Жалудок – турыстычная Мекка

Напэўна, няма на Шчучыншчыне, а, магчыма, і на тэрыторыі ўсёй вобласці міні-рэгіёна, дзе б ажыццяўлялася такая колькасць міжнародных праектаў, як у Жалудку. Аднойчы тут усур’ёз узяліся за рэалізацыю стратэгіі ўстойлівага развіцця “Мясцовая павестка на ХХІ стагоддзе” і за паўтара дзясятка год дабіліся на сваёй тэрыторыі значных змен. Стаўку зрабілі на раскрутку турыстычнага патэнцыялу краю – надзвычай багатага на гістарычныя падзеі і славутыя мясціны. Своеасаблівым рэбрэндынгам стаў фестываль кветак, які атрымаў пастаянную прапіску ў гарадскім пасёлку.
Дый увогуле, каго толькі не прымае ў сябе гасцінны Жалудок! Тут часта можна бачыць навукоўцаў і экспертаў, што разам з местачкоўцамі, дэпутатамі, мясцовай інтэлігенцыяй выпрацоўваюць шляхі далейшага тэрытарыяльнага развіцця, рэалізуючы цікавыя творчыя і экалагічныя праекты, задумваюцца аб адкрыцці сельскага бізнесу, арганізацыі самазанятасці.

Местачковы шарм
Прыехаўшы ў гэты гарадскі пасёлак, які, дарэчы, у пасляваенныя гады быў райцэнтрам – з райкамам, райвыканкамам, рэдакцыяй раённай газеты, звярніце ўвагу на яго местачковую архітэктуру, дзе па-свойску туляцца адзін да другога акуратненькія сядзібы, кампактна суседнічаюць адміністрацыйныя будынкі, шапаціць залатой лістотай сквер… Як сведчанне, што жалудчане свята ўшаноўваюць слаўныя старонкі Вялікай Айчыннай вайны – у скверы помнік Герою Савецкага Саюза лётчыку П.М. Батыраву. А далей… 
Добры след пакінуў пасля сябе пленэр “Жалудок здзяйсняе мары”, дзе лепшыя беларускія творцы праводзілі майстар-клас, некалькі тыдняў плённа працавалі з валунамі, знойдзенымі ў наваколлі. Як вынік – цэнтр пасёлка ўпрыгожвае арыгінальны парк каменных скульптур. Далёка не кожнае мястэчка ці гарадок, скажу я вам, могуць пахваліцца такой “калекцыяй” работ і імён беларускіх скульптараў: Уладзіміра Панцялеева, Ігара Засімовіча, Карнея Аляксеева, Кацярыны Злоцінай. 
 Усё тут дыхае даўніной
Палюбаваўшыся на местачковыя краявіды, прымаем запрашэнне старшыні сельвыканкама Г.І. Цывінскага пазнаёміцца з гісторыяй гэтых мясцін, што ўяўляюць сабой сапраўдную турыстычную Мекку. Так, непадалёку, на паўднёвай ускраіне вёскі Мацеўчукі, на высокім беразе ракі Лебяды, знаходзілася стаянка старажытных людзей бронзавага веку. Археолагі адкапалі цэлы культурны пласт: знайшлі элементы керамікі, апрацаваныя камяні і іншыя сляды старажытных продкаў.
Яшчэ адна “маленькая сенсацыя” чакае турыста, калі ён даведаецца, што праслаўлены на ўсю Еўропу род Тызенгаўзаў не проста цесна звязаны з Жалудком, бо больш чым два стагоддзі валодаў гэтымі землямі, а да ўсяго тут, у склепах касцёла Ушэсця Найсвяцейшай Дзевы Марыі, знаходзіцца ўсыпальня знакамітых графоў. Дарэчы, у храме ўстаноўлена мемарыяльная дошка ў гонар Канстанціна Тызенгаўза – арнітолага з сусветным іменем, уклад якога ў вывучэнне птушак Беларусі і Еўропы нават цяжка перабольшыць. 


А яшчэ Жалудок асацыіруецца з прозвішчам князёў Святаполк-Чацвярцінскіх. Сюды, у палац свайго дзяцінства, ужо ў нашы дні не раз прыязджала з Бельгіі ўнучка Уладзіміра Чацвярцінскага, які і прыняў у 1907 годзе рашэнне будаваць новы дом для сям’і, запрасіўшы ў Жалудок італьянскага архітэктара Марконі. У выніку з’явіўся гэты велічны палацава-паркавы комплекс у стылі неабарока, які і сёння, бы магнітам, прыцягвае турыстаў. А яшчэ гэтыя мясціны не на жарт упадабалі кінематаграфісты. Тут здымалі мастацкі фільм “Масакра”, сюжэт якога звязаны з падзеямі паўстання 1863 года, і прыгодніцкую кінастужку “Кіндар-Вілейскі прывід”, дакументальныя стужкі і кліпы. Папулярнымі ў моладзі сталі фотасесіі на фоне старадаўніх інтэр’ераў і пленэры мастакоў. 


Хто родніць Жалудок з Парыжам
Як вядома, Жалудок – радзіма Валерыя Урублеўскага. Будучы паплечнік Кастуся Каліноўскага і генерал Парыжскай Камуны нарадзіўся ў 1836 годзе ў сям’і ляснічага, беззямельнага шляхціча Антона Урублеўскага, а калі вырас, пэўна, і сам меў намер пайсці па слядах бацькі, бо закончыў Пецярбургскі лясны інстытут. Будучы студэнтам, удзельнічаў у рэвалюцыйным руху, а пазней разам з Каліноўскім арганізаваў на Беларусі выдавецтва рэвалюцыйна-дэмакратычнай газеты “Мужыцкая праўда”, удзельнічаў у нацыянальна-вызваленчым паўстанні 1863 года. Адважна камандаваў атрадамі паўстанцаў і на Гродзеншчыне, а пасля цяжкага ранення эмігрыраваў у Францыю, дзе таксама быў у першых радах рэвалюцыянераў – змагароў за свабоду і дэмакратыю. Наш зямляк проста ўражваў французаў сваім ваенным майстэрствам і храбрасцю. 
Валерый Урублеўскі быў членам Генеральнага савета І Інтэрнацыянала, меў цесныя стасункі з Карлам Марксам і Фрыдрыхам Энгельсам. Пахаваны наш зямляк у Парыжы на знакамітых могілках Пер-Лашэз ля Сцяны Камунараў. 5 жніўня 2018 года споўніцца 110 гадоў з дня смерці Валерыя Урублеўскага. 
Яго легендарнае імя ўвекавечана ў назве адной з вуліц Жалудка, ва ўстаноўленым тут памятным знаку-камяні. Светлае імя рэвалюцыянера носіць Жалудоцкая СШ, штогод у пасёлку праводзяцца футбольныя турніры, прысвечаныя памяці В. Урублеўскага.
І яшчэ адзін ураджэнец Жалудка праславіўся ў Парыжы. Гэта Пінхус Крэмень – жывапісец, графік, скульптар. Яго бацька быў жалудоцкім рамеснікам, а сын (малодшы з дзевяці дзяцей у гэтай яўрэйскай сям’і) стаў творцам – мастаком з кагорты найбольш яркіх прадстаўнікоў Парыжскай школы, які ствараў свае шэдэўры адначасова з Пікасо і Шагалам.
У 1909-1910 гадах Крэмень вучыўся ў мастацкай школе ў Вільні, потым рызыкнуў нелегальна перайсці граніцу. Пасяліўся ў Парыжы ў інтэр­нацыянальным доме мастакоў “Вулей”. Пасля напружанай працы прыйшло і прызнанне. Пінхус Крэмень дэманстраваў свае работы ў парыжскіх галерэях. Выставы яго палотнаў з поспехам праходзілі ў Лондане, Філадэльфіі, Лазане, Жэневе… А дзякуючы арт-праекту нашых дзён “Мастакі Парыжскай школы з Беларусі”, ініцыятарамі якога сталі Нацыянальная камісія па справах ЮНЕСКА і Белгазпрамбанк, карціны Пінхуса Крэменя вярнуліся на Радзіму. Сямі з іх прысвоены статус гісторыка-культурнай спадчыны Рэспублікі Беларусь.
Вось якія людзі родняць Жалудок з Парыжам! 
Жалудчане – народ творчы
Цікаўны вандроўнік, трапіўшы ў Жалудок, заўжды можа разлічваць на падтрымку “Інфармацыйнага цэнтра па ўстойлівым развіцці і экатурызме”, які тут створаны адным з першых у рэспубліцы. Таіса Уладзіміраўна Трукшына, якая каардынавала арганізацыю гэтай справы і плённа ўдзельнічае ў кожным з праектаў, – цікавы суразмоўца і чалавек актыўнай грама­дзянскай пазі­цыі. Ад яе можна даведацца і пра традыцыі кветкавага фестывалю, і пра мясцовыя ініцыятывы, і пра цікавых землякоў.
Дарэчы, у рамках міжнародных праектаў жалудчане выпусцілі нямала кніг, брашур, буклетаў, якія стануць добрымі дапаможнікамі для любога турыста, што мае жаданне дасканала вывучыць гэты ўнікальны рэгіён.
Энтузіясты, рыхтуючы да выдання свой інфармацыйны прадукт, самі збіралі фактуру, пісалі тэксты, рабілі фотаздымкі, рэдагавалі… У выніку выйшлі зборнікі аповедаў пра няпростыя лёсы простых людзей “Кароткі шлях – добрыя справы”, “Мястэчка Жалудок. Разам пішам гісторыю і думаем пра будучае”, “Стратэгія ўстойлівага развіцця жалудоцкага краю” і іншыя. З гэтых крыніц можна даведацца і пра “таямніцу Марчуковай хаты”, якая стала сёння адной з самых папулярных аграсядзібаў. Тут турыста смачна накормяць і пры неабходнасці прадаставяць начлег, здзівяць прыгажосцю стылізаванага падворка і гатоўнасцю паказаць усё лепшае, што ёсць у пасёлку. Па ўсім відаць, што і для гаспадароў “Марчуковай хаты” – супружнай пары Рудзевічаў, і для ўсіх іншых жалудчан надзвычай важна, каб госці пакінулі ў іх родным пасёлку часцінку свайго сэрца.
Таццяна СТУПАКЕВІЧ.Фота аўтара. 

 
Подписывайтесь на нас в Telegram и Viber!