Паэтычная творчасць – праз усё жыццё. Сёння 85-гадовы юбілей адзначае наша зямлячка, паэтэса Любоў Русілка

85 год таму назад 15 мая 1940 года ў далёкім Казахстане нарадзілася дзяўчынка, якую назвалі прыгожым імем Люба. Яе маленства прайшло ў Днепрапятроўскай вобласці. Дзяўчынцы не было і трох год, калі іх сям’ю напаткала вялікае гора – не стала бацькі, які загінуў на фронце падчас Вялікай Айчыннай вайны.
У 1947 годзе Люба з маці і айчымам пераехалі ў Беларусь. Гродзеншчына стала для яе другой радзімай, дзе прайшлі школьныя і студэнцкія гады. У вёсцы Бершты пачаўся яе працоўны шлях: спачатку – непрацяглы час у мясцовым клубе, а затым – сорак год у мясцовай школе. Працавала настаўніцай беларускай мовы і літаратуры, была завучам, а затым і дырэктарам. Любоў Мікалаеўна вельмі любіла сваю прафесію. У школе паважалі яе за шчырасць, справядлівасць і спагадлівасць. Яе педагагічны вопыт вывучаўся ў раёне, вобласці, рэспубліцы. За сваю шматгадовую і добрасумленную працу мае шматлікія ўзнагароды, сярод якіх ордэн “Знак Пашаны”. У Берштах выйшла замуж за Івана Русілку, стварылі цудоўную сям’ю, у якой нарадзіліся дачка і сын. Радуюць тры ўнучкі, падрастаюць чатыры праўнукі.
Любоў Мікалаеўна праз усё жыццё пранесла сваё любімае захапленне – паэтычную творчасць. Першы верш напісала ў 12-гадовым узросце, калі страціла матулю. У Шчучынскай раённай газеце “Савецкая вёска” у 1971 годзе яе першыя вершы былі надрукаваны. Потым у розныя гады друкаваліся ў абласной газеце “Гродзенская праўда”, у рэспубліканскіх газетах і часопісах. Асобна выдадзены зборнік вершаў “Пад сонцам” і паэма “Зямлі і людзям”.
Любоў Мікалаеўна ўсю сябе прысвяціла людзям, вучыла і выхоўвала дзяцей, а па-іншаму і не магла. Сваё жыццё яна лічыць поўнасцю шчаслівым. Гэта думка нярэдка гучыць і ў яе вершах:
Ды сумаваць па тым не трэба,
Што недзе там застаўся май.
Там бель і хмель, і зерне ў глебе.
А ці не шчасце – ураджай?
З нагоды юбілейнага дня народзінаў хочацца ад ўсяго сэрца пажадаць шаноўнай Любові Мікалаеўне – ветэрану педагагічнай працы, мудраму настаўніку, добрай, чулай, спагадлівай жанчыне, клапатлівай матулі, бабулі, прабабулі, каб, нягледзячы на ўсе цяжкасці і складанасці, праз якія ёй прыйшлося прайсці на жыццёвым шляху, і далей не знікалі яе аптымізм, цярпенне, не пакідалі сілы. Няхай будзе моцным Ваша здароўе. Няхай злыя вятры ніколі не б’юць у твар, а лагодны лёгкі ветрык заўсёды пяшчотна павявае ў спіну. А ад бед, хвароб і нягод Вас надзейна ахоўвае Маці Божая.
Таццяна САВЯНКОВА, в. Мількаўшчына, Гродзенскі раён.
Фота з архіва рэдакцыі.
