Скарбы народных умельцаў. У РЦКіНТ адкрылася выстаўка «Родныя традыцыі»

У РЦКіНТ адкрылася выстаўка «Родныя традыцыі». Экспазіцыя, падрыхтаваная аддзелам рамеснай дзейнасці і народнага мастацтва, расчынілі свае дзверы для наведвальнікаў, прадставіўшы ім сапраўдны каларыт нацыянальнай спадчыны і падарожжа ў глыбіню нашай гісторыі. Госці змаглі ўбачыць, як традыцыйнае мастацтва жыве і развіваецца сёння: вышыванка, ткацтва, саломапляценне, карункі – кожны экспанат быў непаўторным і расказваў сваю гісторыю.
Перад пачаткам майстар-класаў загадчык аддзела рамеснай дзейнасці і народнага мастацтва Ірына Менская-Асмолоўская цёпла павітала ўсіх прысутных. Яна падкрэсліла, як важна ў сучасным свеце не страціць сувязь з каранямі, памятаць пра традыцыі мінулых пакаленняў.
– Нашы бабулі і дзяды ўкладвалі ў кожны выраб часцінку душы, перадавалі свае веды з вуснаў у вусны. Сёння мы не проста вучымся рамяству – мы далучаемся да велізарнай культурнай спадчыны.

Галоўным акцэнтам свята сталі практычныя заняткі. Адно з іх было прысвечана старажытнай і вядомай тэхніцы – саломапляценню. Майстар-клас Вольгі Роліч, майстра народных мастацкіх рамёстваў, навучыў усіх жадаючых плесці з саломкі абрадавыя лялькі, якія здаўна лічылася моцным абярэгам. Іх рабілі без іголкі і нажніц, укладваючы толькі добрыя думкі. Вось і госці свята змаглі звіць з залацістых саломінак маленькія лялечкі, якія сталі выдатным сувенірам.

Другі майстар-клас быў прысвечаны больш вытанчанаму, але не менш цікаваму рамяству – карункапляценню. Госці мерапрыемства атрымалі магчымасць дакрануцца да гісторыі стварэння карункаў разам з майстрам Маргарытай Гарадзіенка, якая ў дакладнасці валодае гэтай тэхнікай. Жанчына паказала, як звычайная нітка можа ператварыцца ў цёплы аксесуар.


Асобую радасць у дзяцей выклікалі старадаўнія гульні. Хлопчыкі і дзяўчынкі з захапленнем асвойвалі «закручванні ў паясы» і спрабавалі прайсці пад паясамі, якія паступова апускаліся ўсё ніжэй.

Выстава «Родныя традыцыі» прадоўжыць сваю працу да 8 мая, пакідаючы дзверы адкрытымі для ўсіх, хто імкнецца да прыгажосці, культуры і сапраўднага народнага духу.

Таццяна ГЕРАСІМЧЫК.
Фота аўтара.
