Упэўнены, жадаючых наведаць падземны бункер у пошуках ваенных таямніц будзе хоць адбаўляй!
Аляксандр КАСПЯРЧУК.  Фота аўтара.

 
Подписывайтесь на нас в Telegram и Viber!