Прыродныя антыбіётыкі

 

У постковідную эпоху неабходнасць захаваць здароўе з глабальнай мэты ператварылася ў задачу надзённую, што настойліва патрабуе вырашэння. Хтосьці скупляе вітамінныя комплексы і імунамадулятары ў аптэках, а хтосьці круціць на мясарубцы каліну з мёдам і ў любую страву дадае часнок і імбір. Прыродныя антыбіётыкі: ці сапраўды яны валодаюць унікальнымі ўласцівасцямі? Пра гэта мы спыталі ў навуковага супрацоўніка аддзела харчавання РНПЦ НАН Беларусі па харчаванні Ганны Журні.

 

 

Здароўе падорыць прырода?

 

 

— Што такое наогул натуральныя антыбіётыкі, або прыродныя антыбіётыкі? Яны сапраўды лечаць?

 

 

— Многія сучасныя антыбіётыкі атрымліваюць на аснове прыродных крыніц. Некаторыя экстракты раслін, эфірныя алеі і нават харчовыя прадукты валодаюць антыбіятычнымі ўласцівасцямі. Праведзены шэраг даследаванняў, якія паказваюць, што некаторыя прыродныя антыбіётыкі могуць быць настолькі ж эфектыўныя пры знішчэнні патагенных бактэрый, як і сінтэтычныя прэпараты. Прыродныя, ці натуральныя антыбіётыкі — гэта натуральныя лекі, якія вызначаюцца шырокім спектрам супрацьмікробнай актыўнасці і выкарыстоўваюцца пры лячэнні пачатковых стадый многіх запаленчых захворванняў інфекцыйнай прыроды, не аказваючы шкоднага ўздзеяння на арганізм чалавека.

 

 

— Наяўнасць якіх рэчываў абумоўлівае лячэбны эфект прыродных антыбіётыкаў?

 

 

— Усе яны ўтрымліваюць розныя рэчывы, што абумоўліваюць іх антыбактэрыяльныя, супрацьвірусныя і супрацьзапаленчыя ўласцівасці. Так, напрыклад, антыбактэрыяльны эфект мёду абумоўлены ўтрыманнем у ім пераксіду вадароду. Мёд выкарыстоўваецца ў традыцыйнай медыцыне пры лячэнні туберкулёзу, вочных хвароб, інфекцый горла, бранхіяльнай астмы, заражэння гельмінтамі, экзэмы, запораў, для гаення язваў і г. д. Са старажытных часоў мёд наносілі на раны для гаення і прадухілення развіцця інфекцыі. Сучасная медыцына даказала эфектыўнасць выкарыстання мёду супраць залацістага стафілакока, а таксама супраць многіх бактэрыяльных патагенаў і грыбкоў.

 

 

Адзін з самых вядомых прыродных антыбіётыкаў — імбір. У яго складзе галоўныя кампаненты — эфірны алей і фенольныя злучэнні (у прыватнасці, ганглеролы і шагаолы), таксама прысутнічаюць арганічныя кіслоты (шчаўевая, бурштынавая, яблычная), вугляводы (ксілоза, глюкоза, лактоза, мальтоза), поліцукрыды і дубільныя рэчывы.

 

 

Вядома, што супраць розных відаў бактэрый, уключаючы кішачную палачку, залацісты стафілакок, Pseudomonas aerugіnosa эфектыўны водны экстракт гваздзікі. Актыўны кампанент гваздзікі — эўгенол, ён вызначаецца выдатнымі антыбактэрыяльнымі ўласцівасцямі.

 

 

Самая вядомая спецыя, якая валодае супрацьмікробнымі ўласцівасцямі, — куркума. Карэнішчы куркумы ўтрымліваюць складаны комплекс біялагічна актыўных злучэнняў, сярод якіх асноўныя — куркуміноіды, тумероны і куркумены. Бактэрыцыдная актыўнасць гэтых рэчываў была ўстаноўленая яшчэ ў 1949 г., а ў наступныя 30-40 гадоў даказана супрацьзапаленчае, гіпаглікемічнае, антыаксідантнае, раназагойваючае, жаўцягоннае, супрацьгрыбковае, антымутагеннае, проціпухліннае і дэтаксіцыйнае дзеянне.

 

 

Бактэрыцыдныя ўласцівасці брусніц абумоўлены наяўнасцю ў іх бензойнай кіслаты. Гэта натуральны кансервант, які спыняе развіццё хваробатворных бактэрый. Журавіны змяшчаюць кіслоты, дзеянне якіх ідэнтычнае дзеянню антыбіётыкаў супраць мікробаў класа E. Colі (вялікая група бактэрый, што выклікаюць запаленні нырак, мачавога пузыра, інфекцыйны гастраэнтэрыт). Устаноўлена, што экстракт журавін эфектыўна дзейнічае нават супраць штамаў бактэрый, устойлівых да традыцыйных антыбіётыкаў. Гаючыя ўласцівасці дадзеных ягад перашкаджаюць распаўсюджванню бактэрый Helіcobacter Pіlorі, якія выклікаюць язву страўніка.

 

 

Абляпіха, і асабліва абляпіхавы алей, утрымліваюць вітаміны, дубільныя рэчывы, а таксама алеінавую, стэарынавую, лінолевую і пальмецінавую тлустыя кіслоты, дзякуючы якім гэта выдатны бактэрыцыдны, раназагойваючы, супрацьзапаленчы сродак.

 

 

 

 

Ад сямі хвароб

 

 

— Самыя папулярныя ў нашых шыротах сродкі «ад усіх хвароб» — часнок і цыбуля. Пачнём з часнаку: у яго сапраўды настолькі магутнае супрацьвіруснае ўздзеянне?

 

 

— У розных культурах ва ўсім свеце часнок прызнаны лячэбным і прафілактычным сродкам з-за яго антыбактэрыцыдных, супрацьгрыбковых і супрацьвірусных уласцівасцяў. У яго склад уваходзіць больш за 400 актыўных рэчываў. Малады часнок змяшчае важную незаменную амінакіслату — тыямін. Часнок багаты на ёд, жалеза, натрый, марганец, калій і магній. Сульфіды ў яго складзе эфектыўна супрацьстаяць бактэрыям, вірусам і развіццю небяспечных інфекцыйных захворванняў. Самы важны актыўны кампанент часнаку — аліцін, які, акрамя барацьбы з бактэрыямі і вірусамі, здольны прыводзіць у норму ўтрыманне «дрэннага халестэрыну» ў крыві. Рэгулярны прыём часнаку зніжае рызыку з'яўлення атэрасклератычных бляшак, развіцця гіпертаніі і захворванняў сэрца. Біялагічна актыўнае рэчыва аджаен, якое змяшчаецца ў часнаку, разрэджвае кроў, перашкаджаючы з'яўленню тромбаў. Часнок выкарыстоўваецца для зніжэння артэрыяльнага ціску, умацавання імуннай сістэмы, лячэння інфекцый верхніх дыхальных шляхоў і захворванняў стрававальнай сістэмы. Экстракт часнаку можна выкарыстоўваць як эфектыўны сродак для лячэння вірусаў герпесу і грыпу, многіх формаў бактэрый, такіх як Salmonella і Escherіchіa colі (E. Colі.). З дапамогай свежага часнаку можна пазбавіцца ад дызбактэрыёзу і запаленняў у слізістай абалонцы тоўстай кішкі.

 

 

— Ці ёсць па часнаку супрацьпаказанні?

 

 

— Не рэкамендуецца ўжываць часнок пры наступных паталогіях: гастрыт, панкрэатыт, вострыя захворванні СКТ, анемія, праблемы з мочаспусканнем, гемарой, індывідуальная непераноснасць. Празмернае ўжыванне гэтага прадукту можа прывесці да галаўных боляў, запаволенай рэакцыі. Часнок раздражняе нервовую сістэму, таму не рэкамендуецца ўжываць яго на ноч. Каб атрымаць максімальную карысць і мінімум пабочных эфектаў, на дзень лепш абмежавацца 3-4 зубчыкамі.

 

 

— Ну, а цыбуля — чым абумоўлена яе супрацьмікробнае ўздзеянне?

 

 

Цыбуля змяшчае велізарную канцэнтрацыю флаваноідных поліфенолаў. Чырвоная рэпчатая цыбуля асабліва багатая на супрацьзапаленчы фітанутрыент — кверцацін. Аднак гэтага рэчыва досыць шмат і ў белай, і ў жоўтай цыбулі. Дадзеная гародніна змяшчае і вялікую разнастайнасць алілсульфідаў, уключаючы чатыры асноўныя дзіялілсульфіды (DMS, DDS, DTS і DTTS), разнастайныя сульфаксіды. Усім гэтым наборам і абумоўліваюцца лячэбныя ўласцівасці рэпчатай цыбулі. Таксама яна багатая на клятчатку: ўжыванне цыбулі паскарае страваванне і спрыяе фарміраванню здаровага мікрабіёму кішэчніка. Свежая цыбуля, як і часнок, валодае супрацьтрамбозным эфектам, аднак тэрмічная апрацоўка пазбаўляе яе гэтай уласцівасці. А тое, што фітанцыды цыбулі пагібельна ўплываюць на патагенныя бактэрыі, было ўстаноўлена яшчэ ў першай палове мінулага стагоддзя. Сучасныя даследаванні адкрываюць новыя перспектывы выкарыстання лячэбных уласцівасцяў рэпчатай цыбулі. Так, перспектыўнай лічыцца распрацоўка і прымяненне прэпаратаў цыбулі для паляпшэння функцыянавання сардэчнай мышцы, гладкай мускулатуры, сакраторных залоз сістэмы стрававання. Цыбуля і яе сок ужываюць пры функцыянальным зніжэнні тонусу сценак кішэчніка, хранічных запорах, нырачнакаменнай хваробе, ацёках. Прычым пры хранічных захворваннях часта раяць проста ўводзіць цыбулю ў рацыён на пастаяннай аснове або штодня дадаваць у ежу невялікую колькасць цыбульнага соку (ад 1 ч. л. да 1-2 ст. л.).

 

 

— У цыбулі таксама ёсць супрацьпаказанні?

 

 

— Празмернае ўжыванне цыбулі проціпаказанае людзям з язвай страўніка і дванаццаціперснай кішкі, пацыентам, што маюць гастрыт (такая гародніна павышае кіслотнасць страўнікавага соку) і панкрэатыт. Цыбуля проціпаказаная пры захворваннях выдзяляльнай сістэмы, печані, нырак.

 

 

— Як правільна ўжываць цыбулю і часнок не з мэтай зрабіць ежу смачнейшай, а дзеля прафілактыкі і лячэння?

 

 

— З лячэбнай мэтай цыбулю і часнок пажадана выкарыстоўваць у свежым выглядзе. Тэрмічная апрацоўка можа цалкам знішчыць усе карысныя рэчывы ў іх. Антыбактэрыяльнае ўздзеянне часнаку і цыбулі, якія захоўваліся ў халадзільніку чатыры месяцы, зніжаецца прыкладна ўдвая. А падчас захоўвання пры пакаёвай тэмпературы праз восем месяцаў гэтыя віды гародніны цалкам страчваюць свае фітанцыдныя ўласцівасці.

 

 

Хрэн за рэдзьку не саладзейшы

 

 

— Хрэн, рэдзька і кіслая капуста — таксама прыродныя антыбіётыкі?

 

 

— У народнай медыцыне хрэн рэкамендуюць пры захворваннях, якія суправаджаюцца моцным кашлем — галоўным чынам, пры бранхітах. У хрэне ўтрымліваюцца фітанцыды, што дапамагаюць арганізму справіцца з інфекцыяй. Хрэн знішчае інфекцыю ў поласці рота і перашкаджае развіццю зубнога карыесу (яго выкарыстоўваюць у вытворчасці некаторых зубных паст). Эфірныя алеі рэдзькі валодаюць выразнымі антысептычнымі ўласцівасцямі. Фітанцыды рэдзькі здольныя падаўляць розныя бактэрыі, у тым ліку і бактэрыі, што насяляюць тоўсты кішэчнік. Рэдзька валодае многімі гаючымі ўласцівасцямі. Ужыванне яе ў ежу паказана пры прастудных захворваннях, а таксама хваробах, якія суправаджаюцца кашлем (сок рэдзькі — выдатны адхарквальны сродак), у тым ліку пры коклюшы. Рэдзька можа палегчыць стан хворага пры падагры, радыкуліце. Мінеральныя рэчывы, крыніцай якіх з'яўляецца рэдзька, трапіўшы ў арганізм, спрыяюць нармалізацыі салявога абмену. Здаўна ў медыцыне выкарыстоўваецца мачагоннае і жоўцегоннае ўздзеянне рэдзькі.

 

 

Квашаная капуста — прадукт, які быў пад уздзеяннем ферментацыі (ўзбагачэнне жывымі прабіятычнымі бактэрыямі). Пры яе ўжыванні паляпшаецца страваванне, умацоўваюцца ахоўныя сілы арганізма, ўзмацняецца імунная сістэма і падаўляецца патагенная мікрафлора.

 

 

— Імбір — як яго правільна ўжываць?

 

 

— Імбір варта з асцярожнасцю ўжываць людзям з хваробамі страўніка, кішэчніка, печані і жоўцевага пузыра. Таксама варта адмовіцца ад яго тым, хто мае сардэчна-сасудзістыя захворванні: ён узмацняе крывацёк, памяншае вязкасць крыві, што можа прывесці да пагаршэння стану здароўя. Корань імбіра карыснейшы за парашок. Яго можна жаваць сырым, дадаваць у напоі, у якасці спецыі класці ў стравы. Здаровым дарослым людзям можна ўжываць да 3-4 грамаў свежага імбіру ў дзень, але не нашча. А калі імбір у парашку, лепш абмежавацца паловай чайнай лыжкі: у сухім стане ён больш канцэнтраваны. Калі купляеце імбір, правярайце, каб корань быў шчыльны, цвёрды, сухі. Ён аддасць максімум карысных рэчываў, калі надзерці яго на дробнай тарцы або нарэзаць тонкімі слайсамі, а ў страву або напой дадаваць адразу перад ужываннем.

 

 

Размаўляла Аляксандра Анцэлевіч, "Звязда"

 
Подписывайтесь на нас в Telegram и Viber!