У палацы творчасці дзяцей і моладзі прайшла традыцыйная сустрэча кіраўніцтва раёна з маладымі спецыялістамі Шчучыншчыны

 

Традыцыйная сустрэча маладых спецыялістаў са старшынёй Шчучынскага райвыканкама Аляксеем Садоўскім адбылася на гэтым тыдні ў палацы творчасці дзяцей і моладзі.

 

Таксама ў мерапрыемстве ўзялі ўдзел іншыя прадстаўнікі раённай улады – намеснік старшыні райвыканкама, старшыня Шчучынскага раённага аддзялення Гродзенскай вобласці Беларускай партыі "Белая Русь" Таццяна Цюсіна, начальнік аддзела ідэалагічнай работы і па справах моладзі райвыканкама Вераніка Дысько і начальнік аддзела адукацыі Павел Тарчынскі. Мадэратарам сустрэчы стала першы сакратар Шчучынскай раённай арганізацыі БРСМ Віталія Леляўка.

 

 

– Хацелася б з вамі шчыра пагутарыць, – звярнуўся да прысутных Аляксей Садоўскі. – Мэта сённяшняга мерапрыемства – зразумець, пра што думае і да чаго імкнецца шчучынская моладзь. Якія планы будуеце на жыццё, што хацелі б змяніць. Бо вы – наша будучыня, менавіта ад вас залежыць, якое жыццё чакае наш раён і ўсю краіну.

 

Перад пачаткам размовы Віталія Леляўка падзялілася з аўдыторыяй вынікамі сацыялагічнага апытання, якое праводзілася загадзя сярод маладых спецыялістаў. Яно паказала, што 73% апытаных нарадзіліся на Шчучыншчыне. 70,3% маладых спецыялістаў нашага раёна лічаць свой заробак дастатковым. Таксама ў апытанні закраналіся нюансы прадастаўлення жылля, планаў кар’ернага росту і атмасферы ў працоўным калектыве. Усе гэтыя тэмы сталі асновай для дыялогу паміж моладдзю і раённай уладай.

 

 

Кожны, хто хацеў задаць пытанне, мог скарыстацца адкрытым мікрафонам, каб напрамую выступіць з прапановай, альбо падзяліцца сваёй ініцыятывай. Такой магчымасцю скарысталіся многія. Шчучынскую моладзь цікавілі пытанні кар’ернага і прафесійнага развіцця, будаўніцтва арэнднага жылля для маладых спецыялістаў і арганізацыя культурных мерапрыемстваў. Хтосьці шчыра падзяліўся праблемамі і нюансамі, якія не дазваляюць камфортна працаваць.

 

 

Асобна закранулі сістэму настаўніцтва ў арганізацыях і прадпрыемствах, сваё бачанне гэтай тэмы агучыў Аляксей Садоўскі:  

 

– Скажу шчыра, па жыцці мне шанцавала з настаўнікамі. Ад першага працоўнага месца і далей па жыцці мне сустракаліся людзі, якія дапамагалі.  Таму не саромейцеся пытацца аб нюансах працы ў старэйшых калег, вучыцеся ў іх. Але таксама трэба ўлічваць асабістае імкненне і жаданне развівацца. Бясконца ніхто дапамагаць не будзе, дзесьці трэба і самому пасядзець, падумаць і пастарацца разабрацца ў праблеме.

 

Былі пытанні і да моладзі. Так, Аляксей Садоўскі пацікавіўся, як моладзь праводзіць вольны час, што можна зрабіць, каб палепшыць прывабнасць Шчучынскага раёна для маладых спецыялістаў. Даволі актыўна на сустрэчы абмяркоўвалася тэма будучай электаральнай кампаніі. Яшчэ падрабязней спыніліся на стане і тэндэнцыях развіцця сферы адукацыі і сельскай гаспадаркі.

 

 

Напрыканцы сустрэчы моладзь прэзентавала Аляксею Садоўскаму падарунак – байку з красамоўным надпісам “Шчаслівым быць у Шчучыне жыць”, а малады спецыяліст Наталія Сямашка парадавала прысутных вакальным выступам.

 

 

Алег ШЫШЛОЎСКІ.

Фота аўтара.

 
Подписывайтесь на нас в Telegram и Viber!