Выдатны вынік. Шчучынцы ўпэўнена перамаглі “Масты” ў гульні чэмпіянату Гродзенскай вобласці па міні-футболе

 

Працягваецца чэмпіянат Гродзенскай вобласці па міні-футболе сезона 2022/23. На выхадных наша каманда МФК “ФСК Шчучын” правяла хатні матч супраць МФК “Масты”. Гульня прайшла на пляцоўцы спартыўнага комплексу па вуліцы Авіятараў і парадавала мясцовых заўзятараў вялікай колькасцю забітых галоў.

 

“Масты” з’яўляюцца адным з самых нязручных сапернікаў для шчучынскіх каманд як у вялікім, так і ў міні-футболе. Мінулая сустрэча сапернікаў у суседнім райцэнтры прайшла ў напружанай барацьбе, пераможцам з якой выйшла мастоўская каманда. Таму пры хатніх трыбунах неабходна было браць рэванш, тым больш што падтрымаць сваю каманду прыйшло нямала шчучынцаў.

 

 

З самага пачатку матча нашы футбалісты пачалі выконваць сваю задачу. Ужо на першай хвіліне сустрэчы вароты саперніка трапным ударам паразіў Арцём Байгот. Пасля хуткага гола шчучынцы не спынялі тэмпу і працягвалі атакаваць. Гэта прынесла плён, і на 6-й хвіліне мяч за нашу каманду забіў Віталь Новік. Мастаўчане таксама адказвалі атакамі, аднак ініцыятыву ў першым тайме перахапіць так і не змаглі. На 18-й хвіліне перавагу “Шчучына” павялічыў Віктар Сяўко. Пасля, праз сем хвілін, Арцём Байгот аформіў дубль. Такім чынам на перапынак каманды сыходзілі з лікам на табло 4:0 на карысць “Шчучына”.

 

На другі тайм “Масты” выйшлі зараджанымі і з першых секунд пачалі ціснуць на вароты шчучынцаў. Атаку за атакай адбівалі нашы футбалісты, аднак на 38-й хвіліне госці змаглі забіць (4:1). На гэта шчучынцы праз дзве хвіліны адказалі голам Віталя Новіка (5:1). Гульня пачала выроўнівацца, але запал гульцоў “Мастоў” не знікаў. Спачатку на 50-й, а потым на 56-й хвіліне госці забілі гол, такім чынам скараціўшы перавагу шчучынцаў да двух мячоў (5:3). Пасля гэтага гульцы “Шчучына” сабраліся і пачалі адваёўваць пазіцыі на полі. На 58-й і 61-й хвіліне за нашу каманду забіў Аляксей Канавалаў. Далей шчучынцы правялі выдатную дзесяціхвілінку, падчас якой галамі адзначыліся Віталь Новік і Арцём Байгот. На 70-й хвіліне ў мастаўчан атрымалася забіць, аднак гэты мяч ужо ніяк не мог паўплываць на вынік сустрэчы. Такім чынам, пасля фінальнага свістка лік на табло быў 9:4 на карысць гаспадароў поля. Варта адзначыць, што ў гэтай гульні хет-трыкамі за нашу каманду адзначыліся адразу два гульцы – Арцём Байгот і Віталь Новікаў.

 

 

Вынікі сустрэчы пракаментаваў галоўны трэнер МФК “ФСК Шчучын” Дзмітрый Кірылаў:

 

– З “Мастамі” ў нас заўсёды гульні цікавыя і напружаныя атрымліваюцца. Сённяшняя перамога важная тым, што ў турнірнай табліцы нашы каманды мелі прыкладна аднолькавыя пазіцыі, таму можна сказаць, што гэтая сустрэча была за 6 ачкоў. Гульнёй задаволены, перамога цалкам заслужаная. Хачу сказаць вялікі дзякуй нашым хлопцам, яны малайцы.

 

Па выніках васьмі тураў абстаноўка ў турнірнай табліцы групы “Поўдзень” выглядае наступным чынам: слонімскі “Фарсаж” з трынаццаццю ачкамі працягвае захоўваць лідарства, на другім месцы з адзінаццаццю ачкамі ідзе “Шчучын”, дзесяць ачкоў мае ў сваім актыве ФСК “Гродзенскі” са Скідзеля, які знаходзіцца зараз на трэцім месцы.

 

Наступны матч шчучынцы правядуць дома супраць ФСК “Гродзенскі”. Сустрэча адбудзецца ў суботу, 11 лютага, у спарткомплексе па вуліцы Авіятараў. Прыходзьце падтрымаць родную каманду!

 

Алег ШЫШЛОЎСКІ.

Фота аўтара.

 
Подписывайтесь на нас в Telegram и Viber!