Адданасць аптэкарскай справе. Сёння адзначае 75-гадовы юбілей выдатнік аховы здароўя Беларусі, правізар вышэйшай катэгорыі, былая загадчыца ЦРА № 6 Галіна Васільеўна Шэўчык

 

Галіна Васільеўна Шэўчык гуру ў аптэкарскай справе. За больш чым 40 год працы ў гэтай сферы (многа год узначальвала Каменскую аптэку, Шчучынскую ЦРА № 6, потым дзясятак год вяла ўласны бізнес) яна ўнесла важкі ўклад у развіццё аптэчнай сеткі і ўвогуле сістэмы аховы здароўя Шчучыншчыны.

 

Павіншаваць паважаную жанчыну з юбілеем завіталі старшыня раённага Савета дэпутатаў Ганна Хвядзюк, загадчык цэнтральнай раённай аптэкі № 6 Андрэй Жытко і яго намеснік Вольга Седляр, старшыня раённага савета ветэранаў Васіль Жукоўскі, калегі з аптэчнай сеткі раёна. Добры настрой, шчырыя ўсмешкі, цудоўнае надвор'е  – усё гэта было сёння яркай "абгорткай" у вялікім віншавальным "букеце".

 

 

Ганна Станіславаўна Хвядзюк падзякавала імянінніцы за грунтоўную працу дзеля развіцця аптэчнай сеткі раёна, яе грамадзянскую і чалавечую пазіцыю, пажадала ёй моцнага здароўя, заставацца аптымістам, дабрабыту і ўсіх зямных даброт. Прыемныя словы ў адрас Галіны Васільеўны выказалі таксама Андрэй Юр'евіч Жытко і іншыя госці.

 

 

Юбілей – нагода не толькі да віншаванняў, але і для ўспамінаў. Задаволеная ўвагай Галіна Васільеўна ахвотна ўспомніла пра час свайго прафесійнага станаўлення і людзей, з якімі даводзілася працаваць. Як у 1972 годзе яна, правізар з дыпломам Віцебскага медінстытута, прыняла Каменскую аптэку, якая мясцілася ў драўляным будынку без камунальных выгод. Давялося маладой загадчыцы "ўзнімаць" гаспадарку: падлогу мяняць ды плот усталёўваць, мэблю набываць… У той жа час, апрануўшы белы халат, яна ўласнаручна гатавала лякарствы для мясцовых жыхароў і для пацыентаў бальніцы на 25 ложкаў, у тым ліку радзільнай палаты. Рабіла па пропісях парашкі, мазі, дражэ і свечкі… І рэалізавала сама. Сёння можна толькі здзіўляцца, калі чуеш яе згадкі пра тагачасныя "тэхналогіі":

 

– У бутэлькі з-пад шампанскага закатвалі інфузійныя растворы для ўнутрывеннага ўвядзення, закрывалі іх пробкавым коркам з пракладкай з пергаменту і стэрылізавалі ў апараце Коха на пліце. І ніякіх нараканняў на лекі, прыгатаваныя такім прымітыўным спосабам, не было.

 

 

У 1987-м Г.В. Шэўчык узначаліла аптэчную сетку раёна. А гэта вялікі калектыў фармацэўтаў – ЦРА № 6 і 11 аптэк на сяле. Працаваць было няпроста: перабудова, інфляцыя, дэфіцыт на лякарствы, адсутнасць грошай на аплату льготных медыкаментаў, ды і асартымент не надта...

 

– Між тым у Шчучынскім раёне была найлепш пастаўлена аплата за медыкаменты, бо ЦРА давала на іх істотную зніжку пры водпуску раённай бальніцы, – прыгадвае Галіна Васільеўна. – А яшчэ ў той няпросты час фармацэўты і правізары, каб задаволіць попыт на лекі, вярнуліся, так бы мовіць, да "вытокаў": рыхтавалі настоі і адвары з траў, часам усім калектывам сядалі за стол і за дзень закручвалі ў паперкі парашкі.  Даводзілася часта ездзіць па лекі на заводы. Там разам з вадзіцелем загружалі карабы, а ў Шчучыне нашага прыезду чакалі калегі… Крыху лягчэй стала, калі аптэка атрымала магчымасць працаваць з фірмамі, мінуючы склад.

 

 

Дарэчы, аўтарытэту ў Г.В. Шэўчык хапала, каб дамовіцца на пастаўкі неабходных прэпаратаў. Яе слову верылі, бо загадчыца трымала на асабістым кантролі працэс аплаты за медыкаменты.

 

Кіруючы калектывам ЦРА № 6, даводзілася займацца рамонтам у аптэчных установах – у горадзе і на сяле. Рабілі гэта, можна сказаць, талакой: матэрыяламі, рабочай сілай, тэхнікай дапамагалі арганізацыі і гаспадаркі раёна. І сёння былая загадчыца добрым словам узгадвае іх тагачасных кіраўнікоў -- Л.У. Эльяшэвіча, Д.Д. Адзінца, Э.Ю. Зыбко, І.Б. Тарасевіча, Б.В. Козела, У.У. Сянюту, А.П. Майстровіча… Неднойчы, кажа, дапамагала важкае слова кіраўніка раёна В.І. Казяка.

 

 

Галіна Васільеўна пераканана: "Я працавала ў самым лепшым калектыве: побач знаходзіліся адказныя, прыстойныя, сумленныя людзі. Не было ніякіх непаразуменняў. Таму ЦРА № 6 заўжды была сярод лепшых аптэк вобласці".

 

Не менш ведаў, вопыту, душы ўклала  Галіна Шэўчык і ва ўласную справу -- у 2003 годзе зарэгістравала прыватнае фармацэўтычнае прадпрыемства "Галсена". Людзі ахвотна ішлі ў аптэку на вуліцы Зялёнай, бо ведалі, што тут шырокі асартымент медыкаментаў, даступныя цэны і, што важна, кампетэнтны правізар Шэўчык са сваімі калегамі. Ажно 10 год "Галсена" і яе дырэктар дапамагалі шчучынцам быць здаровымі.

 

 

Час на пенсіі Галіна Васільеўна праводзіць актыўна. Прычым, па яе словах, жыве няспешна: ставіць дасягальныя задачы і іх выконвае. Ёй вельмі імпануюць словы адной знакамітай асобы: хаця старасць, па-руску кажучы,  гэта закат, але ёсць "закат, на который люди останавливаются посмотреть".

 

 

На Галіну Васільеўну ў яе паважаным узросце таксама хочацца паглядзець. Гэта абаяльная, інтэлігентная, добразычлівая, са шчодрай душой і добрым сэрцам жанчына свой жыццёвы шлях праходзіць з годнасцю, не пасуе перад цяжкасцямі і нягодамі, любіць і прымае гэты свет такім, які ён ёсць. Галіна Васільеўна -- сапраўдная берагіня ў адносінах да сваіх родных і блізкіх, гаспадыня – якіх пашукаць, верная сяброўка, кампетэнтны дарадца для знаёмых і незнаёмых людзей. У яе сэрцы ёсць месца любові, спагадзе, пяшчоце і духоўнасці. Дык няхай жа яе крыніца жыццёвай энергіі не перасыхае яшчэ шмат год!

 

Таццяна ПАЛУБЯТКА. Фота аўтара.

 
Подписывайтесь на нас в Telegram и Viber!