У саўгасе “Вялікае Мажэйкава” прыступілі да ўборкі рамонкаў

 

У гэтыя цёплыя чэрвеньскія дзянькі над палеткамі саўгаса “Вялікае Мажэйкава” лунае насычаны водар мёду: значыць прыйшла пара збіраць квітнеючыя рамонкі. На гэтым незвычайным жніве ў гаспадарцы задзейнічаны тры трактары з прычапнымі рамонказборнікамі, а на адвозцы духмянага бела-зялёнага грузу – два грузавікі.

 

– Наша сельгаспрадпрыемства добра ведаюць ва ўсёй Беларусі: мы адзіныя ў рэспубліцы займаемся вырошчваннем лекавых траў у прамысловых маштабах, – зазначае намеснік дырэктара па вытворчасці саўгаса “Вялікае Мажэйкава” Генадзій Каляда. – Сёлета пад гэтыя расліны адвялі 350 гектараў, 250 з якіх – гэта рамонак, які мы зараз актыўна ўбіраем і сушым. Ужо восенню першыя партыі гэтай цуда-кветкі адправяцца ў аптэчную сетку краіны.

 

Поле ля вёскі Ішчална, куда мы заглянулі, было цалкам усыпана белымі кветкамі. Па ім адзін за адным рухаліся трактары з прычапнымі рамонказборнікамі, пакідаючы пасля сябе зялёнае іржышча.

 

 

– Мы збіраем выключна кветкі, бо толькі ў іх жоўтым асяродку ўтрымліваюцца тыя карысныя рэчывы, якія прыгодны для стварэння лекаў, – тлумачыць трактарыст Аляксандр Зянкевіч. – Таму на кожным полі даводзіцца па-новай настройваць вышыню зрэзу. Выходзім “прычэсваць” рамонкавыя палеткі як толькі спадае раса. Рухаюся на трактары МТЗ-80 з хуткасцю 5-7 кіламетраў у гадзіну, што дазваляе мінімалізаваць страты духмянага ўраджаю. Перыядычна спыняюся і падымаю ўверх бункер рамонказборніка, каб узрушыць і крыху спрасаваць свежаскошаную бела-зялёную масу. Потым загружаю яе ў кузаў грузавіка, які па меры неабходнасці адвозіць лексыравіну да сушылак. Апошнія, дарэчы, працуюць кругласутачна.

 

Сёлета мажэйкаўскія аграрыі разлічваюць атрымаць багаты ўраджай рамонкаў – каля 100 тон духмянага грузу. Для гэтага вельмі важна сабраць кветкі, пакуль тыя не асыпаліся ў полі. Таму жніво тут доўжыцца амаль увесь светлавы дзень. Асаблівую ўвагу ў гаспадарцы надаюць правільнай сушцы лексыравіны.

 

 

– У нас ёсць чатыры сушылкі, якія працуюць у тры змены, – дзеліцца рабочая Ларыса Каваленка. – Дастаўленую з поля свежаскошаную бела-зялёную масу мы раскладваем роўным дываном над навесам, каб яна “не гарэла” на сонцы. Фактычна ў нас у распараджэнні ёсць 4 гадзіны пасля таго, як рамонкі былі сарваны. Калі кветкі паляжаць болей, то стануць некандыцыяй. Паступова мы загружаем іх у сушылкі: за суткі насушваем да трох тон лекавай сыравіны і адпраўляем яе на склад. Калі скончым збор рамонкаў, то абавязкова ператрасём увесь духмяны ўраджай, пакуль не застануцца адны буйныя кветачкі. У далейшым яны, як самая якасная сыравіна, будуць расфасаваны ў пакеты і пойдуць на лекі для аптэк. Дробязь і сцяблінкі выкарыстоўваем для вырабу гарбаты.

 

Цалкам убраць рамонак у саўгасе “Вялікае Мажэйкава” плануюць да канца чэрвеня. Затым мясцовыя аграрыі возьмуцца за ўборку сардэчніку і наготкаў, а пасля наступіць пара валяр’яны – самай хадавой лекавай сыравіны.

 

Аляксандр КАСПЯРЧУК.
Фота аўтара.

 
Подписывайтесь на нас в Telegram и Viber!