З песняй па жыцці крочыць стараста вёскі Куляшы Лілія Чарняк, якая 45 год адпрацавала ў сістэме гандлю Шчучынскага раёна

 

Некалі даволі вялікая вёсачка Куляшы раскінулася амаль на самым ускрайку нашага раёна. Цяпер там засталося зусім нямнога жыхароў, а большасць дамоў стаяць пустымі. Некаторыя з іх даглядаюць дзеці былых уладальнікаў, а многія так і прыходзяць у заняпад.

 

– Яшчэ пару дзесяцігоддзяў назад насельніцтва ў гэтай вёсцы было ў некалькі разоў больш, чым цяпер, – расказвае стараста Куляшоў Лілія Чарняк. – Жыццё кіпела. А зараз моладзь паразяджалася, а старажылаў становіцца ўсё менш.

 

Сама Лілія Іванаўна родам з суседніх Танявічаў. У Куляшы трапіла, калі прыехала на сваё першае месца працы. Сустрэла сваю палавінку – мясцовага хлопца Міхаіла, так тут і засталася.

 

– Мая мама працавала даяркай на ферме ў саўгасе “Навадворскі”, і тата таксама ў гэтай гаспадарцы, – расказвае Лілія Іванаўна. – Мама ўсё жыццё была актывісткай, яе нават дэпутатам выбіралі. Яна вельмі любіла спяваць. На той час у Танявічах па ініцыятыве Тарэсы Адамовіч, яна цяпер працуе ў Жытомлі, быў створаны калектыў польскай песні “Матчына песенка”. Там спявалі мая мама, дзве яе сястры, іншыя пявунні з нашай і навакольных вёсак. Паступова калектыў стаў пашырацца: жанчыны запрашалі спяваць сваіх дзяцей, знаёмых. І мне мама прапанавала паспрабаваць. Мы многа выступалі, ездзілі нават у Польшчу на фестывалі. Потым калектыў, у які ўваходзілі і дарослыя, і дзеці, стаў называецца “Матуліна песня”, і рэпертуар яго складаўся з нашых беларускіх песень.

 

Пасля заканчэння Навадворскай сярэдняй школы Лілія паступіла ў гандлёвае кааператыўнае прафесіянальна-тэхнічнае вучылішча ў Гродне. Атрымаўшы дыплом, прыехала па размеркаванні у Шчучынскі райспажыўсаюз. Дзяўчыну накіравалі на працу ў вёску Куляшы Астрынскага сельскага спажыўтаварыства, дзе быў арганізаваны магазін на даму. На той час прадавец, якая там працавала, пашкодзіла нагу, і ўчарашняя выпускніца прыехала ёй на падмену.

 

 

– Спачатку паўтара года я так і працавала на падмене водпускаў у Табалічах, дзе магазін мясціўся ў вагончыку, у магазінах ва Угольніках, Першамайску, Замасцянах, Танявічах, – гаворыць Лілія Іванаўна. – А калі дзяўчына-прадавец з Куляшоў пайшла замуж, я і атрымала сваё пастаяннае месца, дзе адпрацавала 45 гадоў! Нават сёння яшчэ помню, як першы раз ішла на работу. Шчыра прызнацца, у гэтай вёсцы ніколі раней не была. Таму вяла мяне прымаць магазін мама. Дарогі тады былі балота балотам. А я перад гэтым ездзіла з братам у Ленінград і купіла там сабе вельмі модныя на той час боты-панчохі. Я і прыбралася ў свае новыя боты – першы ж раз ішла на работу, а яшчэ і ў незнаёмую вёску. Мама ўсю дарогу перажывала, маўляў, куды ж ты ідзеш, дачушка, можа яшчэ і хлопца тут сабе знойдзеш. А я ёй і кажу: “Каб ён нават і залаты быў, то сюды не пайду!” Як прыгаварыла… Вось ужо 45 год жывём разам з мужам Міхаілам Анатольевічам. Я усё жыццё была прадаўцом, а ён вадзіцелем у мясцовай гаспадарцы.

 

Калі Лілія Іванаўна вырашыла пайсці на заслужаны адпачынак, зачыніў свае дзверы і мясцовы магазін. Таму ў Куляшы два разы на тыдзень, па аўторках і пятніцах, прыязджае аўталаўка.

 

– Цяпер усё проста – пайшоў і купіў, што захацеў, – разважае Лілія Іванаўна. – Калі не аказалася чагосьці у продажы, можна зрабіць заказ, і прадавец абавязкова яго выканае у наступны раз. А раней быў час, што і мука, і крупы, а таксама іншыя тавары былі па талонах. У магазіне мы атаварвалі па ведамасці камбікорм за малако. Па камбікорм ездзілі ў Ліду, у Скідзель, бывала, што па пяць машын адразу прывозілі.

 

Лілія Іванаўна з мужам заўсёды трымалі вялікую гаспадарку: і кароўкі былі, і свінні. А цяпер яны толькі садзяць агарод. Вельмі любіць жанчына збіраць ягады і грыбы, і муж у яе грыбнік з грыбнікоў. І для творчасці яна заўсёды знойдзе час. Дарэчы, выдатна вяжа і вышывае.

 

– Спяваць я вельмі люблю, – гаворыць мая суразмоўца. – Наша невялічкая група “Куляшоўскія сяброўкі” Першамайскага Дома культуры, у склад якой я цяпер уваходжу, часта выступае на розных культурных мерапрыемствах: на “Дажынках” у Шчучыне, у Васілішках, на святах вёсак, спявалі мы і на “грыбным” свяце ў Першамайску. Песні падбіраем у інтэрнэце, выконваем песні часоў нашых матуль. Гарманіст у нас самавучка, але грае выдатна.

 

Родная зямля дае сілы для працы, для творчасці і для жыцця. А таксама для таго, каб і аднавяскоўцам дапамагчы. Стараста ў вёсцы, як капітан на караблі, – за ўсё ў адказе. Вяскоўцы пра гэта ведаюць і ў выпадку неабходнасці звяртаюцца да свайго капітана. А яна ў дапамозе ніколі не адмовіць.

 

Ганна РУДСКАЯ.

Фота аўтара.

 
Подписывайтесь на нас в Telegram и Viber!