Сяўба буракоў набірае абароты. Сёлета аграрыі ААТ “Васілішкі” плануюць засеяць 550 гектараў цукровых буракоў

 

На Шчучыншчыне плаўна завяршаецца сяўба яравых зерневых культур, аграрыі актыўна працуюць у палях, робячы добры зачын для будучага ўраджаю. Ужо пачалася сяўба цукровых буракоў, першымі ў нашым раёне да яе прыступілі ў ААТ “Васілішкі”. Мясцовыя аграрыі распачалі “салодкую” сяўбу яшчэ на мінулым тыдні.

 

Усяго ў гэтым годзе цукровымі буракамі ў ААТ “Васілішкі” плануюць засеяць 550 гектараў. Як заўважыў галоўны аграном гаспадаркі Дзяніс Комар, сяўба буракоў – справа даволі далікатная і патрабуе максімальнай увагі, бо прамежак паміж праходам сеялкі і перадпасяўнога культыватара павінен складаць не больш за 10 хвілін. Інакш глеба перасохне, што негатыўна адаб’ецца на ўраджаі цукровых буракоў.

 

Гэтымі днямі актыўная сяўба цукровых буракоў ідзе на полі каля вёскі Арцішы. Трактарам МТЗ 1221 з васьміметровай сеялкай умела кіруе механізатар Павел Грудзінскі. Павел працуе ў гаспадарцы ўжо 20 гадоў і таму справу сваю ведае дасканала.

 

 

– Цукровыя буракі сею ўжо дзясяты год, – адзначае механізатар. – Гэтая культура патрабуе асаблівай ўвагі. Тут трэба захоўваць хуткасны рэжым да пяці кіламетраў у гадзіну і пільна сачыць, каб усё насенне было закрыта на глыбіні 2-3 сантыметры. Таксама важна рабіць папраўку на від глебы, бо на розных палях яна розная. Таму праца патрабуе ад механізатара асаблівай пільнасці. Я ўжо прывык да адказнасці, сам я чалавек мясцовы, з Галавічполя, працую, можна сказаць, на сваёй зямлі. Дзе нарадзіўся, там і прыгадзіўся – гэтая прымаўка дакладна пра мяне, – кажа Павел Грудзінскі.

 

Паралельна ў ААТ “Васілішкі” поўным ходам ідуць іншыя палявыя работы. Так, на гэтым тыдні ў гаспадарцы пачалі трэцюю падкормку азімага рапсу. Улічваючы спрыяльны тэмпературны рэжым, вядзецца хімпраполка азімых зерневых культур. Уносіцца арганіка пад кукурузу, праводзіцца рэалізацыя насення збожжавых яравых культур.

 

 

Сёлета аграрыі ААТ “Васілішкі” чакаюць салідны ўраджай на пасяўной плошчы больш за шэсць тысяч гектараў.

 

– У гэтым годзе агульная пасяўная плошча ў ААТ “Васілішкі” складае 6415 гектараў, з якіх пад раннія яравыя культуры адведзена 1800 гектараў, – заўважыў галоўны аграном Дзяніс Комар. – Нам трэба будзе пасеяць кукурузу на плошчы 3700 гектараў, сланечнікаў 250 гектараў, бульбы 85 гектараў. Зараз мы актыўна ўносім фосфарныя і калійныя ўгнаенні пад сяўбу і спадзяваемся на спрыяльнае надвор’е.

 

 

Праца ў полі – цяжкая, але неабходная для таго, каб у кожнай беларускай сям’і на стале быў хлеб. Таму і ўвага да аграрыяў адпаведная. Як заўважыў прафсаюзны лідар шчучынскіх аграрыяў Генрых Юрэвіч, у ААТ “Васілішкі” створаны добрыя ўмовы працы. Для тых, хто працуе ў полі, арганізавана двухразовае гарачае харчаванне. Работнікі аплачваюць толькі 25% ад кошту ежы, астатняе кампенсуе гаспадарка. Работнікі забяспечаны спецвопраткай і сродкамі індывідуальнай аховы, маюць годны заробак. Належная ўвага ў гаспадарцы надаецца і ахове працы.

 

Алег ШЫШЛОЎСКІ.
Фота аўтара.

 
Подписывайтесь на нас в Telegram и Viber!