Другі год у лідарах малочнай вытворчасці. Даведаліся як працуе малочнатаварная ферма “Скоржыкі”

Якасная прадукцыя і высокая эфектыўнасць вытворчасці – гэта тыя арыенціры, якія стаяць на першым месцы для работнікаў малочнатаварнай фермы “Скоржыкі” ААТ “Шчучынаграпрадукт”.
Сёлета калектыў фермы стаў пераможцам раённага спаборніцтва сярод вытворчых падраздзяленняў, а таксама быў адзначаны пераходным вымпелам райвыканкама на раённым злёце перадавікоў. Да слова, аналагічную ўзнагароду МТФ “Скоржыкі” мела і ў мінулым годзе. Аб тым, як атрымліваецца захоўваць планку якасці і якімі прынцыпамі кіруюцца работнікі фермы, даведаемся зараз.
На гэтай ферме знаходзіцца 512 галоў буйной рагатай жывёлы, з якіх 330 – дойны статак. Зараз ад каровы ў дзень тут атрымліваюць амаль 22 літры малака. За мінулы год сярэдні надой на карову склаў 7886 кілаграмаў малака.

– Калектыў малочнатаварнай фермы складаецца з 25 чалавек, – расказвае загадчык Ірына Папялушка. – Працуецца нам добра, усе даведзеныя планы выконваем, назіраецца стабільны рост паказчыкаў. Напрыклад, у першых месяцах 2025 года ідзе прыбаўка да паказчыкаў мінулага года па надоі малака на адну карову.
Як бачым, справы на МТФ “Скоржыкі” ідуць у гару. Як прызнаецца Ірына Папялушка, калектыў пастараецца зрабіць усё, каб забраць пераходны вымпел і ў наступным годзе. Па словах загадчыка фермы, ніякіх сакрэтаў іхняга поспеху няма, трэба проста старанна і з душой выконваць свае абавязкі.

– Рост паказчыкаў – гэта вынік дысцыпліны, уважлівага стаўлення працоўнага калектыву да сваёй працы, а таксама штодзённы клопат пра камфорт жывёлы. Немалаважна, каб у працоўным калектыве была добрая атмасфера. У нас гэта так, мы заўсёды адзін аднаму дапамагаем, асабліва новым калегам, – адзначае загадчык фермы.

Сама Ірына Папялушка працуе на ферме з 1997 года. Пачынала даяркай, потым перайшла на пасаду памочніка загадчыка, а цяпер кіруе фермай. Як прызнаецца Ірына, яна ўсёй душой любіць сельскую гаспадарку і вясковае жыццё.
МТФ “Скоржыкі” далёка не новы аб’ект жывёлагадоўлі. Першыя будынкі фермы былі ўведзены ў эксплуатацыю яшчэ ў далёкім 1953 годзе, і вось ужо больш за 70 гадоў мясцовыя жывёлаводы дбаюць аб харчовай бяспецы рэгіёна. Мадэрнізацыя аб’ектаў тут праходзіць пастаянна, таму тэхналагічна ферма мала ў чым саступае сучасным малочнатаварным комплексам.

Аднак ёсць адрозненні паміж фермамі і сучаснымі комплексамі ў падыходах да вытворчасці малака. На фермах у даярак больш фізічнай ручной працы, ад таго яны больш часу праводзяць з жывёлай і, так бы мовіць, маюць асаблівую сувязь з ёй. Даяркі ведаюць кожную сваю кароўку і даюць ім мянушкі. Выбіраюць іх з пяшчотай і любоўю: Кадрыль, Восень, Забава, Любавушка…

Галоўным адрозненнем ферм ад сучасных комплексаў з’яўляецца выпас кароў на свежым паветры, у той час як на комплексах жывёла круглы год знаходзіцца на стойлавым утрыманні. Летась на МТФ “Скоржыкі” каровы выйшлі на пашу 27 красавіка. Сёлета выйдуць не пазней за гэты тэрмін і будуць пасвіцца аж да першых прымаразкаў.

Знаходжанне на пашы добра ўплыве на здароўе жывёлы. Каровы, якія ходзяць па траве, маюць здаровыя капыты. Увогуле ўмовы і камфорт для жывёлы тут лепшыя, ад чаго і лічбы выбыцця ў сярэднім значна меншыя, чым на комплексах.

Алег ШЫШЛОЎСКІ.
Фота аўтара.
