“Шкатулка талентаў”, “Радасныя ноткі” і пісьмо на паветраным шары. Чым сёння здзівіў і парадаваў інклюзіўны фестываль

 

На мерапрыемствах у Шчучынскім цэнтры карэкцыйна-развіваючага навучання і рэабілітацыі заўсёды цікава. Штогадовы фестываль дзіцячай творчасці “Радасныя ноткі”, прымеркаваны да Дня інвалідаў, сёння сабраў цэлую залу юных артыстаў, іх бацькоў і педагогаў, сяброў і валанцёраў. 52 удзельнікі з усяго раёна заявілі аб жаданні прадэманстраваць свае творчыя знаходкі. І гэта былі не толькі выступленні на сцэне, але і ўдзел у выставе “Шкатулка талентаў”, дзе ўражвалі малюнкі, яркія пано, паробкі і сувеніры на навагоднюю тэматыку.

 

 

З прывітальным словам да прысутных звярнулася намеснік начальніка аддзела адукацыі райвыканкама Жанна Мецько.

 

– Сённяшні фестываль – гэта яшчэ адна магчымасць выказаць нашу любоў да яго ўдзельнікаў і агромністы інтарэс да іх творчасці, – падкрэсліла Жанна Іванаўна і пажадала ўсім добрага настрою і аптымізму.

 

 

Святочнае мерапрыемства распачалі з размовы аб нашай Радзіме. Усе разам -- дзеці і дарослыя – складалі пісьмо аб роднай Беларусі, яе сімвалах і славутасцях, любімым горадзе Шчучыне, што займае пачэснае месца на карце рэспублікі. Канверт прымацавалі да паветранага шара і выпусцілі праз акно ў аблокі, каб даляцела пасланне да равеснікаў з замежных краін. Няхай прачытаюць іншыя дзеці і ведаюць, у якой цудоўнай дзяржаве мы жывём.

 

 

Увогуле ў фестывальнай праграме было багата гульняў і загадак, вершаў і песняў. Удзельнікі натхнёна выконвалі танец “Бульба”, паказвалі міні-спектакль паводле народнай беларускай казкі “Каласок”, апладзіравалі юным талентам Шчучынскага палаца творчасці дзяцей і моладзі, што ўнеслі свае самабытныя ноткі ў фестывальную праграму. Цэлы “Музычны аркестр” прывезлі на гэта свята маленькія “зорачкі” з дзіцячага садка №7, парадавалі сваёй творчасцю вучні гарадскіх школ і навучэнцы інтэграваных класаў Галавічпольскай, Астрынскай,  Ражанкаўскай, Скрыбаўскай СШ, выхаванцы Шчучынскага цэнтра карэкцыйна-развіваючага навучання і рэабілітацыі. Было ўвачавідкі бачна, якога поспеху дасягаюць рабяты, калі з імі займаюцца бацькі, укладваюць душу педагогі. 

 

 

Вынікі падвяла дырэктар ЦКРНіР Таццяна Ярошык, якая выказала словы падзякі ўсім, хто дапамагаў у арганізацыі фестывалю “Радасныя ноткі”. Таццяна Іосіфаўна адзначыла старанне вучаніц педагагічнага класа СШ № 3 горада Шчучына, якія сталі частымі і жаданымі гасцямі ў іх цэнтры.

 

 

Дзякуючы сродкам, выдзеленым райвыканкамам, удзельнікі фестывалю атрымалі салодкія пачастункі. Таксама ім былі ўручаны граматы. Свае падарункі прывезла для дзяцей з абмежаванымі магчымасцямі, але, як бачым, бязмежным жаданнем тварыць, каманда моладзі з шэрагаў БРСМ.

 

 

Усмешкі, радасныя эмоцыі і яркія ўражанні, імкненне быць адзінымі, дапамагаць і разумець адзін аднога – вось чаму вучыць гэты фестываль.

 

Таццяна СТУПАКЕВІЧ.

Фота аўтара.

 
Подписывайтесь на нас в Telegram и Viber!