Нядаўна ўбачыла свет кніга нашага земляка, празаіка, члена Саюза пісьменнікаў Беларусі, былога намесніка галоўнага рэдактара “Дзянніцы” Івана Пяшко

 

У кнігу “Аднакурснікі” ўвайшлі дзве аповесці – “Без бацькі” і “На хвалях лёсу”, а таксама эсэ “Аднакурснікі”.

 

-- Аповесць “Без бацькі” задумвалася як кінасцэнарый, -- расказвае Іван Рыгоравіч. – Яна была надрукавана на рускай мове ў часопісе “Нёман”. А часопіс “Маладосць” размясціў на сваіх старонках эсэ “Аднакурснікі”. Усе тры творы, што ўвайшлі ў кнігу, -- мае нядаўнія работы. Яны носяць аўтабіяграфічны характар і расказваюць пра маю сям’ю, пра работу ў Шчучыне, пра маіх аднакурснікаў, з якімі я разам вучыўся на вышэйшых сцэнарных і рэжысёрскіх курсах у Маскве.

 

“Аднакурснікі” -- гэта дзясятая кніга Івана Пяшко, у якой на аснове асабіста перажытага пісьменнік паказаў лёс цэлага пакалення, якое прайшло праз цяжкія выпрабаванні Вялікай Айчыннай вайны, аднаўляла родны край у складаных пасляваенных умовах. Кніга надрукавана ў выдавецкім доме “Звязда” тыражом у 700 экзэмпляраў.

 

Іван Рыгоравіч -- аўтар шматлікіх апавяданняў і аповесцей, у тым ліку напісаных для дзяцей, эсэ, гумарэсак на рускай і беларускай мовах, сааўтар дзясятка літаратурных калектыўных зборнікаў. Яго творы друкуюцца ў часопісах «Полымя», «Маладосць», «Нёман».

 

Ганна РУДСКАЯ.

Фота аўтара.

 
Подписывайтесь на нас в Telegram и Viber!