У свеце механізмаў. На базе Шчучынскага палаца творчасці дзяцей і моладзі расчыніў свае дзверы новы міні-музей “Канструктар”

 

Запраграмаваныя робаты, маштабная калекцыя экспанатаў і шчыры дзіцячы інтарэс – усё гэта можна было пабачыць на адкрыцці міні-музея “Канструктар” у Шчучынскім палацы творчасці дзяцей і моладзі. Нядаўна ён расчыніў свае дзверы для наведвальнікаў. Як прайшло адкрыццё міні-музея і якія цікавосткі чакаюць яго наведвальнікаў – даведаемся зараз.

 

Мерапрыемства сабрала як дзяцей, якія ўжо некалькі гадоў займаюцца робататэхнікай, так і хлопчыкаў і дзяўчынак, якіх зацікавіў новы аб’ект. Таксама на адкрыццё музея завіталі ганаровыя госці – намеснік старшыні Шчучынскага райвыканкама Таццяна Цюсіна, начальнік аддзела адукацыі Шчучынскага райвыканкама Павел Тарчынскі і яго намеснік Жанна Мецько.

 

 

Ідэя стварэння гэтага музея належыць намесніку дырэктара Шчучынскага ПТДіМ Ірыне Поскінай. На працягу некалькіх гадоў яна курыруе развіццё гурткоў па робататэхніцы. За гэты час юныя шчучынскія канструктары паспелі добра заявіць пра сябе, іхнія распрацоўкі рэгулярна займаюць прызавыя месцы і перамагаюць на чэмпіянатах па робататэхніцы. Гэтыя поспехі не маглі застацца незаўважанымі, і год таму праект міні-музея “Канструктар” атрымаў грант Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь.

 

Як адзначае Ірына Поскіна, робататэхніка дапамагае развіваць маторыку і лагічнае мысленне дзяцей. Падчас такіх заняткаў яны атрымліваюць базавыя навыкі праграмавання і інжынерыі. Па сутнасці, такія заняткі закладваюць патэнцыял для з’яўлення ў будучым геніяльных інжынераў-канструктараў. Міні-музей “Канструктар” стане своеасаблівай адукацыйнай платформай, якая будзе спрыяць развіццю інжынерных здольнасцей яго наведвальнікаў. Зараз у музеі размяшчаюцца цікавыя тэматычныя экспазіцыі тэхнікі, сабранай з розных канструктараў.

 

 

Галоўная асаблівасць музея заключаецца ў тым, што з экспанатамі тут можна кантактаваць. У спецыяльнай зоне дзеці маюць магчымасць сабраць цікавыя механізмы ці робатаў. Потым іх можна ажывіць дзякуючы рухавікам і сістэмам, якія будуць працаваць на алгарытмах распрацаванай для іх камп’ютарнай праграмы.

 

– Ад гісторыі да сучаснасці – толькі так можна сказаць, характарызуючы Шчучынскі палац творчасці дзяцей і моладзі, – адзначыў Павел Тарчынскі на цырымоніі адкрыцця музея. – Сёння мы абавязкова павінны сказаць словы падзякі кіраўніцтву нашай дзяржавы, якое стварае ўмовы для такога развіцця, якое дае магчымасці рэалізаваць цікавыя праекты, выдзяляе на гэта гранты. Шчырыя словы падзякі адрасую Шчучынскаму райвыканкаму, бо таксама дзякуючы падтрымцы раёна адбылася гэта радасная падзея. Без сумненняў, міні-музей “Канструктар” стане яшчэ адным цікавым аб’ектам не толькі для палаца творчасці, але і ў цэлым для Шчучына.

 

 

Падчас прэзентацыі міні-музея яго першыя наведвальнікі сталі ўдзельнікамі цікавага майстар-класа па стварэнні свайго першага робата. Пад уважлівым кіраўніцтвам юных шчучынскіх робататэхнікаў навічкі змаглі запусціць свае механізмы.

 

Плануецца, што ў новым музеі будуць праходзіць заняткі па робататэхніцы, майстар-класы, спаборніцтвы, экскурсіі, выставы і інтэнсівы. Новы аб’ект стане месцам прыцягнення таленавітай моладзі і цікавым пунктам на турыстычнай карце нашага раёна.

 

 

Алег ШЫШЛОЎСКІ.

Фота аўтара.

 
Подписывайтесь на нас в Telegram и Viber!