Дзеля камфорту медыкаў і пацыентаў. Сёлета новыя ліфты з’явяцца ў Шчучынскай ЦРБ

 

У красавіку ў Шчучынскай цэнтральнай раённай бальніцы плануюць замяніць састарэлыя ліфты. Мяркуецца, што ўсе работы будуць завершаны ў жніўні гэтага года.

 

Замене падлягаюць тры ліфты, адзін з якіх грузавы, усе яны знаходзяцца ў пяціпавярховым тэрапеўтычным корпусе ЦРБ.

 

– Ліфты ўжо даўно адпрацавалі свой тэрмін, таму маем з імі шэраг праблем, галоўная – неабходнасць частага рамонту, – расказвае начальнік гаспадарчай службы Шчучынскай ЦРБ Аляксандр Патапчык. – Штомесяц неабходна праводзіць іх абслугоўванне, выклікаць інжынераў з Гродна. Здараюцца і пазапланавыя паломкі. У некаторых ліфтах ад частага выкарыстання пераграваецца рухавік, таму замена будзе вельмі дарэчы.

 

 

Новыя ліфты значна павысяць камфорт для супрацоўнікаў і наведвальнікаў ЦРБ. Напрыклад, у іх правядуць дыспетчарскую сувязь, таксама ўстановяць прыстасаванні для фізічнааслабленых асоб і датчыкі святла ў механізмах адкрыцця і закрыцця дзвярэй.

 

Праектная дакументацыя ўжо падрыхтавана. Сродкі на абнаўленне ліфтаў былі выдзелены з раённага бюджэту і склалі 495 тысяч рублёў. Замена будзе праводзіцца паэтапна. Спачатку ўстановяць новы грузавы і пасажырскі ліфты. Потым будаўнікі заменяць ліфт, які выкарыстоўваецца персаналам бальніцы для гаспадарчых мэтаў.

 

Алег ШЫШЛОЎСКІ.

Фота аўтара.

 
Подписывайтесь на нас в Telegram и Viber!