Цікавосткі старавасілішкаўскай святыні. Даведаліся, чым здзіўляе турыстаў незвычайны неагатычны касцёл (+ВІДЭА)

Старыя Васілішкі сёння – маленькая вёсачка, якая, нягледзячы на свае памеры, па праву лічыцца важным турыстычным і гісторыка-культурным пунктам на карце нашай краіны. Бо над вёскай узвышаецца велічны касцёл святых Пятра і Паўла. Гэты храм вабіць турыстаў з розных куткоў Беларусі і мае чым здзівіць нават самых дасведчаных падарожнікаў. Таму мы вырашылі падрабязней пазнаёміцца з цікавосткамі старавасілішкаўскага касцёла і даведацца, чым жа ўнікальны гэты аб’ект.

 

Храм атрымаўся шыкоўным. Падыходзячы да яго магутных муроў, адразу адчуваеш моцную энергетыку гэтага месца. Сам будынак уяўляе сабой прамавугольную базіліку з дзвюма вежамі-званіцамі з гранёнымі шпілямі, якія, нібы крылы, узносяць храм у нябёсы. Здавалася б, ужо нішто не зможа па прыгажосці пераўзысці знешні выгляд гэтага храма. Аднак такія думкі знікаюць, калі заходзіш унутр. Адразу ж кідаецца ў вочы хараство інтэр’ера касцёла.

 

 

Унутры храма тры часткі-нефы аддзяляюцца васьмю магутнымі калонамі, на якіх устаноўлены скульптуры апосталаў. Прыгожы ансамбль утвараюць бакавыя барэльефы і аконныя вітражы, на якіх адлюстраваны Крыжовы шлях Ісуса Хрыста. Унутры касцёла знаходзіцца пяць драўляных алтароў, выразаных, як і лавы для вернікаў, у гатычным стылі. Таксама інтэр’ер храма дапаўняе амбон, які раней выкарыстоўваўся для ўзмацнення голасу святара.

 

Унікальнымі для нашай краіны можна лічыць ляпныя пячоры, створаныя з гіпсу і алебастру. Яны знаходзяцца ў левым нефе храма і адлюстроўваюць біблейскія сюжэты. Скульптуры на іх паказваюць розныя этапы з жыцця Ісуса Хрыста. Што цікава, пячора мае другі ярус, на які можна падняцца па прыступках.

 

Інтэр’ер храма ўпрыгожваюць шматлікія фрэскі, абразы, якія разам са скульптурамі і вытанчанай разьбой па дрэве робяць касцёл святых Пятра і Паўла сапраўдным творам мастацтва.

 

 

На хорах касцёла ўзвышаецца даволі рэдкі для сённяшняй Беларусі класічны барочны арган на дзесяць рэгістраў. Дакладна невядомы час яго пабудовы. Аднак па сваіх характарыстыках гэты арган мае дыяпазон, характэрны для інструментаў канца 18 стагоддзя. Вядома, што падобныя арганы вырабляліся з 1760-х па 1830-я гады. Дарэчы, мяркуецца, што тутэйшы музычны інструмент быў зроблены тымі ж адмыслоўцамі, што займаліся будаўніцтвам аргана ў Будслаўскім касцёле – нямецкімі майстрамі з сям’і Ятцан.

 

Спачатку арган знаходзіўся ў старым драўляным касцёле, а потым быў перанесены ў сучасны. Вялікае значэнне аргану надаў архітэктар новага храма Канстанцін Вайцяхоўскі, які праектаваў будынак такім чынам, каб палепшыць акустыку і ўзмацніць яго гучанне.

 

 

Нягледзячы на тое, што ў часы ваяўнічага атэізму касцёл адабралі ў вернікаў, святыня моцна не пацярпела, але пра арган, на жаль, таго сказаць нельга. Ён быў пашкоджаны вандаламі і патрабаваў аднаўлення.

 

Рэстаўрацыя музычнага інструмента пачалася ў 2013 годзе, гэтую справу даверылі майстрам з Расіі. Стан аргана быў кепскі, таму рамонт зацягнуўся, аднак у 2017 годзе ён загучаў. Як кажа пробашч парафіі ксёндз Збігнеў Драгула, працы па рэстаўрацыі музычнага інструмента яшчэ не скончаны да канца і выкананы прыкладна на 95%. Але гэта не перашкаджае радаваць парафіян і гасцей касцёла цудоўнай музыкай.

 

 

Да сённяшніх дзён храм выдатна захаваўся. Сёння аб ім клапоціцца пробашч парафіі ксёндз Збігнеў Драгула, які служыць тут з 1999 года. Нягледзячы на добры агульны стан будынка, некаторыя праблемы часам узнікаюць. Так, у 2005 годзе звонку касцёла былі заменены разбураныя цагліны, якія ўжо не маглі эфектыўна выконваць нясучую функцыю. Тады з рэстаўрацыяй дапамагалі спецыялісты, якія аднаўлялі Мірскі і Нясвіжскі замкі. Важным для любога будынка з’яўляецца адвод вады. Дзеля аховы храма вакол яго была зроблена адмостка, а на прыкасцёльнай тэрыторыі – невялікія каналы, па якіх вада сыходзіць без шкоды для будынка. У перспектыве тут плануюцца працы па рамонце даху касцёла.

 

 

Нягледзячы на малую колькасць прыхаджан, парафія ў Старых Васілішках актыўна жыве. Штогод на фэст, прысвечаны ўрачыстасці святых Пятра і Паўла, сюды з’язджаецца шмат людзей, таму мерапрыемства праходзіць маштабна. Вялікая колькасць турыстаў з усёй Беларусі наведвае гэтыя мясціны. Экскурсіі па музеі Чэслава Немэна абавязкова завітваюць і ў мясцовы касцёл, які мы з гонарам можам называць духоўнай жамчужынай нашага краю.

 

 

Алег ШЫШЛОЎСКІ.
Фота аўтара.

 
Подписывайтесь на нас в Telegram и Viber!