Важней за ўсё – пагода ў доме. Сям’я Мішкель з Ляшчанкі стала пераможцай раённага этапу рэспубліканскага конкурсу “Сям’я года”

 

Умацаванне духоўных асноў, захаванне сямейных каштоўнасцяў і традыцый з’яўляецца адным з асноўных кірункаў дзяржаўнай палітыкі. У рэалізацыі гэтых мэтаў дапамагаюць шматлікія мерапрыемствы і ініцыятывы, сярод іх рэспубліканскі конкурс “Сям’я года”, раённы этап якога прайшоў на гэтым тыдні ў Шчучыне.

 

Мерапрыемства прайшло на сцэне раённага дома культуры і народнай творчасці, удзел у ім узялі пяць адкрытых, вясёлых і дружных сем’яў з нашага раёна: Бялко, Васілеўскіх, Івашка, Мішкель і Скорб. Акрамя таго, у актавай зале сабраліся шматлікія гледачы і групы падтрымкі.

 

 

Сёлета ў складзе журы гэтага конкурсу былі начальнік аддзела ідэалагічнай работы і па справах моладзі райвыканкама Вераніка Дысько, старшыня раённага аб’яднання прафсаюзаў, старшыня раённай арганізацыі РГА “Белая Русь” Юрый Пашук, загадчыца сектара культуры райвыканкама Анжэла Турэвіч, дырэктар ТЦСАН, старшыня раённай арганізацыі ГА “Беларускі саюз жанчын” Святлана Шанчук. Менавіта яны ацэньвалі выступы сем’яў-канкурсантаў.

 

Удзельнікаў і гасцей мерапрыемства прывітала Святлана Шанчук:

 

– Сёння ў нас адбудзецца свята. Свята, на якім мы з вамі будзем радавацца, дзякаваць за тое, якія ў нас выдатныя сем’і на Шчучыншчыне. Наколькі яны ў нас творчыя, наколькі любяць нашу малую радзіму і нашу Рэспубліку Беларусь. Усе мы тут сабраліся, каб падтрымаць і ацаніць сем’і, бо яны рыхтаваліся і стараліся.

 

 

А ацаніць сапраўды было што. На першым этапе конкурсу пад назвай “Радавод” сем’і ў творчай форме прэзентавалі сваё генеалагічнае дрэва, знаёмілі з традыцыямі, звычаямі продкаў, якія жывуць і з пяшчотай аберагаюцца сёння. Другі этап меў назву “Мая краіна – мая сям’я”, тут удзельнікі пастараліся расказаць аб актыўнай пазіцыі, патрыятызме, побыце сваёй сям’і ў песнях, сцэнках і іншых формах культуры і мастацтва.

 

 

Як адзначыла старшыня журы Вераніка Дысько, усе выступы вартыя перамогі, бо выклікалі шчырыя эмоцыі радасці і гонару за сямейныя каштоўнасці нашага раёна:

 

– Я не першы раз з’яўляюся старшынёй журы, але так цяжка, як сёння, мне не было ніколі. Сапраўды, падчас правядзення гэтага конкурсу мяне моцна кранала за сэрца, перапаўняла душу шчырая радасць, гонар за нашы шчучынскія слаўныя сем’і. Я бачыла, як ва ўсіх членаў журы ад радасці і шчасця іскрыліся вочы. Сёння кожны з вас ужо перамог, бо вы змаглі ўкласці сваю любоў, сілы ў сваіх дзетак, свае сем’і. Вы знайшлі час для таго, каб паказаць, якая ў вас класная сям’я, сёння вы – прыклад для пераймання. Я ад усёй душы дзякую вам і яшчэ раз падкрэсліваю, што перамаглі ўсе. Кожнаму з вас я жадаю міру, дабрабыту, любові і сямейнай утульнасці.

 

 

Пасля доўгага абмеркавання члены журы падвялі вынікі конкурсу. Так, трэцяе месца заняла сям’я Васілеўскіх са Шчучына, другое месца ў сям’і Скорб з Васілішак, а пераможцай раённага этапу VI рэспубліканскага конкурсу “Сям’я года” стала сям’я Мішкель з аграгарадка Ляшчанка, яна і прадставіць наш раён на абласным этапе конкурсу “Сям’я года”, які адбудзецца ў маі і будзе прымеркаваны да Дня сям’і.

 

 

Алег ШЫШЛОЎСКІ.
Фота аўтара.

 
Подписывайтесь на нас в Telegram и Viber!