У аграгарадку Дэмбрава адсвяткавалі 30-годдзе ўзорнага фальклорнага калектыву “Скарбоначка”

Тры дзесяцігоддзі самабытнасці, любові да роднай зямлі і адданасці традыцыям – менавіта гэта вызначае творчы шлях узорнага фальклорнага калектыву “Скарбоначка”. Юбілейны вечар стаў сапраўдным святам народнай творчасці і падзякі тым, хто захоўвае нематэрыяльную спадчыну Беларусі. Загадчык Дэмбраўскага Дома фальклору Алена Аліхвер і мастацкі кіраўнік Эльвіра Сухоцкая штодзённай працай даказваюць: “Скарбоначка” была, ёсць і будзе.
Свята пачалося ціха, па-дамашняму ўтульна. На сцэне жанчына прала кудзелю, а дзеці чыталі вершы пра родную зямлю. Самым кранальным момантам стала тое, калі ўсе выцягнулі ніткі з калаўротка – тады нарадзіўся галоўны сімвал юбілею – жывая нітка традыцый. Яна звівалася ў танцы, праходзіла праз сэрцы гледачоў і нагадвала: пакуль мы памятаем, мы жывём. А памятаць было што – за плячыма калектыву дзясяткі конкурсаў, званне “ўзорны” і статус гісторыка-культурнай каштоўнасці.

На свяце прысутнічалі пачэсныя госці – загадчык сектара культуры райвыканкама Анжэла Турэвіч, старшыня Дэмбраўскага сельскага выканаўчага камітэта Міхаіл Жогла і намеснік дырэктара ААТ “Дэмбрава” Юрый Сакута.

Анжэла Турэвіч урачыста адкрыла мерапрыемства і падзякавала за захаванне нематэрыяльнай спадчыны.
-- Паважаныя сябры! Трыццаць гадоў – лічба, якая выклікае павагу. За гэты час калектыў заслужана атрымаў званне “ўзорны” і статус гісторыка- культурнай каштоўнасці Рэспублікі Беларусь. Дарагія “Скарбоначка”, Алена Іванаўна і Эльвіра Мечыславаўна, дзякуй вам за вашу працу. Вы заўсёды трымаеце высокую планку майстэрства. Жадаю вам поспехаў і нізкі паклон за ваш неўтаймаваную працу і адданасць любімай справе.


Анжэла Станіславаўна ўручыла калектыву падзячны ліст ад Гродзенскага абласнога метадычнага цэнтра, падзяку ад Шчучынскага райвыканкама і районнага Савета дэпутатаў, а таксама кожнаму выхаванцу “Скарбоначкі” – падзяку і салодкі падарунак.

Затым Міхаіл Жогла павіншаваў калектыў і ўручыў каштоўны падарунак ад сельвыканкама. Юрый Сакута перадаў сертыфікат і салодкія падарункі дзецям. Да віншаванняў далучыліся і іншыя госці – кіраўнікі ўстаноў аграгарадка, а таксама калегі з Першамайскага Дома культуры.

Са сцэны гучалі словы падзякі людзям, якія збераглі і перадалі з пакалення ў пакаленне свае веды пра мясцовы фальклор. Асаблівая ўдзячнасць была адрэсавана ААТ “Дэмбрава” і яго дырэктару Аляксандру Тулю. Дзякуючы гэтаму саюзу, будынак Дома фальклору быў адрамантаваны, а калектыў атрымаў тэхнічныя магчымасці для росту.


У гэты вечар да “Скарбоначкі” завіталі сябры. З сардэчным падарункам прыехаў дзіцячы фальклорны калектыў “Крынічка” з аграгарадка Азеркі Мастоўскага раёна. Яны прадэманстравалі “Котчынскую кадрылю”, якая таксама ўнесена ў Дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцей.

Але галоўнай зоркай вечара заставалася родная “Дэмбраўская кадрыля”. Той самы танец, які ў 2008 годзе прынёс калектыву званне “ўзорны”, а ў 2019 годзе – дакументальны статус гісторыка – культурнай каштоўнасці Рэспублікі Беларусь. Глядзець на дзяцей, якія танцавалі кадрылю, было асалодай. Яны танцавалі так шчыра, што гасцей ахоплівала радасць і гонар.

І вось тады на сцэну пачалі падымацца тыя, хто стаяў ля вытокаў, і тыя, хто калісьці танцаваў гэты танец. Выпускнікі “Скарбоначкі” – былыя танцоры і музыкі – пажадалі Алене Іванаўне і Эльвіры Мечыславаўне, якія сення вядуць калектыў да новых перамог, поспехаў і натхнення. А потым здарылася неверагоднае: розныя пакаленні выйшлі на адну пляцоўку і станцавалі “Дэмбраўскую кадрылю” разам. Узрост, статус, колькасць гадоў, праведзеных на сцэне, – усё страціла значэнне. Гэта было моцна. Было толькі адчуванне радасці і адзінства.

Юбілей стаў яшчэ адным напамінаннем, што “Скарбоначка” – гэта сям’я. Таму на сцэну выйшлі бацькі – тыя, хто кожны дзень вядзе дзяцей на рэпетыцыі, хвалюецца на конкурсах і дапамагае за кулісамі. Разам з юнымі артыстамі яны выканалі танец “Нарэчанька” з такой самааддачай, быццам увесь час былі на сцэне. Гучныя апладысменты пацвердзілі: бацькі – галоўныя захавальнікі традыцый у сваіх сем’ях.

Алена Іванаўна разам з калектывам “Скарбоначка” падзякавала ўсім, хто прыйшой у гэты дзень на юбілей.

Кульмінацыяй свята стала з’яўленне святочнага торта з запаленымі свечкамі. Усе госці і ўдзельнікі разам задулі свечкі, загадваючы самыя запаветныя жаданні для любімага калектыву. Апошнія акорды вечара гучалі ў выкананні Анастасіі Тарас і Яўгенія Маісея.


30 гадоў – гэта час, калі дзеці тых, хто пачынаў, самі прыводзяць на рэпетыцыі сваіх дзяцей. Гэта час, калі “Дэмбраўская кадрыля” пераступае межы вёскі і становіцца нацыянальным здабыткам. Гэта час, калі фальклор перастае быць “старажытнасцю” і становіцца сучаснасцю. Узорны фальклорны калектыў “Скарбоначка” гэта даказаў на практыцы: жывая нітка традыцый не парвалася, а стала толькі мацнейшай. А на днях свой юбілей адзначыць і сама Алена Іванаўна – таленавіты кіраўнік, без якой “Скарбоначка” не была б такой, якой мы яе ведаем і любім.



НАДЗЕЯ БОГДАН.
Фота аўтара.
