Узнагароды і добрыя словы як знак удзячнасці за працу

У Шчучынскім РУП ЖКГ адбылася ўрачыстасць, прысвечаная Дню работнікаў бытавога абслугоўвання насельніцтва і жыллёва-камунальнай гаспадаркі, які будзе адзначацца 22 сакавіка, у нядзелю. У зале сабраліся лепшыя з лепшых спецыялісты і рабочыя – прадстаўнікі самых розных структурных падраздзяленняў прадпрыемства. Павіншаваць  калектыў з прафесійным святам прыйшлі намеснік старшыні Шчучынскага райвыканкама Я.Б. Майсей і начальнік аддзела жыллёва-камунальнай гаспадаркі райвыканкама А.І. Лябецкі.

 

На мерапрыемстве прагучала шмат цёплых слоў у адрас работнікаў гэтай вельмі важнай і запатрабаванай службы. Яшчэ адна прыкмета блізкага свята – россып узнагарод. Прыемную цырымонію іх уручэння распачаў Ян Браніслававіч Майсей. Так, Ганаровую грамату райвыканкама атрымаў машыніст экскаватара М.М. Вярбіла, Падзячнае пісьмо райвыканкама – сартыроўшчык другаснай сыравіны Н.Г. Канюк, Ганаровую грамату райсавета дэпутатаў – маляр А.І. Шакалей, Падзячнае пісьмо старшыні Шчучынскага раённага Савета дэпутатаў – вядучы бухгалтар Г.М. Войцюль.

 

 

Ганаровай граматай Міністэрства жыллёва-камунальнай гаспадаркі адзначаны начальнік службы водаправодна-каналізацыйнай гаспадаркі В.І. Бачко. Ганаровай граматы Гродзенскага абласнога Савета дэпутатаў удастоілася начальнік сектара кадравай работы М.С. Пецкель. Самаадданая праца многіх членаў гэтага дружнага калектыву атрымала высокую ацэнку ў кіраўніцтва ДА “Жыллёва-камунальная гаспадарка Гродзенскай вобласці”, абласной арганізацыі Беларускага прафсаюза работнікаў мясцовай прамысловасці і камунальна-бытавых прадпрыемтваў: граматамі і падзячнымі пісьмамі адзначаны аператар службы дыспетчарскай участка “Астрына” А.Л. Прашмутас, машыніст кацельні аг. В.Мажэйкава М.Я. Тускевіч і інжынер-праграміст М.Г. Шапялевіч. Сваіх дастойных уладальнікаў знайшлі ўзнагароды ад Шчучынскага раённага аб’яднання прафсаюзаў, раённай арганізацыі РГА “Белая Русь”, а таксама ад адміністрацыі РУП ЖКГ. Камунальнікі таго вартыя, бо і цеплыня ў кватэрах, і чысціня на вуліцах, і якасць вады з крана, і многія іншыя складнікі камфортнага жыцця людзей, дзейнасці арганізацый і устаноў залежаць ад работнікаў гэтай службы.

 

 

Дырэктар РУП ЖКГ Андрэй Валер’евіч Шкіндзераў шчыра павіншаваў калег з надыходзячым святам, пажадаў моцнага здароўя і дабрабыту і папрасіў прысутных перадаць яго словы ўсім членам калектыву. Кіраўнік адзначыў, што самы важны паказчык работы камунальнікаў – ацэнка, дадзеная спажыўцамі камунальных паслуг.

 

 

–  І якая яна будзе – вышэйшая ці ніжэйшая – залежыць толькі ад нас, ад таго, наколькі мы адказна ставімся да сваіх абавязкаў, – падкрэсліў кіраўнік. – Сёння тут сабраліся людзі, якія якраз і вызначаюцца адказнасцю. Хачу пажадаць вам захаваць гэту цудоўную рысу. Менавіта адказнасць, якасць і аператыўнасць – залог эфектыўнай і эканамічна стабільнай работы.

 

 

Таццяна ПАЛУБЯТКА.

Фота аўтара.

 
Подписывайтесь на нас в Telegram и Viber!