Пытанні прафілактыкі правапарушэнняў і праяў карупцыйнай накіраванасці былі разгледжаны на чарговым пасяджэнні раённай камісіі па супрацьдзеянні карупцыі

Пытанні прафілактыкі правапарушэнняў і праяў карупцыйнай накіраванасці былі разгледжаны на чарговым пасяджэнні раённай камісіі па супрацьдзеянні карупцыі. У рабоце камісіі прыняў удзел намеснік пракурора Шчучынскага раёна Дзмітрый Гайдукевіч.

 

 

Мэта сур’ёзнай размовы – прааналізаваць тыповыя памылкі, якія дапускаюцца службовымі і адказнымі асобамі, каб прадухіліць іх паўтарэнне. З інфармацыяй аб злачынствах карупцыйнай накіраванасці на тэрыторыі раёна за 8 месяцаў бягучага года выступіў начальнік РАУС Аляксандр Рэба. У выніку праведзеных аддзелам унутраных спраў райвыканкама ва ўзаемадзеянні з іншымі праваахоўнымі органамі мерапрыемстваў на тэрыторыі раёна ў сферы эканомікі  выяўлена 25 злачынстваў, з якіх два адносяцца да катэгорыі карупцыйных. Аляксандр Аляксандравіч прывёў шэраг прыкладаў, калі былі выяўлены і расследаваны альбо расследуюцца факты карупцыйных праяў.

 

 

Размова ішла аб прадухіленні выпадкаў непрадукцыйнага выбыцця сельскагаспадарчых жывёл, недапушчэнні продажу жывой жывёлы і мяса ад экстрана забітых жывёл камерцыйным структурам. Таксама трэба ажыццяўляць строгі кантроль за ўнясеннем звестак у статыстычную справаздачнасць у галіне жывёлагадоўлі. Адзначалася, што кіраўнікі павінны ўзмацніць кантроль пры ажыццяўленні дзяржзакупак і правядзенні інвентарызацыі матэрыяльных каштоўнасцяў, не дапускаць канфлікту інтарэсаў, лабіравання інтарэсаў зацікаўленых асоб. Каб папярэдзіць супрацьпраўныя дзеянні ў шэрагу арганізацый раёна, неабходна захоўваць выканальніцкую і працоўную дысцыпліну, наладзіць першасны ўлік, каб не быць прыцягнутымі да адміністрацыйнай і крымінальнай адказнасці. Але, самае галоўнае, усе павінны разумець, якія будуць наступствы пры ўчыненні падобнага роду правапарушэнняў.

 

 

Далей у ходзе разгляду пытанняў парадку дня былі заслуханы справаздачы  з аналізам  наяўнасці ў суб›ектаў гаспадарання пратэрмінаванай дэбіторскай запазычанасці і перавышэння тэмпаў росту заработнай платы над прадукцыйнасцю працы, аб выключэнні карупцыйных рызык пры ажыццяўленні адміністрацыйных працэдур, аб неабходнасці выяўлення магчымых карупцыйных правапарушэнняў пры заключэнні і афармленні сельскагаспадарчымі арганізацыямі дагавораў падраду.

 

 

Падчас сустрэчы падкрэслівалася важнасць прафілактыкі карупцыйных злачынстваў, якія не толькі наносяць матэрыяльную шкоду краіне, але і ламаюць чалавечыя жыцці. Па выніках пасяджэння былі дадзены рэкамендацыі па асобных пытаннях прафілактыкі карупцыйных і іншых злачынстваў, вызначаны задачы на ​​бліжэйшы перыяд і тэрміны іх выканання.

 

Сяргей КАСПЯРЧУК.
Фота аўтара.

 
Подписывайтесь на нас в Telegram и Viber!