Адрадзіць народны абрад, адправіцца на гастролі, устроіць модную паці-вечарынку… Пра творчую каманду Ракавіцкага Дома культуры расказвае кіраўнік установы Жанна Рыбак

 

 

Жанна Чаславаўна Рыбак шчыра любіць святы – ствараць маленькія цуды і дарыць землякам добры настрой. Дзеля таго і выбірала ў свой час гэту няўрымслівую, звонку “заўжды святочную” прафесію – работніка культуры, за якой насамрэч стаіць глыбокае асэнсаванне таго духоўнага асяродка, дзе жывеш, любоў і павага да людзей, уменне разглядзець і ўзрасціць таленты, запаліць сэрцы і павесці за сабой іншых.

 

Аднойчы трапіўшы на пераддыпломную практыку ў Ракавіцкі сельскі Дом культуры, яна так і засталася тут, упадабаўшы прыгожыя прынёманскія мясціны і тутэйшых людзей – творчых, прыгожых душою, на дзіва песенных…

 

Яе дзяцінства і юнацтва праходзілі ў непасрэдным суседстве з малой радзімай сусветна вядомага музыканта і кампазітара Чэслава Немэна: яна хадзіла тымі ж сцежкамі маленства, так жа захоплена любавалася неверагоднай прыгажосцю Стара-Васілішкаўскага “чырвонага” касцёла, дзе неяк па-асабліваму велічна гучала духоўная музыка.

 

 

 

– А яшчэ на выбар маёй прафесіі паўплываў высокі ўзровень культасветработы, які адрозніваў нашу мясцовасць. Проста зачараванымі вачыма глядзелі мы з сяброўкамі на добразычлівую, вясёлую і ініцыятыўную загадчыцу Дома культуры Марыю Іванаўну Будзько, гатовы былі ўдзельнічаць у розных мерапрыемствах, пакараць сцэну і праяўляць сябе ў самых нечаканых ролях, – узгадвае Жанна Чаславаўна.

 

– А калі прыйшоў час рабіць прафесійны выбар, менавіта Марыя Іванаўна дала сваё благаславенне: “Паспрабуй паступіць у Гродзенскі каледж мастацтваў. У цябе атрымаецца”. Гэтыя словы паслужылі для мяне выдатнай падтрымкай.

 

Ужо не адзін год Ж.Ч. Рыбак загадвае Ракавіцкім Домам культуры, узначальвае невялікі, але вельмі дружны і творчы калектыў, дзе кожны – асоба, чалавек на сваім месцы. Да гэтых энтузіястаў цягнуцца вяскоўцы ўсіх узростаў, а таму і віруе культурнае жыццё.

 

– Да прыкладу, Яніна Іванаўна Байгот з’яўляецца кіраўніком нашага знакамітага фальклорнага гурта “Вяргіні”, які з годнасцю носіць званне народны. Дзве яго ўдзельніцы, Ванда Канстанцінаўна Машкевіч і Марыя Міхалаўна Карповіч, да ўсяго ўдастоены яшчэ і звання народных майстроў за свае залатыя рукі – ткацтва, вышыўку, пляценне. Іх дзівосныя вырабы заўжды ўпрыгожваюць нашы выставы, – расказвае Ж.Ч. Рыбак. – Менавіта ад прадстаўніц старэйшага пакалення мы даведваемся пра ўсе нюансы старадаўніх традыцый і абрадаў, запісваем і адраджаем іх, захоўваючы аўтэнтычныя элементы. Між іншым, беларускае тэлебачанне не раз праяўляла цікавасць да гэтага накірунку нашай работы і здымала каларытныя сюжэты.

 

Галоўным, так бы мовіць, брэндавым мерапрыемствам у аграгарадку Ракавічы стала свята цудатворнай Ракавіцкай іконы Божай Маці, якое заўжды праходзіць на высокім духоўным пад’ёме, калі сюды з’язджаецца мноства паломнікаў з усёй Беларусі і нават замежжа. Прыгожыя народныя абрады на Калядкі, Вялікдзень, Сёмуху, Купалле таксама праходзяць пры актыўнасці мясцовага насельніцтва.

 

– Развіта ў нас і работа ў аматарскіх аб’яднаннях, – падкрэслівае Ж.Ч. Рыбак. – Сама я вяду “Весялуху” – згуртаванне, я б сказала, паслядоўнікаў нашых “Вяргіняў”. Удзельніцы гэтага аматарскага кола – жанчыны сярэдняга ўзросту, якія з любоўю і разуменнем пераймаюць лепшыя набыткі і песенныя традыцыі старэйшага пакалення.

 

У штаце Ракавіцкага Дома культуры – два культарганізатары, якія працуюць хоць і на паўстаўкі, але выкладваюцца дзеля любімай справы напоўніцу. Андрэй Магнушэўскі кіруе аматарскім аб’яднаннем “Гармонія”, вельмі ўдала падбірае аркестравыя фанаграмы для салістаў, валодае многімі камп’ютарнымі праграмамі, выступае ў ролі фатографа і, безумоўна, выканаўцы самых розных роляў у тэатральных і абрадавых пастаноўках. А вось яго калега Мікалай Іванчык – цудоўны дзіджэй, кіраўнік спартыўнага аб’яднання “Алімп” і аб’яднання аматараў трасавага мадэліравання “Фаркоп”. Да таго ж ён майстар на ўсе рукі: адрамантаваць электрыку, тэхніку, музычную апаратуру – гэта ў яго лёгка!

 

 

 Як бачым, ракавіцкія культасветработнікі ўмеюць падабраць ключык да сэрцаў людзей і старэйшага пакалення, і моладзі. На дыскатэкі ў Ракавічы збіраюцца юнакі і дзяўчаты з усёй ваколіцы. Папулярнасцю карыстаюцца як вечары ў стылі 90-х, так і навамодныя пена-лазерныя “паці”. Больш таго, улічваючы інтарэсы самых юных, у аграгарадку нават прымалі тур віцебскага “Фестывалю фарбаў”. Дый самі ракавіцкія самадзейныя артысты надзвычай мабільныя. Без іх не абыходзяцца раённыя святы і фестывалі. З захапляючай праграмай яны наведалі многія населеныя пункты суседняга Мастоўскага раёна, дзе давалі канцэрты на платнай аснове. І людзі галасавалі рублём за іх крэатыў і творчасць!

 

– Увогуле з гадавым планам па аказанні платных паслуг мы справіліся за дзевяць месяцаў, – зазначае загадчыца Дома культуры. – Нашы платныя мерапрыемствы наведала 1600 чалавек.

 

Жанна Чаславаўна Рыбак вельмі ўдзячна кіраўніцтву Шчучынскага раённага цэнтра культуры і народнай творчасці за падтрымку і дапамогу ў вырашэнні любых арганізацыйных або тэхнічных пытанняў.

 

– Нашы дыскатэкі і канцэрты, пэўна, не мелі б таго поспеху, каб нам не перадалі ў карыстанне высокакласную апаратуру, – лічыць загадчыца Дома культуры. – А як здорава дапамагае супрацоўніцтва з нашымі метадыстамі, якія заўжды і параяць, і падкажуць! Плённае партнёрства склалася з калегамі з іншых устаноў культуры раёна: мы абменьваемся канцэртамі і творчым вопытам.

 

Не сакрэт, што ладзячы святы для іншых, культасветработнікі з-за спецыфікі сваёй прафесіі найчасцей не могуць раздзяліць радасць урачыстасці з уласнай сям’ёй. На шчасце, Жанну Чаславаўну заўжды разумелі яе блізкія людзі. З мужам – Валерыем Мечыслававічам Рыбаком, які працуе галоўным спецыялістам ТДА “Орыкс”, – яны нядаўна адзначылі сярэбранае вяселле. Ганарацца, што выхавалі добрых дачок, абагаўляюць маленькую ўнучку. Шчыра кажучы, на бабулю “культасветработнік па імені Жанна” зусім непадобная. Мабыць таму, што гэта яркая і творчая прафесія ў любым узросце дорыць чалавеку неаспрэчныя бонусы – гарэзлівасць, крэатыў, маладосць…

 

Таццяна СТУПАКЕВІЧ.

 
Подписывайтесь на нас в Telegram и Viber!