У райвыканкаме падвялі вынікі сацыяльна-эканамічнага развіцця Шчучыншчыны за першае паўгоддзе 2026 года

 

Вынікі сацыяльна-эканамічнага развіцця Шчучынскага раёна і выкананне бюджэту за першае паўгоддзе бягучага года сталі асноўнай тэмай для разгляду на пасяджэнні райвыканкама. Удзел у абмеркаванні пытання прыняў першы намеснік міністра эканомікі Беларусі Іван Вежнавец і старшыня камітэта эканомікі аблвыканкама Сяргей Мяснікоў.

 

Перад пачаткам пасяджэння яго ўдзельнікі азнаёміліся з выставай дасягненняў устаноў адукацыі, разгорнутай у фае Палаца творчасці дзяцей і моладзі, дзе кожны стэнд расказваў аб інавацыях і лепшых практыках раёна.

 

 

Намеснік старшыні райвыканкама Міхаіл Сушчэўскі адзначыў, што ў першым паўгоддзі бягучага года тэмп росту намінальнай сярэднямесячнай заработнай платы склаў 114,3% пры заданні 110,4%. Забяспечана выкананне заданняў, даведзеных па паказчыках, якія аказваюць найбольшы ўплыў на фарміраванне валавога рэгіянальнага прадукту:  вытворчасць прамысловай прадукцыі склала 107,1% пры заданні 103,9%, грузаабарот -- 111,2% пры заданні 102%. Інвестыцыі ў асноўны капітал склалі 99,1 млн рублёў, або 95,5% пры даведзеным заданні 101,3%. Абарот знешняга гандлю таварамі за студзень-чэрвень склаў 60,6 млн долараў ЗША, што на 25,1% вышэй узроўня мінулага года. На экспарт рэалізавана прадукцыі на суму 34,6 млн долараў ЗША, тэмп росту – 124,5%. Прадукцыя экспартавалася на рынкі 19 краін свету. Забяспечана ўстойлівае станоўчае сальда знешняга гандлю ў суме 8,6 млн. долараў ЗША.

 

Як падкрэсліў першы намеснік начальніка упраўлення сельскай гаспадаркі і харчавання райвыканкама Уладзімір Кухарчык, у першым паўгоддзі вытворчасць валавой прадукцыі сельскай гаспадаркі склала 209,4 млн рублёў, або 100,2% пры заданні 103%. Заданне па тэмпу росту валавой прадукцыі сельскай гаспадаркі выканалі 3 сельскагаспадарчыя арганізацыі: ААТ "Дэмбрава", філіял "Жалудоцкі агракомплекс", ААТ "Васілішкі".

 

За шэсць месяцаў выраблена 81,4 тыс. тон малака, што складае 98,6% аб'ёмаў адпаведнага перыяду 2025 года.  Сярэдні надой ад каровы зменшыўся на 58 кг і склаў 4259 кг малака. У двух сельскагаспадарчых прадпрыемствах раёна прадуктыўнасць малочных кароў перавысіла 5000 кг малака. Прадукцыя вырошчвання буйной рагатай жывёлы склала 6,9 тыс. тон або 99,7%. Прадукцыя вырошчвання свіней – 11,1 тыс. тонн, што на 1,2% меньш узроўня мінулага года. Вытворчасць яек на Шчучынскай птушкафабрыцы склала 20,2 млн штук, або 98% да аналагічнага перыяду мінулага года.

 

У цэнтры ўвагі былі пытанні нарыхтоўкі кармоў, перазалужэння зямель, правядзення сяўбы азімых зерневых культур.

 

Намеснік старшыні райвыканкама Яўгеній Вінча адзначыў, што ў першым паўгоддзі ў раёне выканана будаўніча-мантажных работ на суму 32,2 млн рублёў, або 93,7% пры заданні 101%. Аб'ём падрадных работ, выкананых будаўнічымі арганізацыямі раёна, склаў 41,3 млн рублёў, або 104% да аналагічнага перыяду мінулага года. Уведзена ў эксплуатацыю 2755 квадратных метраў жылля, або 27,8% гадавога задання.

 

 

Аб выніках выканання бюджэту Шчучынскага раёна і існуючых праблемных момантах расказала намеснік начальніка фінансавага аддзела райвыканкама Таццяна Роуба.

 

Падчас пасяджэння былі дэталёва прааналізаваны прычыны невыканання прагнозных паказчыкаў і заданняў, работа прадпрыемстваў і арганізацый, якія дапусцілі зніжэнне. Намечаны мерапрыемствы па забеспячэнню станоўчай дынамікі росту эканомікі раёна, выкананню ключавых паказчыкаў эфектыўнасці работы.

 

-- Агульная сітуацыя ў эканоміцы раёна стабільная. Асноўная задача на астатнія месяцы бягучага года -- забяспечыць збалансаванае ўстойлівае развіццё рэгіёна, выкананне ўсіх прагнозных паказчыкаў і ўзятых на сябе сацыяльных абавязацельстваў. Значны рэзерв раёна -- у развіцці турызму. Шчучын -- адзін са старажытных населеных пунктаў Беларусі, і неабходна больш актыўна задзейнічаць існуючы гісторыка-культурны і прыродны патэнцыял рэгіёна, -- падвёў вынік старшыня райвыканкама Ігар Аверка.

 

Сяргей КАСПЯРЧУК.

Фота аўтара.

 
Подписывайтесь на нас в Telegram и Viber!