Сёння - Дзень друку. Старонкамі гісторыі роднай газеты і свайго прафесійнага станаўлення дзеліцца Таццяна Ступакевіч

 

Па роду сваёй дзейнасці журналісты рэдка пішуць пра сябе і сваё выданне. Але напярэдадні Дня друку, які мы штогод адзначаем 5 мая, міжволі ўсплываюць у памяці старонкі гісторыі роднай газеты (для мяне гэта, вядома ж, “Дзянніца”), успамінаюцца калегі, з якімі даводзілася працаваць і крочыць па жыцці, многія з якіх сталі для мяне настаўнікамі і праваднікамі ў цікавейшую з прафесій, узгадваюцца героі публікацый і, безумоўна, сустрэчы з чытачамі. Бо газета не можа жыць без цябе, чытач!

 

Напрыканцы 70-х мінулага стагоддзя я ўпершыню пераступіла парог шчучынскай рэдакцыі. Тагачасная загадчыца аддзела пісьмаў Алена Сцяпанаўна Лагуновіч запрашала на заняткі “Школы грамадскіх карэспандэнтаў”, а рэдактар Абрам Данілавіч Змудзяк з нагоды Дня друку ўручыў за актыўнае “юнкорства” кнігу з памятным подпісам і … круглай пячаткай рэдакцыі! Гэта падзея, мабыць, і дала мне, тады школьніцы, старт у журналістыку, якой я прысвяціла амаль паўстагоддзя свайго жыцця.

 

“Школа грамадскіх карэспандэнтаў” аб’ядноўвала людзей розных прафесій і ўзростаў, што жадалі супрацоўнічаць з рэдакцыяй. Вопытныя журналісты “Савецкай вёскі” (такую назву на той час мела наша газета) праводзілі майстар-класы, знаёмілі з газетнымі жанрамі, давалі творчыя заданні. Не абышлося і без экскурсіі ў друкарню, якая знаходзілася на першым паверсе рэдакцыйнага будынка.

 

Трапіўшы ў шумныя цэхі, здавалася, што ў такіх жа ўмовах друкавалі яшчэ Ленінскую “Іскру”. У лінатыпным на груваздкім абсталяванні ажыццяўляўся набор падрыхтаваных карэспандэнтамі тэкстаў. Газетныя радкі адлівалі ў гарачым метале. Вёрстка палос ішла ўручную. Пасля вычыткі і праўкі металічных літар газету нарэшце падпісвалі ў друк і ўсю ноч друкавалі на двух станках. Дзяжурныя па выпуску і галоўны рэдактар іншы раз праводзілі ў рэдакцыі не толькі напружаны рабочы дзень, але і ноч да раніцы.

 

… Ішлі гады, мяняўся час, а разам з ім і газета. Нам давялося стаць сведкамі сапраўднага тэхналагічнага перавароту. Хто сёння ў рэдакцыі піша аўтаручкай ці друкуе свае “опусы” на машынцы, як гэта рабілі калісьці мы? Камп’ютары апошняга пакалення, “крутая” фотатэхніка, надзейны транспарт у арсенале сённяшніх журналістаў “Дзянніцы”. Маладое пакаленне на “ты” са штучным інтэлектам, блогерствам, развіццём электроннай версіі газеты. Дарэчы, сайту зараз удзяляецца не меншая ўвага, чым традыцыйнай газеце, якая даўно друкуецца прагрэсіўным афсетным спосабам і выходзіць у колеры.

 

Цікава, што будзе праз 10-20 год? Спадзяюся, што наша “Дзянніца” заўжды застанецца запатрабаванай і любімай чытачамі, а лепшыя традыцыі, закладзеныя старэйшымі пакаленнямі, нягледзячы на развіццё новых тэхналогій, будуць жыць. А таму па старынцы жадаю маладым калегам вострага пяра, вялікіх газетных тыражоў і верных сяброў-чытачоў.

 

Таццяна СТУПАКЕВІЧ, выдатнік друку, член Беларускага саюза журналістаў.

 
Подписывайтесь на нас в Telegram и Viber!