Яркімі касцюмамі, мілагучнымі спевамі і запальнымі танцамі напоўніўся аграгарадок Дэмбрава падчас традыцыйнага фальклорнага свята “Паміж намі, суседзямі”

 

Яркімі касцюмамі, мілагучнымі спевамі і запальнымі танцамі напоўніўся аграгарадок Дэмбрава ў дзень традыцыйнага фальклорнага свята “Паміж намі, суседзямі”, якое сёлета было прысвечана 80-годдзю Вялікай Перамогі. Гэта брэндавае мерапрыемства, якое ўжо стала візітнай карткай раёна, аб’яднала на сваей сцэне фальклорныя калектывы з розных куткоў Шчучыншчыны.

 

На свяце прысутнічалі ганаровыя госці -- загадчык сектара культуры райвыканкама Анжэла Турэвіч і дырэктар ААТ “Дэмбрава” Аляксандр Туля.

 

-- Шаноўныя ўдзельнікі і госці! – звярнулася да прысутных Анжэла Турэвіч. -- Сення мы адчыняем дзверы ў чарговы свет беларускай народнай творчасці. Гэта свята – наш агульны дар продкам, якія захавалі для нас гэтыя традыцыі, і героям, якія адстаялі наша права на гэтую культуру. Няхай кожны момант сённяшняга дня будзе напоўнены гармоніяй, радасцю і адзінствам!

 

 

Удзельнікамі свята сталі творчыя калектывы з сямі сельсаветаў раёна: Орлеўскага, Жалудоцкага, Лядскага, Астрынскага, Васілішкаўскага, Каменскага і Дэмбраўскага.

 

 

Яркім стартам фальклорнага свята стаў конкурс знаёмства “Візітная картка”, дзе кожны калектыў падышоў да выступлення з фантазіяй, прадставіўшы нумары, у якіх расказаў пра адметныя рысы роднага кутка. На сцэне можна было ўбачыць танцы, тэатральныя мініяцюры, пачуць вяселыя прыпеўкі, вершы і песні. Пасля яркіх выступленняў удзельнікі і госці адправіліся на “вясковыя падворкі”, дзе за званне “Лепшы гаспадар і гаспадыня” разгарнулася сапраўдная барацьба. Каманды прадэмайстравалі тэатралізаваныя прадстаўленні, а журы не толькі ацэньвала крэатыўнасць і гасціннасць, але і дэгуставала тры стравы беларускай кухні, каб вызнычыць, хто ж варты перамогі.

 

 

Сапраўдным адкрыццем для гасцей свята стаў майстар-клас па прыгатаванні заварных дранікаў – стравы, якая мае статус гісторыка-культурнай каштоўнасці Беларусі.

 

 

Пасля завяршэння папярэдніх спаборніцтваў гледачоў чакаў новы сюрпрыз – конкурс побытавых танцаў, дзе каманды прадставілі сваю лепшую пару танцораў, каб паказаць сваё майстэрства ў выкананні знакамітых танцаў - “Кракавяка”, “Падыспані” і вальса. Запальныя танцы не пакінулі абыякавымі нікога з прысутных. Публіка шчодра ўзнагароджвала артыстаў апладысментамі. Кульмінацыяй свята стаў масавы танцавальны майстар-клас па выкананні знакамітай Дэмбраўскай кадрылі. Нават тыя, хто ніколі раней не танцаваў, з легкасцю далучыліся да танцавальнага карагода.

 

 

Пасля яркіх выступленняў удзельнікаў, журы адправілася падводзіць вынікі. А тым часам святочны настрой на мерапрыемстве стваралі Сяргей Ішчук, фіналіст праекта “Звездный путь”, саліст групы “Харизма” і Данііл Мышкавец, фіналіст праекта “Песня года Беларусі”, лаўрэат фестываля “Славянскі базар” у Віцебску.

 

 

Журы адзначыла ўклад кожнага калектыву, уручыўшы дыпломы і прызы ў розных намінацыях. Лаўрэатамі трэцяй ступені сталі прадстаўнікі Васілішкаўскага сельсавета, другое месца заняла каманда Жалудоцкага сельсавета, а ганаровае першае месца – у гаспадароў фестывалю - прадстаўнікоў Дэмбраўшчыны.

 

Завяршылася свята прыемным сюрпрызам: дырэктар ААТ “Дэмбрава” Аляксандр Туля падарыў кожнаму калектыву-удзельніку сучасную музычную калонку, якая, несумненна, стане добрым памочнікам у дальнейшай творчай дзейнасці калектываў.

 

 

Надзея БОГДАН.

Фота аўтара.

 
Подписывайтесь на нас в Telegram и Viber!