“Квітней, мая Беларусь!” Урачысты мітынг, прысвечаны Дню Незалежнасці нашай краіны, прайшоў у Шчучыне

 

У гарадскім скверы ля помніка загінуўшым воінам было мнагалюдна. Галоўнае свята краіны адзначалі разам усе пакаленні шчучынцаў і жыхароў раёна. Кіраўніцтва раёна, прадстаўнікі працоўных калектываў і грамадскіх арганізацый і аб'яднанняў, моладзь і школьнікі прыйшлі пакланіцца памяці тых, хто цаною свайго жыцця здабываў для нас Перамогу. У самай жорсткай у Беларусі вайне загінуў кожны трэці…

 

Але гэты дзень нясе і боль, і радасць адначасова: боль за загінуўшых салдатаў вайны, а радасць ад таго, што сёння мы жывём у мірнай, квітнеючай і незалежнай краіне. 

 

Беларусь… Белая Русь… Белая – значыць вялікая, святая, чыстая, светлая, свабодная, дружалюбная і гасцінная. Гэта думка чырвонай ніткай прайшла праз пралог до мітынгу.

 

 

Пад гучанне дзяржаўнага гімну горда ўзносіцца ў неба Дзяржаўны сцяг нашай краіны. Яго ўздымаюць Станіслаў Савіцкі – выпускнік гімназіі горада Шчучына, уладальнік двух 100-бальных сертыфікатаў па матэматыцы і рускай мове, залаты медаліст, неаднаразовы прызёр абласнога этапа рэспубліканскай алімпіяды па матэматыцы, Ядзвіга Уладзіміраўна Белаводская – былы намеснік дырэктара па навуковай рабоце Гродзенскага занальнага інстытута раслінаводства НАН Беларусі, і Таццяна Валянцінаўна Ступакевіч – былы галоўны рэдактар Шчучынскай раённай газеты "Дзянніца".

 

 

З Днём Незалежнасці павіншаваў удзельнікаў мітынгу старшыня Шчучынскага раённага выканаўчага камітэта Аляксей Садоўскі:

 

– Гэты дзень у першую чаргу з'яўляецца сімвалам народнага адзінства, якое дапамагло беларусам вытрымаць самы моцны ўдар лёсу – выжыць як нацыя ў гады Вялікай Айчыннай вайны і перамагчы. Усе разам мы прымалі рашэнне і аб тым, каб выбраць галоўным дзяржаўным святам 3 Ліпеня – дзень вызвалення сталіцы нашай краіны ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў. Адзіныя мы і сёння ў імкненні захаваць гераічную спадчыну нашага народа, памяць пра Вялікую Перамогу, абараніць сваё суверэннае права на выбар гістарычнага шляху...

 

 

Дарагія землякі, нашу Перамогу мы нікому не аддадзім. Наша незалежнасць –  нацыянальны здабытак, а нашы людзі – галоўнае нацыянальнае багацце. Мы зробім усё магчымае, каб захаваць незалежнасць роднай зямлі, якая дасталася нам, дзякуючы слаўнаму подзвігу нашага народа і добрасумленнай працы мільёнаў беларусаў. 

 

3 Ліпеня для нас – дзень радасці, свята памяці і ўдзячнасці ўсім тым, хто быў разам з Беларуссю на складаных этапах яе гісторыі. А ў год беларускай жанчыны хочацца ўспомніць добрым словам усіх нашых зямлячак, якія ўнеслі уклад у слаўны летапіс сваёй Радзімы.

 

 

Традыцыйна, напярэдадні Дня Незалежнасці Рэспублікі Беларусь, Шчучынскім раённым выканаўчым камітэтам прымаецца рашэнне аб занясенні звестак у Кнігу Славы Шчучынскага раёна аб грамадзянах, якія ўнеслі значны ўклад у развіццё роднай Шчучыншчыны. Сімвалічна, што ў Год беларускай жанчыны імі сталі Ядзвіга Уладзіміраўна Белаводская кандыдат сельскагаспадарчых навук, Заслужаны работнік сельскай гаспадаркі Рэспублікі Беларусь, Марыя Люцыянаўна Волчак, якая больш за 30 гадоў узначальвала Шчучынскі занальны цэнтр гігіены і эпідэміялогіі, была дэпутатам Шчучынскага гарадскога Савета, а таксама Таццяна Валянцінаўна Ступакевіч, якая каля 10-ці гадоў з’яўлялася галоўным рэдактарам рэдакцыі Шчучынскай раённай газеты “Дзянніца”, узнагароджана знакам  “Выдатнік друку Беларусі”, з'яўляецца лаўрэатам прэміі “Чалавек года Гродзеншчыны ў грамадска-палітычнай сферы” за 2016 год, а таксама лаўрэатам прэміі Беларускага саюза журналістаў “Залатое пяро”.

 

Пасведчанні і грашовыя ўзнагароджванні ўручыў гэтым заслужаным жанчынам Аляксей Садоўскі.

 

 

Ад імя сваіх калег па ўшанаванні словы падзякі выказала Таццяна Ступакевіч:

 

– Вельмі хвалююча ў такі знакавы дзень быць удастоенымі такога гонару, калі тваё імя занесена ў Кнігу Славы разам  з лепшымі прадстаўнікамі  многіх пакаленняў жыхароў Шчучыншчыны. Мы вельмі ўдзячны раённай уладзе, калектывам, у якіх працавалі, за такую высокую адзнаку нашага ўкладу ў любімую справу, сацыяльнае і грамадскае жыццё раёна.

 

 

Таццяна Валянцінаўна павіншавала ўсіх ў Днём Незалежнасці і Годам беларускай жанчыны.

 

Самыя шчырыя словы віншаванняў выказаў у адрас жыхароў раёна і гасцей ваенны камісар Шчучынскага раёна Дзяніс Міхайлаў.

 

 

Удзельнікі мітынгу ўшанавалі памяць усіх загінуўшых у гады Вялікай Айчыннай вайны, усіх, хто пайшоў з жыцця ў мірны час, хвілінай маўчання. А ў знак нашай вечнай памяці пра іх да помніку ляглі жывыя кветкі…

 

 

Мы ганарымся табою, любімая наша краіна, і ўсе разам, не забываючы сваё мінулае, традыцыі, свае каштоўнасці, якія праз стагоддзі гісторыі прывялі нас да Незалежнасці, ідзём насустрач светламу будучаму! З Днём Незалежнасці, родная Беларусь!

 

 

Ганна РУДСКАЯ.

Фота аўтара.

 
Подписывайтесь на нас в Telegram и Viber!