Жалезнае правіла – чыстая вада! У сельскай мясцовасці на Шчучыншчыне актыўна вядзецца будаўніцтва станцый па абезжалезванні

 

– Праблема якасці вады працяглы час заставалася злабадзённай для нашага рэгіёна, але дзякуючы рэалізацыі дзяржаўнай праграмы “Чыстая вада” ўсё больш і больш населеных пунктаў карыстаецца паслугамі станцый па абезжалезванні, якія, дарэчы, працуюць у аўтаматычным рэжыме, – зазначае намеснік старшыні Шчучынскага райвыканкама Ян Браніслававіч Майсей.

 

Два гады таму такая станцыя ўзведзена ў аграгарадку Вялікае Мажэйкава, летась – у Ляшчанцы і Ражанцы, а зараз будаўнічыя работы вядуцца ў Скрыбаўцах і Мураванцы. Сродкі на рэалізацыю гэтага здароўезберагальнага праекта выдзяляюцца з рэспубліканскага і абласнога бюджэтаў.

 

Дарэчы, ужо ў верасні ў аграгарадку Скрыбаўцы да карыстальнікаў цэнтральнай сістэмы водазабеспячэння паступіць ачышчаная ад жалеза вада, якая будзе адпавядаць усім нарматывам якасці. Як расказаў нам начальнік службы водаправодна-каналізацыйнай гаспадаркі Шчучынскага РУП ЖКГ Віктар Іванавіч Бачко, работы на такіх будаўнічых аб’ектах камунальнікі праводзяць гаспадарчым спосабам. Ужо не ўпершыню гэту адказную справу даверылі майстру Уладзіміру Іосіфавічу Урбановічу і яго брагадзе. Абсталяванне ад беларускіх вытворцаў на скрыбаўскую станцыю па абезжалезванні вады ў бліжэйшы час паставіць кампанія “Акватэхналогія”, і рабочыя прыступяць да мантажу.

 

Што тычыцца Мураванкі, то ў гэтым пасёлку прадугледжана яшчэ і будаўніцтва новай артэзіянскай свідравіны. Ужо аб’яўлены тэндар як на правядзенне гэтых работ, так і закупку абсталявання. Калі на ўзвядзенне скрыбаўскай станцыі па абезжалезванні вады выдаткавана 187 тысяч рублёў, то для мураванскай – 200 тысяч.

 

– Распачатая справа будзе мець свой працяг. У 2021 годзе плануем такім жа чынам узвесці ў сельскай мясцовасці яшчэ чатыры станцыі па абезжалезванні – у Ракавічах, Руткевічах, Новым Двары і Хадзілонях. Забяспечыць насельніцтва якаснай пітной вадой – надзвычай важная задача, якую мы мэтанакіравана вырашаем, – падкрэсліў Я.Б. Майсей.

 

Таццяна СТУПАКЕВІЧ.

 
Подписывайтесь на нас в Telegram и Viber!