Зберагаючы зялёнае багацце нашай зямлі. Экалагічная акцыя “Дай лесу новае жыццё” стартавала на Шчучыншчыне

Маштабная грамадская акцыя па аднаўленні беларускіх лясоў “Дай лесу новае жыццё” стартавала. На тэрыторыі Шчучыншчыны экалагічная ініцыятыва аб’яднала работнікаў мясцовага лясгаса, школьнікаў і нават самых маладых жыхароў раёна – выхаванцаў дзіцячых садкоў. Сёлета акцыя праходзіць пад эгідай Года добраўпарадкавання і 80-годдзя Перамогі ў Вялікай Айчыннай вайне. Мерапрыемства, накіраванае на аднаўленне ляснога фонду і выхаванне экалагічнай свядомасці, стала сапраўдным прыкладам адзінства розных пакаленняў людзей з прыродай.
Старт акцыі на лясной пляцоўцы каля вёскі Доўгая далі выхаванцы аб’яднанняў школьнага і дашкольнага лясніцтва з гімназіі горада Шчучына і дзіцячага садка № 6. Хлопчыкі і дзяўчынкі з цікавасцю і імпэтам узяліся за справу аднаўлення лесу. Дапамагалі юным аматарам прыроды супрацоўнікі Шчучынскага лясгаса, а таксама галоўны ляснічы Гродзенскага дзяржаўнага вытворчага лесагаспадарчага аб’яднання Андрэй Шыкавец.

Шчырыя ўсмешкі дзяцей асвятлялі і без таго сонечны дзень. Спачатку работнікі лясніцтва правялі майстар-клас, падчас якога расказалі пра тэхналогію пасадкі лесу, пазнаёмілі дзяцей з інвентаром і правялі лекцыю аб важнасці лясоў для падтрымання экалогіі на належным узроўні. Потым дзеці разбіліся на групкі і пачалі садзіць новы лес.

Усяго на пляцоўцы плошчай 2,7 гектара ўдзельнікі акцыі запланавалі высадзіць больш за 12000 саджанцаў і сеянцаў хвоі і елкі. Летась на гэтым месцы лес быў вырублены, бо дасягнуў сваёй спеласці і мог стаць спрыяльным асяроддзем для раслінных хвароб і шкоднікаў. Сёлета праводзяцца аператыўныя мерапрыемствы па аднаўленні лесу на гэтым участку.

Падрабязней пра маштаб акцыі “Дай лесу новае жыццё” ў Гродзенскай вобласці нам расказаў Андрэй Шыкавец:
– Сіламі валанцёраў, якія ўжо падалі заяўку на ўдзел у ініцыятыве, у вобласці плануецца пасадзіць больш за два мільёны саджанцаў і сеянцаў на плошчы 400 гектараў. Гэта даволі значны аб’ём. Акцэнт будзем рабіць на тэрыторыі, якія пацярпелі ад ветравалаў і бураломаў. Мы з радасцю прымем усіх жадаючых узяць удзел у акцыі, для гэтага трэба звярнуцца ў любое структурнае падраздзяленне нашага аб’яднання. Там падрабязна раскажуць пра ўмовы акцыі, забяспечаць пасадачным матэрыялам і інвентаром.

Вельмі добра, што экалагічныя ініцыятывы з кожным годам аб’ядноўваюць усё больш удзельнікаў. Такія мерапрыемствы нагадваюць нам, што кожны можа зрабіць свой унёсак у ахову навакольнага асяроддзя. Няхай дрэвы, пасаджаныя рукамі юных і дарослых жыхароў нашага раёна, стануць сімвалам новага жыцця і надзеі на светлую будучыню роднай зямлі.

Алег ШЫШЛОЎСКІ.
Фота аўтара.
