Сезон пляжнага футбола стартаваў у Шчучыне. Магілёўскі “ЦОР” стаў уладальнікам Суперкубка Беларусі 2024

 

Сёння ў Шчучыне стартаваў сезон беларускага пляжнага футбола. Па традыцыі, кожны год праграму гэтага летняга віду спорту адкрывае матч за Суперкубак Беларусі. Сёлета гульню за першы трафей сезона 2024 прыняў наш горад.

 

У паядынку за Суперкубак сустрэліся чэмпіён мінулага сезона, а таксама ўладальнік Кубка краіны магілёўскі ЦОР і срэбны прызёр мінулага розыгрышу Кубка Беларусі каманда “Юркас” з Віцебска.

 

Спартсменаў і гледачоў вітала намеснік старшыні Шчучынскага райвыканкама Таццяна Цюсіна:

 

– Ад імя кіраўніцтва Шчучынскага раёна і сябе асабіста я вітаю арганізатараў, удзельнікаў і гледачоў на трыбунах і каля экранаў. Сярод жыхароў Шчучынскага раёна пляжны футбол папулярны, ён прыгожы і дынамічны. Мы шчыра ўдзячны, што менавіта на нашай зямлі праводзяцца турніры такога ўзроўню. Сімвалічна тое, што ўчора быў Дзень Перамогі і сёння мы працягваем яго адзначаць. Са святам, шаноўныя сябры, з Днём Перамогі! Менавіта дзякуючы 9 мая 1945 года мы можам займацца спортам і жыць пад мірным небам.

 

 

Перад пачаткам гульні футбалісты і гледачы ўшанавалі памяць загінулых у гады Вялікай Айчыннай вайны хвілінай маўчання.

 

 

Нягледзячы на майскі дожджык шчучынскія аматары пляжнага футбола не абмінулі ўвагай гэты матч. І пэўна не пашкадавалі, бо сустрэча падаравала гледачам мноства эфектных атак, падрыхтаваных камбінацый і галоў.

 

 

Вынікам сустрэчы стала перамога магілёўскага “ЦОР”, гульцы якога забілі ажно дзесяць мячоў у вароты “Юркаса”. Віцебскія футбалісты змаглі адзначыцца толькі трыма галамі ў гэтай сустрэчы. Такім чынам, па выніках упэўненай перамогі з лікам 10:3 уладальнікам Суперкубка Беларусі па пляжным футболе сезона 2024 становіцца ПФК “ЦОР”. Віншуем пераможцаў!

 

 

Ужо заўтра на пляцоўцы пляжнага стадыёна ў Шчучыне стартуе сямнаццаты чэмпіянат Беларусі па пляжным футболе ўдзел у якім возьмуць наступныя каманды: “Шчучын”, “Мінск”, “Брэст-Волга”, “Гроднааблспорт”, Магілёўскі “ЦОР”, Віцебскі “Юркас” і “ДЮСШ-ЦОР” з Кіраўска. Першы тур чэмпіяната адкрые матч “Шчучына” супраць “ЦОР”. Сустрэча абудзецца ў суботу ў 10:00, прыходзьце падтрымаць нашу каманду!

 

Алег ШЫШЛОЎСКІ.

Фота аўтара.

 
Подписывайтесь на нас в Telegram и Viber!