На варце правоў працоўных. У Шчучыне прайшло пасяджэнне Савета раённага аб’яднання прафсаюзаў

На гэтым тыдні прайшло пасяджэнне Савета Шчучынскага раённага аб’яднання прафсаюзаў, падчас якога былі падведзены вынікі працы за мінулы год і вызначаны задачы на перспектыву.

 

Удзел у пасяджэнні ўзялі намеснік старшыні Шчучынскага райвыканкама Міхаіл Сушчэўскі, намеснік старшыні Гродзенскага абласнога аб’яднання прафсаюзаў Надзея Сцяпура, начальнік упраўлення па працы, занятасці і сацыяльнай абароне Шчучынскага райвыканкама Андрэй Навіцкі, а таксама старшыні і актывісты раённых і пярвічных прафсаюзных арганізацый.

З грунтоўным дакладам да членаў Савета звярнуўся лідар прафсаюзнага руху Шчучыншчыны Юрый Пашук:

 

– У выніку работы за 2022 год створаны 4 новыя пярвічныя прафсаюзныя арганізацыі, дзве з іх – у прыватным сектары эканомікі. Такім чынам, з 2015 года ў раёне створана больш за 30 “пярвічак”. У склад Шчучынскага раённага аб’яднання прафсаюзаў уваходзяць 107 пярвічных прафсаюзных арганізацый, 7 цэхавых камітэтаў, 4 раённыя арганізацыі галіновых прафсаюзаў. Яны аб’ядноўваюць больш за 11,5 тысячы чалавек, з якіх больш за 1000 – пенсіянеры. Ахоп прафсаюзным членствам складае 97,6%.

 

 

Асноўны кірунак дзейнасці прафсаюзаў – гэта абарона працоўных і сацыяльна-эканамічных правоў работнікаў, а таксама ахова працы. За 2022 год у Шчучынскае раённае аб’яднанне прафсаюзаў звярнулася больш за 40 чалавек. Па ўсіх пастаўленых пытаннях былі дадзены тлумачэнні. Тэматыка зваротаў розная – гэта аплата працы, звальненне і прыём на працу, аказанне матэрыяльнай дапамогі і іншыя пытанні. Дадаткова раённым аб’яднаннем прафсаюзаў праводзіўся маніторынг цэн на сацыяльна важныя тавары і паслугі. Надавалася ўвага як цэнам, так і наяўнасці тавараў у арганізацыях рознічнага гандлю.

 

 

Аб выніках дзейнасці за мінулы год падрабязна расказалі кіраўнікі пярвічных прафсаюзных арганізацый СШ № 1 горада Шчучына і ААТ “Шчучынскі завод “Аўтапровад” Сяргей Стульгіс і Вольга Кірылава.

 

 

Таксама з дакладам выступіла намеснік старшыні Гродзенскага абласнога аб’яднання прафсаюзаў Надзея Сцяпура. Пра работу ў кірунку аховы працы і тэхнікі бяспекі расказаў старшыня Шчучынскай раённай арганізацыі Беларускага прафсаюза работнікаў дзяржаўных і іншых устаноў Андрэй Навіцкі. Спецыяліст па сувязях з грамадскасцю Шчучынскага раённага аб’яднання прафсаюзаў Алёна Эльяшэвіч звярнула ўвагу прысутнах на асвятленне прафсаюзнай дзейнасці ў сацсетках і інтэрнэце.

 

 

Заключнай часткай мерапрыемства стала ўзнагароджванне актывістаў прафсаюзных арганізацый, пасля чаго ўдзельнікаў пасяджэння парадавалі музыкальным нумарам выхаванцы Шчучынскага палаца творчасці дзяцей і моладзі.

 

 

Алег ШЫШЛОЎСКІ.

Фота аўтара.

 
Подписывайтесь на нас в Telegram и Viber!